В Ушачах прошло выездное заседание коллегии Витебского областного комитета природных ресурсов и охраны окружающей среды. Главная тема — борьба с борщевиком

Общество

На мінулым тыдні на базе нашага раёна прайшло выязное пасяджэнне калегіі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Эколагі рэгіёну сабраліся ва Ушачах, каб абмеркаваць, наколькі эфектыўна вядзецца барацьба з інвазіўнымі відамі раслін. Відавочна, што ў гэтай справе наш вопыт найбольш багаты: Ушаччына лідзіруе па плошчах, забруджаных баршчэўнікам Сасноўскага, і ўжо не першае дзесяцігоддзе планамерна адваёўвае захопленыя зялёным агрэсарам тэрыторыі.

Пра нюансы маштабнай работы распавёў калегам начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Міхаіл Шук. Старшыня Ушацкага райвыканкама Сяргей Шамовіч падзякаваў абласному ўпраўленню МНС, якое ўжо не першы год выйграе тэндар на правядзенне работ па хімапрацоўцы і добрасумленна ставіцца да выканання няпростай задачы.

Сёлета ў нашым раёне працавалі 15 брыгад выратавальнікаў з розных райаддзелаў агульнай колькасцю каля 80 чалавек. Пачаліся работы 28 красавіка і адначасова вяліся ва ўсіх сельсаветах: у самых забруджаных шчыравалі па тры групы, у астатніх – па дзве. На старце кампаніі прайшоў сход з удзелам кіраўнікоў брыгад, старшынь сельсаветаў, прадстаўнікоў райсельгасхарча, а потым работнікі інспекцыі штодня збіралі інфармацыю, каардынавалі і кантралявалі работу.

Як вядома, брыгады МНС апрацоўваюць у асноўным грамадскія тэрыторыі, землекарыстальнікі павінны змагацца з баршчэўнікам самастойна. “Стымулюючы” гэтую работу, інспектары накіравалі ім 43 інфармацыйныя лісты, 13 прадпісанняў на ўхіленне парушэнняў, за несвоечасовае выкананне мерапрыемстваў дзве пасадныя асобы прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу.

Старшыня абласнога камітэта Раман Колца падкрэсліў, што работа па барацьбе з баршчэўнікам ва Ушацкім раёне праводзіцца на дастойным узроўні, падзякаваў райвыканкаму і РАНС, старшыням сельсаветаў за іх старанні і зацікаўленасць.

Апошнія, дарэчы, былі запрошаны на пасяджэнне і атрымалі магчымасць падзяліцца праблемнымі момантамі. Старшыня Вяркудскага сельвыканкама Тамара Сурынава на гэтай пасадзе працуе першы год, аднак як жыхарка самага забруджанага рэгіёну, у тэме арыентуецца. Яна зазначыла, што на іх сельсавет варта было б вылучыць яшчэ адну брыгаду – плошчы вельмі значныя. Мясцовая ўлада першай атрымлівае нараканні ад вяскоўцаў: а падставы для гэтага, канечне, былі: дзесьці работнікі не заўважылі зарослага ўчастка і абмінулі яго, хтосьці з жыхароў проста не ведаў, што эфекту ад апрацоўкі трэба чакаць два-тры тыдні, і адразу пачаў “біць трывогу”. Старшыня Глыбачанскага сельвыканкама Віктар Шаршнёў падзяліўся ўспамінамі пра часы, калі баршчэўнік завезлі ў мясцовую гаспадарку як кармавую культуру. На яго думку, праблема патрабуе больш цеснага ўзаемадзеяння ўсіх службаў і землекарыстальнікаў: калі, скажам, брыгады апрацоўваюць землі населеных пунктаў, а побач на сельгасугоддзях ці прыдарожных палосах баршчэўнік буяе, то практычна ўся праца будзе марнай.

З гэтым цалкам згадзіўся Раман Колца, які падкрэсліў, што праблема гэта – нялёгкая і да канца нявывучаная, а таму супрацоўнікам інспекцый трэба праводзіць даследчую работу: у кожным раёне павінен быць эксперыментальны ўчастак, дзе варта выпрабоўваць эфектыўнасць розных прэпаратаў, аналізаваць “паводзіны” каварнай расліны. Адно з такіх месцаў паблізу вёскі Дворыца Жарскага сельсавета наведалі ўдзельнікі калегіі. 20 мая тут была праведзена хімапрацоўка баршчэўніку – эколагі ацанілі якасць работ і спрацоўванне гербіцыду, прааналізавалі магчымасць далучэння ўчастка ў сельгасабарот.

 Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *