4-5 мая в Ушачах прошла восьмая патриотическая акция «Прорыв Победы»

Общество

У знакавыя дні 4-5 мая на Ушаччыне прайшла VIII патрыятычная акцыя “Прарыў Перамогі”. Так, вось ужо восьмы раз на наш мемарыяльны комплекс прыехалі дэлегацыі з усіх рэгіёнаў Прыдзвіння. Сёлета тут ушаноўвалі 79-ю гадавіну прарыву варожай блакады партызанамі Полацка-Лепельскай партызанскай зоны, а фармат свята выйшаў за рамкі аднадзённага – 5 мая на гэтым велічным месцы прайшоў патрыятычны форум моладзі.

Нягледзячы на тое, што было задзейнічана каля дзясятка аўтобусаў – калона аўтамабіляў расцягнулася больш чым на кіламетр – у аўтапрабегу прынялі ўдзел не толькі ўсе арганізацыі раёна, а і шмат прыватнікаў. Ды і пешшу з Двор Пліна ішлі з кветкамі ў руках людзі, каб пакласці іх ля прозвішчаў загінуўшых за вызваленне нашага раёна.
Галоўныя ўрокі Перамогі – гэта ўрокі згуртаванасці, яднання народаў, супрацьстаяння насіллю і прыгнёту – гэтая думка стала лейтматывам прамоў, якія гучалі на мітынгу. “Нам ніколі не забыцца жорсткасць, бесчалавечнасць і бясчынствы ворага на нашай зямлі. Мы гэта памятаем, і ў гэтым наша сіла, – падкрэсліў старшыня Віцебскага аблвыканкама А.Субоцін. – Абавязак цяперашняга пакалення перад загінуўшымі – выкрыць вінаватых у масавым генацыдзе беларускага народа і не даць трагедыі разгуляцца зноў. Нашы дзеды і прадзеды ўзнімалі разбураную войнамі эканоміку, здзяйснялі працоўныя подзвігі – і сёння іх прыклад служыць арыенцірам для ўсіх нас”.

Даў Аляксандр Міхайлавіч і невялікае інтэрв’ю раённай газеце. Адказаў, што ўпершыню адкрыў для сябе “Прарыў” у 2017 годзе, калі быў памочнікам Прэзідэнта па Віцебскай вобласці і прысутнічаў на такім свяце. “Гэта знакавае для Прыдзвіння месца. І ў наступны год 80-гадавіну прарыву блакады мы правядзём яшчэ больш грандыёзна”.

Пра тое ж, як рупліва нашы землякі захоўваюць гераічную спадчыну, казаў старшыня Ушацкага райвыканкама С.Садоўскі. Ён нагадаў, што легендарны прарыў – адна з трох буйнейшых партызанскіх бітваў часоў Другой сусветнай вайны. За 25 вогненных дзён і начэй з 11 красавіка па 5 мая 1944-га партызаны Полацка-Лепельскай зоны знішчылі больш за 8 тысяч гітлераўцаў, выратавалі і вывелі з акружэння больш за 15 тысяч мірных жыхароў.

Удзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінуўшых хвілінай маўчання, усклалі да мемарыяльных пліт вянкі і кветкі. Узнёслых эмоцый дадалі выступленні навучэнцаў Віцебскага каледжа мастацтваў і культработнікаў Ушаччыны. Заключны ж нумар сімвалічна сабраў на імправізаванай сцэнічнай пляцоўцы прадстаўнікоў яшчэ двух пакаленняў: выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў і ўдзельнікаў хора народнага клуба “Ветэран”.

Пасля мітынгу гледачы з захапленнем сачылі і за паказальнымі выступленнямі ваенна-патрыятычных клубаў “Сокал”, “Рубеж” з Полацка і Наваполацка. “Такім прыёмам затрымання, абясшкоджання праціўніка хутка навучымся і мы”, – з гонарам зазначалі вучні Ушацкай СШ, якія ўвайшлі ў склад падобнага аб’яднання з адметнай для нашага краю і канкрэтна гэтай падзеі назвай – “Прарыў”. Юнакі і дзяўчаты прынялі прысягу, кіраўніку па ваенна-патрыятычным выхаванні школы У.Пальчэху сцяг клуба ўручыў камандзір 19-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады гвардыі-палкоўнік Генадзь Бурдукевіч.

А які ж пах стаяў ля салдацкай кухні! Нават непакоіліся, што не хопіць усім жадаючым – не менела чарга. Аднак кулінары з Заслонаўскай ваеннай часці прывезлі дастаткова і смачнай грэчкі з тушонкай, і гарбаты з кавай, якія былі больш запатрабаваныя, чым бутыліраваная вада, якую таксама бясплатна прапаноўвалі прадстаўнікі раённай арганізацыі “Чырвонага Крыжа”.

У поўным складзе прысутнічала на мерапрыемстве маладая сям’я Коршун. Ігар Міхайлавіч неаднойчы расказваў дзецям, што прарыў блакады прайшлі іх прадзеды Уладзмір Іванавіч Рудзёнак і Міхаіл Ільіч Коршун. Апошняму толькі 14 год было ў 1944-м, у полк Садчыкава ўступіў перад самай блакадай, вазіў грузы на падводзе. Хоць і прыехалі Наталля і Сцяпан Сцернікі з Мінска ў Ільюшына па агародніцкіх справах, аднак гэты дзень правялі на “Прарыве”. “Загадзя праз газету з праграмай азнаёміліся. Я калі бываю тут, прыгадваю словы цёткі Ніны Макараўны Зелянік, як яны на адной купіне ўчацвярых ноч прасядзелі, калі пасля прарыву блакады хаваліся ад немцаў. Бацька Мікалай Макаравіч Бурак быў у палоне, а двух бабуліных братоў-партызан забілі падчас акупацыі. Каго ж на Ушаччыне не закранула вайна”, – расказвала Наталля Мікалаеўна. І сапраўды, падобныя незабыўныя гісторыі мог прыгадаць кожны з прысутных на мітынгу.

Штогод абласная акцыя аздабляецца знакавымі для нашага раёна падзеямі. Сёлета такой стала ўрачыстасць з нагоды прысваення Ушацкай дзіцячай школе мастацтваў імя ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Дзям’яна Уладзіміравіча Крупені. Яшчэ летась ён быў ганаровым госцем падобнага свята, расказваў журналістам пра свой удзел у легендарным прарыве – і вось гэтай зімой, на жаль, завяршыў жыццёвы шлях. “Дзям’ян Уладзіміравіч вядомы нам не толькі як удзельнік вайны, а і як славуты мастак, карціны якога выстаўляліся ў многіх гарадах свету, і сімвалічна, што памяць пра яго будзе захавана ў назве ўстановы, дзе дзеці развіваюць свае таленты”, – падкрэсліла на ўрачыстасці старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Мікалаеўна Марковіч.

Прынамсі, юныя ўшачане ахвотна дэманстравалі іх падчас імпрэзы. Калі ўзорны аркестр народных інструментаў зайграў заліхвацкі “Казачок”, на тварах гасцей заззялі ўсмешкі. Трэба было бачыць, як засяроджана націскаў на кнопкі баяна дэбютант калектыву Ягор Дунік, не звяртаючы аніякай ўвагі на сталічных фатографаў, аблюбаваўшых яго для буйных планаў.

Вельмі стараліся вакалісты, танцоры і барабаншчыцы. Пад дроб апошніх А.Субоцін, С.Садоўскі, Н.Марковіч і сын Д.Крупені Уладзімір Дзям’янавіч выканалі пачэсную місію: адкрылі мемарыяльную дошку ля ўваходу ў будынак.

“Для мастацкага аддзялення нашай школы гэта не толькі вялікі гонар, а і сур’ёзны стымул для развіцця. Будзем старацца годна трымаць марку!” – пракаменціравала падзею педагог Айгуль Смык.

Ну а ў гасцей у гэты дзень была магчымасць ацаніць таленты юных мастакоў з усіх раёнаў Прыдзвіння – у фае ўстановы разгарнулася выстава малюнкаў абласнога конкурсу “Фарбы свету”, якую праводзіць БРСМ у рамках Года міру і стварэння.

Ад дзіцячых малюнкаў – да сапраўдных карцін. Каля 70 палотнаў прадстаўлены на выставе работ Д.Крупені “З крыніц адвечных” у музеі народнай славы імя героя Савецкага Саюза У.Е.Лабанка. “Літаральна да апошніх дзён ён пісаў. Гэта былі прыродныя пейзажы роднай зямлі. Ад такой творчай работы тата не стамляўся, а наадварот набіраўся сіл у сваёй майстэрні. Я вельмі ўдзячны кіраўніцтву раёна за ўшанаванне памяці майго бацькі, усю нашу сям’ю кранула вестка аб мерапрыемствах у яго гонар”, – нялёгка даваліся інтэрв’ю журналістам і выступленні на свяце Уладзіміру Крупеню. “Дзям’ян Уладзіміравіч быў такім жыццярадасным і актыўным! Яго любілі і шанавалі, праводзіць ветэрана ў апошні шлях прыйшоў практычна ўвесь аграгарадок Глыбачка. Ну а сёння на выставе хочацца сказаць, што пакуль жывы карціны, жывы і мастак!” – адзначыла старшыня ветэранскай арганізацыі раёна Ніна Васілеўская. Настаўнік Уладзімір Хамёнак прыгадаў, што падчас яго працы ў Глыбачанскай школе Дзям’ян Уладзіміравіч часта сустракаўся з вучнямі, дапамагаў успрымаць далёкую гісторыю праз перажытае ім. Меркаванне ж многіх гасцей выказала маладая прадстаўніца дэлегацыі Віцебскага раёна Кацярына Зайцава: “Уражана карцінамі мірнага жыцця. “На сенакосе”, “Суботні дзень”, напрыклад, прывабліваюць задумай і светлымі танамі”. Дарэчы, наведаць выставу могуць усе жадаючыя – яна будзе працаваць да 4 чэрвеня.

А ля музея ў будучым зацвіце прыгожы бэз. Алею “Кветкі Вялікай Перамогі” ў гэты дзень заклалі ганаровыя госці разам з піянерамі і вучнямі Ушацкай школы. Па правы бок ад будынка высадзілі 16 дэкаратыўных кустоў – у гонар 16 партызанскіх брыгад Полацка-Лепельскай партызанскай зоны. Аб тым, што алея з’явілася ў дзень 79-й гадавіны прарыву варожай блакады і Год міру і стварэння, будзе нагадваць адпаведная шыльда.

…Ушацкая шасцікласніца Даша абяцала свайму напарніку на пасадцы бэзу – старшыні рэспубліканскага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Івану Аркадзьевічу Гардзейчыку паліваць пры патрэбе іх сумеснае дрэўца, а той у сваю чаргу за некалькі хвілін паспеў пасябраваць з дзяўчынкай, адзначыўшы, што такога ж узросту і яго ўнучка. І гэты эпізод падкрэслівае, што менавіта такой сувяззю пакаленняў мы моцныя. А бэз ля знакавага аб’екта Ушаччыны набярэцца сіл і будзе квітнець, як і наша прыгожая Беларусь!

Вольга КАМАРКОВА, Вольга КАРАЛЕНКА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ,
Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *