Многія любяць сваю работу, жывуць ёй, з задавальненнем расказваюць пра калектыў і планы. Журналісты часта сустракаюць такіх шчасліўчыкаў. Аднак даўно не бачыла, каб пры гэтым так свяціліся вочы, як у Святланы Мікалаеўны Сазонавай. Швачка Ушацкага ўчастка “Магатэкс” проста акрыляецца, калі гаворыць пра калег, адносіны кіраўніцтва і тыя магчымасці, якія адкрыла перад ёй работа на новым прадпрыемстве. Яна ў штаце невялікага калектыву з адкрыцця, якое адбылося напярэдадні прафесійнага свята тры гады таму. І гэту дату лічыць днём нараджэння свайго новага жыцця.
– Сімвалічна, аднак мая шчаслівая паласа распачалася з гэтага вельмі светлага памяшкання і беласнежных касцюмаў нашага першага заказу. Душа прыняла абстаноўку і работу, якую раней лічыла не сваёй, – здзіўляе прызнаннем Святлана. – Я хоць і швачка па адукацыі, аднак меркавала, што больш не сяду за машынку, бо не спадабалася мне калісьці практыка на “Прамкамбінаце”. Мабыць ад таго, што выпускалі брызентавыя рукавіцы – цяжкі фізічна і нецікавы заказ. А мабыць таму, што чакала дзіця і стамлялася, штодня дабіраючыся з Судзілавіч. Тут жа ўсё інакш. Рукі самі прыгадалі, як шыць касцюмы, бо мая спецыялізацыя – якраз мужчынскае адзенне.
Зразумела, што пасля вялікага перапынку не абышлося без дапамогі калег. І тагачасны майстар Алена Васільеўна Шынкоўская падказвала, і Ганна Мікалаеўна Сурвіла, якую літаральна ўсе паважліва клічуць па імя па бацьку. З ёй і Галінай Мароз Святлана разам працавала ў “Форэстгандлі”, таму ў новым калектыве не існавала адчування няёмкасці. Канечне, не было спачатку і сённяшняй хуткасці… А вось ужо тры месяцы запар Святлана Мікалаеўна ўстанаўлівае свае ўласныя рэкорды – сто, а то і 106 адзінак за змену… Праўда, распачацца яна можа задоўга да афіцыйнага раскладу.
Калі дамаўляліся пра сустрэчу, спецыяльна падбірала нерабочы час і запыталася ў майстра Ірыны Пятроўны Гуль-Пархоменкі, ці зможа на гадзіну раней падысці гераіня аповеду. Адказ быў упэўнена станоўчым: “Святлана будзе ў любы патрэбны час. Яна і ў 6 гадзін прыходзіць, каб перавыканаць план. А аднойчы вартаўніка напалохала, “спазняючыся” на работу ў палове чацвёртай раніцы. Мы тады шылі больш складаныя курткі з накладнымі кішэнямі, замочкамі і мноствам іншых элементаў, і Святлана паднялася ў такую рань, бо сапраўды баялася спазніцца своечасова выканаць свой аб’ём работы, ад якога залежыць нагрузка іншых. І справа не ў тым, што яна марудна шые, зусім не, а ў павышанай патрабавальнасці да якасці, якая, зразумела, адымае дарагія секунды. Гэта чалавек, у якім я ўпэўнена на ўсе сто. Прывяду і такі прыклад, аднойчы ёй не спадабалася строчка, да якой я б не прыдзіралася. А яна затраціла час і перарабіла – па ўнутраным закліку свайго “знака якасці”.
Убачыць яго, дарэчы, можа кожны, бо менавіта Святлана Сазонава выконвае апошнюю аперацыю на камізэльках – адстрочку – і распачынае першую на штанах. Майстар участка не баіцца даверыць ёй выкананне самых складаных задач і падбірае дадатковыя, калі справілася з патрэбным фронтам работ і можа больш зарабіць. Такая магчымасць ёсць літаральна ва ўсіх працаўніц цэху, і яе выкарыстоўваюць. У дзень нашай размовы за машынкамі на гадзіну раней я сустрэла не толькі С.Сазонаву, а і палову калектыву.
“Калі гавораць, што ва Ушачах няма дзе зарабіць, гэта няпраўда. Тры гады таму ў мяне быў пусты пакой у інтэрнаце, зараз ён поўнасцю абстаўлены, купіла недарагую машыну, ужо адрамантавалі пакой для сына ў набытым нядаўна доме – здзейснілася мая асноўная мара. Наогул, за гады працы ў “Магатэксе” адбылося шмат значных падзей у асабістым жыцці: я выйшла замуж, згуляла вяселле дачкі, цяпер буду чакаць унукаў. Таму на работу іду з задавальненнем, а вяртаюся хоць і са стомленасцю, аднак прыемнай. Без прыкрас скажу, што тут мая другая сям’я. Бацькоў ужо няма, а Ірына Пятроўна ставіцца да мяне як родная маці, адносіны з боку кіраўніцтва філіяла – выключна паважлівыя. Папросіш большы аванс – на заўтра ён будзе, усе надбаўкі і прэміі – як і абяцалі, сертыфікаты і падарункі да святаў – абавязкова. Да 8 Сакавіка я атрымала грамату прадпрыемства і дадатковую прэмію. Таму гэтым месцам я вельмі даражу і рада, што цэх адкрылі менавіта ва Ушачах”, – гаварыла ўсё гэта Святлана вельмі шчыра, словы ішлі ад душы, а вочы зноў свяціліся.
Стымуляванне сваіх годных работнікаў – кадравая палітыка прадпрыемства. Да прафесійнага свята за добрасумленную працу Ганаровай граматай Полацкага філіяла “Магатэкса” ўзнагароджана Галіна Пятроўна Мароз, работніца, якую майстар участка называе метэорам. Пры дзённым заданні брыгады ў 65 адзінак яна стабільна выконвае 80, а акрамя гэтага з раніцы сартуе выкрайкі і раскладае на рабочыя сталы калег неабходную на дзень колькасць дэталяў. Працуе яна таксама з дня заснавання. Наогул за тры гады тут сфарміраваўся стабільны касцяк прафесіяналаў, але і навічкоў па-ранейшаму запрашаюць.
Вольга Караленка.



