Пра юных баяністаў, якія вучацца ва Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў у класах Алесі і Трафіма Анціпавых, мы расказвалі неаднойчы, аднак музыканты зноў далі нагоду пра іх узгадаць, заваяваўшы за другую палову мая аж 33 лаўрэацкія дыпломы!
Дагэтуль у творчых спаборніцтвах удзельнічалі некалькі самых актыўных вучняў гэтых педагогаў, але паспяховы прыклад натхніў іншых – і ў Чашнікі на конкурс мастацтваў “Ад прашчураў да зор” адправілася вялікая каманда. Ілья Барысёнак, Вячаслаў Бакан, Мікіта Волах, Назар Сакалоў, Антон Тарасевіч, Цімафей Ляўшоў, Артур Свідзінскі, Іван Юргевіч, Уладзіслаў Ярмош пры ўдзеле Трафіма Аляксандравіча, які дапамагаў вучням у дуэце, заваявалі 11 дыпломаў, прычым Ілья атрымаў гран-пры.
Працягнуўся майскі марафон у Лідзе на рэспубліканскім фестывалі-конкурсе дзіцячага мастацтва “ЛьВёнак”: канкурэнцыя ў баяністаў была надзвычайнай, тым не менш І.Барысёнак і В.Бакан атрымалі два дыпломы лаўрэатаў І ступені. У апошні дзень вясны наш музычны дэсант высадзіўся ў Докшыцах на свяце нацыянальнай культуры “Зберагаем вытокі свае”, а Алесю Фёдараўну ў знак прызнання заслуг запрасілі ў склад журы. Хлопцы здабылі багатыя трафеі: пяць дыпломаў І і тры – ІІ ступені. А нядаўна сталі вядомы вынікі дыстанцыйнага конкурсу “Берагі надзеі”, што праводзіцца ў Бешанковічах. На гэты раз ушацкія салісты і дуэты ўстанавілі новы рэкорд – узялі 12 дыпломаў, палова з якіх – І ступені. Такім чынам, наспявае праблема: у класе баяна можа хутка скончыцца вольнае месца для ўзнагарод!
Наталля БАГДАНОВІЧ.

