Внимательная к людям, небезразличная к жизненным ситуациям старейшина деревни Козлы

Общество

Знаёмства з Тамарай Фёдараўна Первянёнак пачалося незвычайна. Старэйшына вёскі Казлы патэлефанавала ў рэдакцыю пасля выхаду публікацыі аб праводзімай на тэрыторыі Сарочынскага сельсавета акцыі “Сям’я без насілля”.
– У нашай вёсцы няма такіх нядбайных гаспадынь, як на апублікаваных фотаздымках. Рознае можа быць у сем’ях, не ва ўсіх аднолькавы дастатак, але парадак у дамах падтрымліваецца.  
Шчыра скажу, уразіла, што старэйшына так клапацілася пра аўтарытэт сваёй вёскі і так дасканала ведае нават планіроўку пакояў сваіх аднавяскоўцаў. Здымак сапраўды быў зроблены не ў іх вёсцы – гэта старэйшына пазнала па мадыфікацыі газавай пліты. Больш таго, калі праводзілася мерапрыемства, Тамара Фёдараўна сабрала ўсіх вяскоўцаў разам, каб абмеркаваць з прадстаўнікамі ўлады гэту актуальную тэму. Гутарка тады атрымалася толькі ў вузкім коле вяскоўцаў – складана было рабочым групам прыехаць у вёску дакладна ў вызначаны час. І пасля публікацыі жыва абмяркоўвалі вяскоўцы неспрыяльнае становішча ў сем’ях, якое здараецца ў жыхароў іх сельсавета, шукалі адказы на няпростыя жыццёвыя сітуацыі. Чаму адны здымаюць стрэсы градусамі, а другія і ў больш складанай сітуацыі не заглядваюць у бутэльку.
Саму Тамару Фёдараўну лёс не песціў. Працавала ў Полацку, адна гадавала дачку, а неспадзявана давялося стаць маці яшчэ і тром пляменнікам. У маладым узросце памірае сястра, за ёй яе муж – і трое хлопчыкаў застаюцца сіротамі. Сёння ўсе яны на нагах, наведваюцца ў бабуліну хату ў Казлах, дзе і праводзілі ўвесь канікулярны час. А тады Тамара Фёдараўна не змагла ўмясціць усіх у аднапакаёвай кватэры, таму пэўны час яны выхоўваліся ў інтэрнаце, а яна кожны тыдзень ездзіла да хлопчыкаў з падарункамі. І так жа пастаянна наведвалася ў Казлы, дзе маці трымала немалую гаспадарку і агарод, каб выгадаваць усіх унукаў.
Сёння насупраць яе бацькоўскага дома стаіць студня, а раней у гэтым баку вёскі ваду жыхары бралі з крыніцы. Гэта ўжо яе клопат як старэйшыны і рэальная дапамога Сарочынскага сельвыканкама.
Нямнога жыхароў засталося на вёсцы, пераважная большасць – паважанага ўзросту, ды і просьбаў у іх нямнога. Калі што патрэбна – Тамара Фёдараўна звязваецца з сельвыканкамам, работнікі якога ў старэйшыне Казлоў таксама знайшлі сапраўдную апору. Не пастаянна жыла на вёсцы, аднак чужой ніколі не была. Ды і пасля выхаду на пенсію па льготах даўно ўжо на пастаянна асела ў Казлах. Што расце на сотках аднавяскоўцаў, якую жывёлу хто трымае, якія праблемы мае – яна ведае дасканала і імкнецца дапамагчы. У той час, калі мы гутарылі з ёй у зацішку дома, яна цёпла, з павагай расказала пра кожнага як пастаяннага жыхара, так і дачніка.
Гэта выдатна, што існуюць такія неабыякавыя літаральна да любой жыццёвай сітуацыі старэйшыны, па сутнасці сувязныя паміж сельвыканкамам і народам глыбінкі.
В.КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *