Камфортная абстаноўка, смачная ежа, розныя актыўнасці… У аграгарадку Арэхаўна для дзяцей з усяго раёна адкрыўся новы выхаваўча-аздараўленчы лагер з кругласутачным знаходжаннем “Азёрны”. У першую змену, якая стартавала ў мінулую пятніцу, тут набіраюцца сіл, яркіх эмоцый, заводзяць новых сяброў 40 хлопчыкаў і дзяўчынак.
– У лагерах бываю пастаянна – лічу, што гэта лепшая магчымасць цікава, з карысцю правесці канікулярны час, – падзялілася з намі юная ўшачанка Ксенія Мацюшава. – Практычна кожнае лета ездзіла ў “Турасполле”: вельмі яго любіла. Таму калі даведалася, што ў Арэхаўне адкрываецца яго “аналаг”, захацела абавязкова тут пабываць. Усё вакол новенькае, прыгожае, з атрадаўцамі хутка раззнаёміліся і пасябравалі, парадаваў таксама насычаны рэжым дня.
Сумаваць у “Азёрным”, сапраўды, няма калі. Кожны дзень праводзяцца цікавыя мерапрыемствы і спартыўныя спаборніцтвы, кінавечарыны і дыскатэкі. Як расказала начальнік лагера Ірына Васільеўна Бугрова, запланаваны таксама рэгулярныя паездкі ва ўшацкі спарткомплекс, а пры спрыяльным надвор’і – на пляж возера Вечалле. Зрэшты, займаюцца школьнікі і карыснымі для летніка справамі: наводзяць парадак на тэрыторыі, у памяшканнях.
– Я выбрала месца на двухпавярховым ложку ля электравыключальніка – і дзяўчаты адразу прызначылі мяне “адказнай за святло”, – усміхаецца Дарына Шаршнёва. – Усё тут створана для нашага камфорту, ёсць тумбачкі для асабістых рэчаў і вялізныя шафы для адзення, мяккія канапы і крэслы – адчуваем сябе як дома. Нямала для адпачынку прадугледжана і ў двары – альтанкі, арэлі,
горкі.
Ужо на старце работы летніка хлопчыкі і дзяўчынкі ставяць яму цвёрдую “дзясятку” – і гэта пры тым, што многае яшчэ наперадзе.
Нагадаем: другая змена пачнецца ў “Азёрным” ужо 23 чэрвеня, трэцяя і чацвёртая – 10 і 28 ліпеня адпаведна. Свабодныя месцы ў кожную яшчэ ёсць – па пытаннях набыцця пуцёвак можна звярнуцца ў раённы цэнтр дзяцей і моладзі, тэлефон 5-85-40.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.


