Два гады таму ўшачанка Дар’я Кісялёва скончыла Полацкі медыцынскі каледж і па размеркаванні прыехала на радзіму. Вакантнае месца знайшлося на Сарочынскім ФАПе, дзе маладому спецыялісту даверылі пасаду загадчыка. Ну а паколькі спраўляецца там на выдатна, нядаўна “дадалі ў нагрузку” яшчэ і Мосарскі фельчарска-акушэрскі пункт.
– Сваю работу вельмі люблю і ў іншай сябе не бачу! – прызнаецца дзяўчына, якая з першага погляду выклікае прыязнасць. – Канечне, цяжкавата было пачынаць не ў родных Ушачах, а ў Сарочыне, дзе нікога не ведала, ды і ў мясцовасці слаба арыентавалася. Але ж памочнікі знайшліся. На першы свой абход па адрасах пацыентаў адправілася разам з матуляй – кантралёрам участка “Полацкводаканала”. Ну а па аддаленых вёсках суправаджала памочнік урача агульнай практыкі Глыбачанскай амбулаторыі Галіна Фёдараўна Касатая – вельмі ёй удзячна за падтрымку і карысныя прафесійныя падказкі.
Зараз на абслугоўванні Сарочынскага ФАПа – 255 вяскоўцаў. Гэта практычна ў аднолькавай колькасці людзі працаздольнага і пенсійнага ўзросту, а вось малых дзетак, якія знаходзяцца пад патранажам, усяго трое.
Аглядаем у кабінеце Д.Кісялёвай закладзены дакументацыяй стол, паліцы з медыцынскімі карткамі, выпіскамі, запоўненыя ўсім неабходным шафы аптэчнага пункта. Разумеем, што сядзець без справы – нават пры часовай адсутнасці наведвальнікаў – тут не даводзіцца.
– Самыя насычаныя – дні выдачы зарплат і пенсій, а таксама завозу прадуктаў у кафэ, якое з ФАПам у адным будынку, – расказвае Дар’я. – Тады вяскоўцы заходзяць актыўна – не столькі за дапамогай, колькі для “наладжвання сувязяў”, ну а паралельна просяць ЭКГ зрабіць, артэрыяльны ціск змерыць, лекі прадаць.
Вельмі радуе маладога медыка, калі людзі дбаюць аб прафілактыцы захворванняў – праходзяць штогадовую дыспансерызацыю, вакцынуюцца ад грыпу, каранавірусу. Добрую актыўнасць прадэманстравалі пацыенты Сарочынскага ФАПа і падчас нядаўняга абследавання, якое праводзілася рэнтгена-камп’ютарным кабінетам “Пульмаэкспрэс” – дзякуючы арганізаванаму падвозу, прыязджалі цэлымі сем’ямі. Дарэчы, без выяўленых паталогій не абышлося, а на ранніх стадыях справіцца з імі значна прасцей.
– Практычна кожны мой ранак пачынаецца з дарогі: трэба з Полацка, дзе зараз жыву, да сваіх ФАПаў дабрацца, – расказвае Д.Кісялёва. – Аднак праблемы ў гэтым не бачу – ёсць аўтамабіль, ды і пакуль еду, на работу настройваюся, тое-сёе распланоўваю.
Да экстранных сітуацый малады спецыяліст гатова – ні крыві, ні выгляду траўм, неабходнасці аператыўна прымаць рашэнні яна не баіцца. Быў у практыцы выпадак, калі прама на ФАПе чалавеку стала дрэнна – па першых сімптомах распазнаўшы інсульт, Дар’я выкліка брыгаду “хуткай” і да яе прыезду аказвала вяскоўцу неабходную дапамогу.
У Мосары малады спецыяліст прымае пацыентаў раз у тыдзень. На абслугоўванні тут 155 чалавек.
Дар’я – чалавек творчы. Адвучылася ў школе мастацтваў па класе фартэпіяна, асвоіла харавое дырыжыраванне, у студэнцкія гады іграла на гітары, спрабавала сябе ў касметалогіі. На ўсё гэта зараз катэгарычна не хапае часу: працуе з панядзелка па суботу. Але ж штосьці мяняць ці шукаць месца ў горадзе яна пакуль не збіраецца – любіць дапамагаць землякам. А гэта не можа не радаваць вяскоўцаў, пацыентаў абодвух давераных маладому перспектыўнаму медыку ФАПаў.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

