Ушачане — на пьедестале. Подводим итоги футбольного сезона

Cпорт

У гэтыя выхадныя каманды групы “С” рэгіянальнага этапу Віцебскай вобласці чэмпіянату краіны па футболе згулялі апошнія матчы, і турнірная табліца набыла канчатковы выгляд. “Золата” і пераход на наступны сезон у групу “В” заваявалі докшыцкія футбалісты, якія, зрэшты, і лічыліся фаварытамі. “Срэбра” і магчымасць згуляць пераходны матч з перадапошняй камандай прыгаданай групы – у шаркаўшчынскіх ігракоў. Ушацкі “Партызан” атрымаў “бронзу”.

Калі б напрыканцы леташняга чэмпіянату нам сказалі, што праз год трэці радок ушачан не парадуе, а засмуціць, гэта б падалося дзіўным. Сапраўды, у дэбютным сезоне ў нашых землякоў мала што атрымлівалася, аднак сёлета каманда нібы пераўтварылася! Выдатная гульня “Партызана” ў першым крузе моцна ўзняла планку нашых чаканняў, і хоць на фінішы лідарства не ўдалося ўтрымаць, “бронза” – таксама дастойны вынік, з якім нашых хлопцаў варта павіншаваць!

Дарэчы, за “золота” і “срэбра” ўшачанае змагаліся да апошяга тура, але ў гэты раз не пашанцавала. “Партызан” і шаркаўшчынская каманда набралі роўную колькасць ачкоў, і на трэцюю прыступку нашых землякоў адправіў дадатковы паказчык: у паядынках паміж сабой яны здабылі менш балаў, чым сапернік.

Як ацаніць сезон-2025? Меркаваннямі пра гэта падзяліліся гуляючыя трэнеры нашай каманды Раман Фядосенка і Ігар Коршун. “Невысокі рэйтынг ігракоў і сціплы вопыт удзелу ў турнірах буйнога рангу, праблемы з фарміраваннем саставу і недастатковая сыгранасць, а яшчэ і тое, што ўсе матчы каманда павінна была праводзіць у гасцях (вялікі дзякуй Бешанковічам, якія “пазычылі” нам сваё поле для “дамашніх” паядынкаў) – усё гэта не дадавала нам упэўненасці, і ў лік фаварытаў каманда, канечне, не ўваходзіла. Але мы стараліся кампенсаваць недахопы баявым настроем на кожны паядынак і надзвычайнай самааддачай. А пасля першых перамог яшчэ больш паверылі ў сябе! Трэба сказаць, што ў нашым складзе было некалькі ігракоў “сярэдняга футбольнага ўзросту” – Яўген і Міхаіл Ярмош, Мікалай Зімніцкі, Максім Стрыжанок, Руслан Мадзіеў, Андрэй Бутоўскі, Аляксандр Грысюк, Віктар Волах, на пэўныя матчы далучаліся іншыя. Давялося выходзіць на поле і ветэранам – падставілі плячо камандзе Юрый Уладзіёнак, Андрэй Жаваранак, ды і мы не абмежаваліся толькі трэнерскімі функцыямі. Вельмі важныя пазіцыі ў саставе занялі зусім юныя ігракі, выхаванцы ўшацкай футбольнай секцыі, якія яшчэ нядаўна ўдзельнічалі ў спаборніцтвах “Скураны мяч”. І хлопцы не падвялі! Нягледзячы на свае 17, надзейна выглядаў у абароне Мікіта Жалейка. Стараліся быць карыснымі Мацвей Краўчанка і Улад Варанько. Не так шмат правёў гульняў, аднак паспеў бліснуць майстэрствам 16-гадовы Мікіта Бадзякін, ну а наш галеадор Мацвей Федарэнка ўвогуле стаў адкрыццём чэмпіянату. Юнак, якому толькі споўнілася 19, “накалаціў” сапернікам 12 галоў, аддаў 6 выніковых перадач і з 18 баламі стаў лепшым бамбардзірам групы “С”! Больш за тое, гэта другі вынік сярод усіх ігракоў віцебскага рэгіянальнага этапу – апярэдзіў нашага снайпера толькі Мацвей Ермаковіч – нападаючы каманды “Полацк-2019”, што заваявала “срэбра” ў групе “А”. Увогуле тое, што маладыя ўшацкія футбалісты атрымалі гульнявую практыку і каштоўны вопыт, паказалі свой патэнцыял спецыялістам моцных клубаў, можна лічыць галоўным вынікам нашага ўдзелу ў чэмпіянаце. Спадзяемся, што гэта дапаможа хлопцам у далейшай кар’еры, бо зараз яны працягваюць футбольную практыку. Так, Мікіта Бадзякін выступае ў чэмпіянаце U-17 вышэйшай лігі за каманду “Віцебск”, якая, дарэчы, выйграла стартавы паядынак сезона ў мінскага “Дынама”. Мацвей Федарэнка гуляе з аднагодкамі ў наваполацкім “Нафтане”, за каманду U-17 гэтага ж клуба будуць выступаць Мікіта Жалейка і Мацвей Краўчанка. Усё гэта дае падставу спадзявацца, што ў наступным сезоне “Партызан” стане яшчэ мацней!”

Сёлета “Партызан” згуляў 12 матчаў і набраў 20 ачкоў (13 з іх – па выніках 1-га круга). Для параўнання: у сезоне 2024 года ў скарбонке каманды было 13 балаў. Ушачане здабылі сёлета 6 перамог, 2 нічыі і пацярпелі 4 паражэнні, забілі 35 галоў, прапусцілі 24, пры гэтым наша каманда стала самай рэзультатыўнай у групе, апярэдзіўшы нават пераможцаў.

Ну а мы, балельшчыкі, хочам шчыра падзякаваць нашым футбалістам за бескампрамісную барацьбу і прыгожую гульню. За тое, што гэтым летам нам было за каго хварэць і кім ганарыцца! За тое, што прымусілі сябе паважаць у абласной футбольнай суполцы. Будзем з нецярплівасцю чакаць працягу і, канечне, узвядзення ва Ушачах уласнага футбольнага поля.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *