
Убачыць на старце летніх канікул ва Ушацкай школе столькі навучэнцаў, педагогаў, бацькоў з усяго раёна было нечакана. Нагода ж для такой сустрэчы – надзвычай прыемная: ушанаванне юнакоў і дзяўчат, якія выдатна праявілі сябе ў вучобе, спорце, творчасці.
– Канечне, хацелася б зараз аказацца на іх месцы і гэтак жа атрымаць канверт з грашовай прэміяй, – прызнаваліся з залы выхаванцы ваенна-патрыятычнага летніка “Юнацтва”. – Розныя таленты ёсць у кожнага, і ў наступным навучальным годзе пастараемся іх праявіць – магчыма, і нас на сцэну запросяць.
Ва ўзгаданы ж дзень першымі, хто быў удастоены права сюды падняцца, сталі пераможцы абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, усе – з Ушацкай школы. Дзесяцікласніца Дар’я Жахоўская і вучаніца 11 класа Анастасія Ларчанка заваявалі дыпломы І і ІІ ступені па хіміі, а яшчэ адна сёлетняя выпускніца Анастасія Клачок – “бронзавую” ўзнагароду па рускай мове і літаратуры. Падрыхтавалі дзяўчат настаўнікі А.В.Марозава і Л.В.Трафімава.

Нямала ў нас і юных даследчыкаў. Так, васьмікласнікі Ушацкай СШ Андрэй Кашко і Максім Каваленка сталі дыпламантамі І ступені на навукова-практычнай канферэнцыі “Квант” (В.М.Герцык). Сямікласніца Арэхаўскай школы Марыя Мятла (К.М.Гірсёнак), а таксама шасцікласніца з Ушач Лізавета Жук і адзінаццацікласніца з Вялікіх Долец Ганна Клачок (А.М.Жук) сталі прызёрамі конкурсу “Я спазнаю свет”. Дзевяцікласніца Ільюшынскай СШ Уладзіслава Урбан (І.В.Мілая) і дзесяцікласніца Глыбачанскай Ангеліна Быкава (А.С.Герцык) заваявалі “бронзу” на “Эўрыцы”.
У намінацыі “Спартыўны алімп” адзначаны вучні Вялікадолецкай школы Ксенія і Ганна Бука, Валерыя Гоман, Іван Карпёнак, Кірыл Пугач, Мікіта Бугаёў, Данііл Кастаненка і Дар’я Рэут – прызёры абласных спаборніцтваў па біятлоне “Снежны снайпер”, а першыя дзве – яшчэ і дыпламанты ў асабістым заліку (У.М.Лапіцкі). Прадстаўнічай аказалася і каманда з Ушач, бо там вучацца Святаслаў Радзевіч, Аляксей Салодкін, Марат Цішкоў, Данііл Базылеў, Максім Паршонак, Ілья Сляцкі і Мацвей Кандрацкі, якія заваявалі на вобласці “бронзу” ў міні-футболе (Р.М.Фядосенка). “Срэбраная” ўзнагарода ў настольным тэнісе – у васьмікласніка Глыбачанскай школы Міхаіла Клотчанкі (А.І.Церашкавец).

Праявілі сябе вучні і ў творчасці. Так, выхаванкі аб’яднання па інтарэсах “Умелыя ручкі” раённага цэнтра дзяцей і моладзі Марыя Струй і Яраслава Ліпаўка сталі прызёрамі абласной выставы-конкурсу “Лёд. Кветкі. Фантазія”, акцыі “На добрую памяць” (Л.В.Прашкевіч). А на фестывалі прававых ведаў у намінацыі “Лепшы клуб/атрад” дыплом ІІ ступені заваявалі вучні Глыбачанскай СШ Ульяна Паршонак, Марыя і Вікторыя Мядвецкія, Марыя Клотчанка, Мацвей Барылаў і Кірыл Шпакаў (А.А.Чаркес).
– Пастарайцеся не разгубіць той дар, які набылі разам са сваімі педагогамі, – звярнуўся да ўзнагароджаных намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў. – З такімі таленавітымі, стараннымі дзецьмі, як вы, можна быць спакойным за будучыню раёна, краіны!
Заўсёды імкнуцца да новых вяршыняў, не губляючы пры гэтым індывідуальнасці, выхоўваць у сабе пачуццё адказнасці да даручанай справы пажадалі са сцэны школьнікам сёлетнія выпускніцы А.Клачок і А.Ларчанка. Сваімі ўсмешкамі, маладосцю, задорам падзяліліся з усімі выхаванцы эстраднага і харэаграфічнага аддзяленняў дзіцячай школы мастацтваў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.
