Старейшина Двор Усвеи Светлана Попова любит наводить порядок и помогать односельчанам

Калейдоскоп

Знаёмства са старэйшынам вёскі Двор Усвея Святланай Леанідаўнай Паповай атрымалася завочным некалькі год таму. Жанчына яшчэ не была тады і мясцовай жыхаркай, проста набыла дачу і прыязджала па выхадных ці ў водпуск. Аднак яе з’яўленне не засталося непрыкметным для наваколля. Яе ўнутранага запалу хапіла не толькі для пераўвасаблення набытай сядзібы, ды так, што летась яна стала пераможцам конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне па Глыбачанскім сельсавеце, але і на тое, каб яе, без мясцовых каранёў, абралі “мэрам” населенага пункта.

Хаця апошняя загадка аказалася простай. Варта было проста аднойчы сустрэцца! Каб мы зарыентаваліся на скрыжаванні, дзе дом Паповых, Святлана выйшла за брамку і запрашальна махала рукамі. А потым усміхнулася і абняла быццам добрую сяброўку, запрашаючы ў двор. І такая адкрытая гаспадыня з усімі. Так жа вітала днямі яна і прыезд на малую радзіму Таццяны Дубінай, бацькоўскі дом якой стаіць побач з аўтобусным прыпынкам, які старэйшына прыйшла абнавіць яго – пафарбаваць.
“Нам вельмі пашчасціла. Такі чалавек вёсцы патрэбны, – расказвае пра “мэра” ўраджэнка Двор Усвеі Галіна Нэлькіна. – Па-першае, наша Леанідаўна маладая і вельмі ініцыятыўная. Па-другое, мабільная – з машынай і самастойна за рулём. І не было б навакольным людзям ніякай карысці ад гэтых рыс, калі б не галоўнае – яна душэўная і вельмі спагадлівая. Калі я вымушана паехаць у Віцебск і матуля застаецца на некалькі дзён адна, яна завітае, пацікавіцца, ці патрэбна дапамога. Калі плануе паездку ў горад, тэлефануе, пытаецца, што трэба прывезці. А нядаўна наогул за будаўнічымі матэрыяламі з ёй у Полацк з’ездзілі. І гэтак яна ставіцца не толькі да нашай сям’і”.


Святлана Леанідаўна пацвярджае, што раззнаёмілася і пасябравала з усімі аднавяскоўцамі, звычайнымі сталі агульныя прагулкі па працяглых вуліцах. Асабліва імкнецца дапамагчы пажылым – пераважна лекамі і рэчамі, якіх не набыць у аўтамагазіне – папярэдне прымае заказы ад Марыі Сталярэнкі, Аліны Дубінай, Любові Камовіч. Такую ж ролю выконвае і Наталля Малахава – выручаюць адну адну. З прадаўцом гандлёвай кропкі на колах таксама на пастаяннай сувязі – як толькі машына прыбывае ў Краснае, старэйшына атрымлівае вестку і тэлефануе вяскоўцам, каб выходзілі. Эканоміць час адных і другіх. Таксама і з вывазам смецця. Каб каты не расцягалі за тыдзень з кантэйнераў адходы, гаспадары аддаленых дамоў збіраюць іх у мяшкі і прыносяць у дзень прыезду смеццявоза, а калі машына па нейкіх прычынах збіваецца з графіка, то вяскоўцы праз старэйшыну даведваюцца і аб гэтым.
Зразумела, што С.Папова ажыццяўляе сувязь паміж людзьмі і сельвыканкамам у зборы сродкаў самаабкладання ці перапісе хатняй жывёлы, клапоціцца пра своечасовае грэйдзіраванне дарогі. А яшчэ мы завіталі на мясцовы пляж. Не сказаць, што вада ўразаецца прама ў агароды вяскоўцаў – застаецца метраў сто нічыйнай плошчы, што за гады, калі касіць стала некаму, вельмі шчыльна зараслі кустамі, дрэўцамі і баршчэўнікам. І вось каб зрабіць зручны падыход да берага, на суботнік выйшлі мясцовыя жыхары і ўжо дарослыя дзеці Малахавых і Маціеўскіх. І ў вадзе трыснёг выкасілі, і на беразе чыста. Арандатар возера Рашыд Асланаў, таксама набыўшы тут дом, расчысціў бульдозерам прылеглую да свайго надзелу тэрыторыю. Таму на выхадных тут людна, не забываюцца на прыгожую вёску ўнукі карэнных жыхароў, прыязджаюць рыбачыць, плаваць, катацца на лодках. Ды і муж старэйшыны Алег Селівестравіч, які рэгулярна пракошвае шырокую, быццам дарога, сцежку да пляжа, аматар выйсці з вудай на сярэдзіну возера.
Сям’я Паповых і набыла тут дачу з-за наяўнасці вадаёма. А яшчэ таму, што ў недалёкай Асінаўцы Святлана Леанідаўна неаднойчы бывала ў сяброўкі. Спадабаліся маляўнічыя мясціны, захацелася прыдбаць і свой домік паблізу. А зараз і перасяліліся маладыя пенсіянеры на пастаянна. Муж і жонка ўсё жыццё адпрацавалі на шкоднай вытворчасці на “Паліміры” і “Шкловалакне”, таму заслужылі адпачынак раней звычайных гадоў. І як нямногія могуць параўнаць чыстае паветра Двор Усвеі з парамі газа ў цахах. Перарабілі практычна ўсё ў доме, правялі электраацяпленне, гаспадыня аздобіла кожны пакой самаробнымі разынкамі накшталт штор з бамбукавых пробак ці гарлача з выявамі манет з усяго свету. Асабліва многа працавалі на вялізнай навакольнай тэрыторыі, ачышчаючы ад агрэсіўных раслін і зарасніку. Зараз тут чыста амаль да самай вады (свой уласны пляж не рабілі наўмысна, бо ёсць агульны), Святлана ажывіла калодзеж і кожную гаспадарчую рэч выявамі звяркоў, насадзіла іх паміж альпійскімі горкамі і дэкаратыўных кустоў і дрэў. І пакінула на сядзібе каня. Некалі ён быў у мясцовых працаўнікоў, захаваліся нават колы, “цягае” якія цяпер любімец гаспадыні – бярозавы жарабок. Вельмі ўтульна і прасторна тут, нездарма ж дом ніколі не пустуе – пастаянна прыязджаюць шматлікія родныя і знаёмыя.


“На мінулым тыдні пісьмо ў “адно акно” Полацкага райвыканкама падала. Ад Глыбачкі да Павулля, як і да Прудка асфальтаванне дарогі ўключана ў планы, аб’язная ад Гомеля захавалася, так што засталося на тэрыторыі суседняга раёна 900 метраў невыноснай гравійкі, якой карыстаецца вельмі многа ўшачан з Вяркудскага і Глыбачанскага сельсаветаў. Трэба і гэтае пытанне рухаць – кароткая дарога запатрабаваная”, – падзялілася Святлана сваімі сённяшнімі задачамі, дадаўшы, што не толькі аб сваёй вёсцы клапоціцца, а і з навакольнымі сувязь трымае. Мабыць, і там абаяльную Леанідаўну таксама клічуць “мэрам”, як ужо тры гады жыхары Двор Усвеі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *