
Апоўдні ў магазіне “Родны кут” у Сарочыне выстраілася чарга. Прычым, акрамя жыхароў вёскі там аказаліся пакупнікі са Слабады і Вяркуд, якія спецыяльна завіталі ў краму. “Сарафаннае радыё паведаміла, што змяніўся ўласнік і стаў намнога лепшым асартымент”, – патлумачыў Аляксандр Каваленка. – У нас такая ж крама, а вось паліцы паўпустыя. Чакаем, што і слабадчане змогуць затарвацца на месцы”. Мы ж завіталі ў першую перададзеную Полацкай гарадской нарыхтоўчай канторы гандлёвую кропку, каб на ўласныя вочы ацаніць перамены, а таксама даведацца, у чым яны будуць заключацца.
– На гэтым тыдні пачалася перадача 25 магазінаў і 7 аўтакрам. Дырэктар Полацкай нарыхтоўчай канторы Людміла Васільеўна Паўлава не адзін раз пабывала ў раёне, наведалася ў кожную кропку, пагутарыла з прадаўцамі, каб ацаніць сітуацыю. У выніку вырашана не толькі захаваць усе існаваўшыя магазіны, аднак і зноў адчыніць “ПраЗапас” і “На Віцебскай”. Напаўненне кропак перасоўнага гандлю ажыццяўляецца на базе праз таваразнаўцаў, а прадаўцы стацыянарных магазінаў, як і раней, змогуць напрамую заказваць тавар у вытворцаў, – патлумачыла начальнік Ушацкага ўчастка Докшыцкага філіяла аблспажыўтаварыства Алена Пятроўна Сыс.
Асноўныя ж перамены адбыліся ў напаўненні таварамі. “Выбар хлеба павялічыўся, полацкі спадабаўся. Марожанага даўно не было, а цяпер на выбар розных вытворцаў. Агародніна свежая, пральныя парашкі”, – дзялілася Надзея Свідзінская, якая ў краму заходзіць кожны дзень. І хоць далёка не ўсе яшчэ ведаюць пра новы статус кропкі, прадавец Юлія Пацэвіч ужо павялічыла дзённую выручку ў два разы.
Гэтая кропка прыдарожнага сэрвісу раней збірала намнога больш пакупнікоў, бо прадаўцы імкнуліся запоўніць паліцы. Вось і зараз стэлажы “разрасліся” за кошт асартыменту, у тым ліку і новых вытворцаў. “Аднавіла работу з камбінатамі “Славянскі” і “Вітконпрадукт” – заказваю недарагія каўбасы са свініны і кураціны, раней з марской рыбы быў толькі мінтай, цяпер сем найменняў, і гэта толькі з полацкай базы. Зерня мы не бачылі даўным-даўно, цяпер ёсць плюс камбікорм свіны і курыны – апошні разабралі ў першы дзень. Мяркую, што да нас зноў вернуцца пакупнікі”, – радуецца прадавец.
Шкада толькі, што з грамадскага харчавання перададзена ўсяго некалькі кропак, а ўся вытворчасць (выпуск хлебабулачных вырабаў і напіткаў) застаецца за Верхнядзвінскім філіялам. І тым не менш, станоўчыя перамены даюць надзею на адраджэнне спажывецкай кааперацыі раёна.
Вольга Караленка.
