«Прямые линии» с представителями служб социального обеспечения всегда вызывают большой интерес у жителей района

Ваш вопрос - наш ответ Зваротная сувязь Калейдоскоп Официально

На «прамую лінію», якую праводзілі нядаўна ў рэдакцыі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Святлана Пятроўна ВАСІЛЕЎСКАЯ і дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна Алеся Уладзіміраўна ХВАШЧЭЎСКАЯ, звярнулася некалькі грамадзян. Пачуць адказы на ўзнятыя пытанні, думаецца, будзе карысна многім нашым чытачам.

— Чула, што пажылыя людзі і інваліды могуць скарыстацца паслугамі сацыяльнай пральні, якая працуе на базе аддзялення сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага прабывання інвалідаў у вёсцы Градзянец. Падкажыце, калі ласка, наколькі даступныя там цэны?

— Пральня разлічана на сацыяльна неабароненую катэгорыю грамадзян, а таму цэны там даволі «дэмакратычныя». Адна загрузка бялізны ў пральную машыну, а гэта пяць кілаграмаў, на сённяшні дзень каштуе 22 тысячы 600 рублёў. Ёсць магчымасць пагладзіць рэчы — сем тысяч рублёў за кілаграм, а таксама прасушыць іх — 40 тысяч.

— Прыносіць бялізну ў пральню трэба самому?

— Неабавязкова. Калі пажылы чалавек ці інвалід жыве не ў Градзянцы ці па стане здароўя не можа асабіста прынесці рэчы ў пральню, ён можа выклікаць для гэтых мэт работнікаў аддзялення тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання ТЦСАН Ушацкага раёна. Заяўкі прымаюцца па тэлефоне 2-92-89.

— У майго сына праблемы з сэрцам. Групы інваліднасці ён не мае, аднак медыкі забараняюць выконваць многія віды работ. Так, працаўладкавацца трактарыстам ці качагарам, «корачкі» якіх у сына ёсць, яму нельга. А вакансія на «Твестубе», якая б магла падысці, патрабуе ведання камп’ютара. Як быць?

— У Вашага сына ёсць некалькі варыянтаў вырашыць праблему з працаўладкаваннем. Па-першае, яму трэба звярнуцца ў аддзел сацыяльных працоўных адносін і занятасці (кабінет №50 Дома Саветаў, тэлефон: 2-78-57), дзе з пераліку вакансій, якія зараз маюцца ў раёне, яму паспрабуюць падабраць падыходзячую. Вядома, што для гэтага нашым спецыялістам трэба ведаць медыцынскія паказанні Вашага сына — загадзя паклапаціцеся аб узяцці адпаведнай даведкі. Калі ж знайсці працоўнае месца адразу не атрымаецца, маладому чалавеку параяць зарэгістравацца ў якасці беспрацоўнага. Гэта дасць яму магчымасць пры з’яўленні неабходнай вакансіі адным з першых даведацца пра яе і прэтэндаваць на працаўладкаванне. Ну а калі Ваш сын хоча працаваць па ўжо знойдзенай спецыяльнасці на «Твестубе», ён можа прайсці прафесійнае навучанне беспрацоўных па накіраванні службы занятасці насельніцтва. За дадатковай інфармацыяй па гэтым пытанні можна звярнуцца ў кабінет №49 Дома Саветаў ці па тэлефоне 2-73-51.

— Ва Ушацкім раёне пражывае мая 80-гадовая мама. Прыязджаць да яе атрымліваецца не так часта, а таму хацелася б на зімовы перыяд памясціць маму ў аддзяленне кругласутачнага прабывання для пажылых людзей і інвалідаў у аграгарадку Вяркуды. Колькі гэта будзе каштаваць?

— З адзінокіх непрацаздольных грамадзян бярэцца штомесячная плата ў памеры 85 працэнтаў ад сумы пенсіі (але не больш за 80 працэнтаў ад поўнага кошту паслуг). Калі ж у чалавека ёсць працаздольныя дзеці, апошнія павінны даплаціць да поўнага кошту паслуг установы. Але ж, думаецца, гэта нішто, калі на коне самае дарагое — здароўе блізкіх вам людзей. Удакладніць канкрэтныя сумы і атрымаць дадатковую інфармацыю можна непасрэдна ў аддзяленні па тэлефоне 2-54-74.

— Часова нідзе не працую. Падкажыце, калі ласка, што неабходна для таго, каб стаць сацыяльным работнікам тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва?

— Найперш — жаданне працаваць. Трэба падкрэсліць, што кантынгент, з якім сацыяльнаму работніку пастаянна даводзіцца мець зносіны, самы розны, а таму наш супрацоўнік павінен быць спакойным, ураўнаважаным, уважлівым да акружаючых. Для працаўладкавання на гэтую пасаду Вам спатрэбяцца заявы грамадзян, якіх у перспектыве будзеце абслугоўваць, і іх медыцынскія карткі ўстаноўленага ўзору. На сённяшні дзень на адну стаўку сацыяльны работнік павінен мець 6,5 падапечнага (муж і жонка лічацца 1,5 чалавекамі).

— Дзякуй за тлумачэнні.

Падрыхтавала К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *