Сустрэцца з Вячаславам Карзянком планавалі з Дня Перамогі – тады даведаліся, што дачнік-навапалачанін напярэдадні 9 Мая аднавіў кветнік і сам помнік ахвярам Вялікай Айчыннай у вёсцы Забораўна, а годам раней таксама да 9 Мая адрамантаваў абеліск у Матырыне. Без просьбаў з боку сельвыканкама, не маючы родных не толькі на названых аб’ектах, а і наогул на Ушаччыне. Аднак прадпрымальнік-будаўнік практычна ўсё лета знаходзіўся за межамі Беларусі. І вось мы ў гасцях па вуліцы Цэнтральнай, 9 у Салонцы-2, аднак ужо не ў дачніка, а ў пастаяннага жыхара – днямі В.Карзянок аформіў адпаведную рэгістрацыю.
У чырвоным куце на самаробнай драўлянай паліцы побач з іконай і рознымі каштоўнымі для гаспадара рэчамі – кніга. На яе вокладцы малады мужчына ў ваеннай форме. Яму і ўсяму роду Жураўлёвых прысвечаны біяграфічныя нарысы. “Мой дзед Рыгор. Прайшоў тры вайны. Здымак зроблены 9 мая 1945-га ў Берліне. Мяркую, ён быў бы мной задаволены”. Здаецца, матывы ўдзелу Вячаслава, які не памятае дзеда, у добраўпарадкаванні помнікаў зразумелыя – даніна павагі героям. Аднак 46-гадовы мужчына робіць дадатковае прызнанне: “Рабіў гэта ў памяць пра яго, але яшчэ больш – для сябе. Жыць можна, беручы больш, чым аддаеш, столькі ж, а можна і менш. Я перайшоў на трэцюю прыступку. Павышаю аплату работнікам брыгады, якую ўзначальваю, раблю падарункі дзіцячым дамам. А цяпер вось паставіў перад сабой абавязак штогод абнаўляць які-небудзь помнік”.
Ідэя ж паўстала з простай размовы новага жыхара Салонца з тагачасным старшынёй Ушацкага сельвыканкама Міхаілам Хомічам. Пакуль гутарылі, апошняму ўсё паступалі званкі, з якіх акрэслілася адна з зон адказнасці – брацкія пахаванні і абеліскі – і будаўнік прапанаваў сваю дапамогу.
“Калі здымаў плітку, якая адышла ад прыступак-падмурка, спадзяваўся, што абыдзецца невялікімі затратамі. А давялося збіраць брыгаду, якая правяла на аб’екце… не менш 200 чалавека-гадзін”, – Вячаслаў прымяняе прафесійны тэрмін і тлумачыць, што па-новаму апранулі помнік у жалезабетон, спачатку замацаваўшы сетку, а потым уклаўшы добры слой тынкоўкі, усё зачысцілі і пафарбавалі. “У нас цудоўная моладзь. Столькі хлопцаў адгукнулася на дапамогу, матэрыялы свае прыносілі, стараліся і ніколькі не пашкадавалі аб затрачаным часе. У Забораўне майстраваў наш рукасты Дзінар. Справа акрыліла! Трэба ўсіх назваць”, – прапанаваў Вячаслаў і мы дамовіліся, што вясной абавязкова сфатаграфуем на чарговым аб’екце ўсіх “цімураўцаў”.
Жыццёвая філасофія Вячаслава, які шмат чытае і многа чым цікавіцца, вывучае мовы, рэлігіі – складаная і простая адначасова. Ён імкнецца спасцігнуць сябе і зрабіць лепей. Каб больш быць сам-насам з прыродай, чуць цішыню, ён і займеў чатыры гады таму домік у глухой вёсачцы. Хоць займаецца добраўпарадкаваннем сядзібы па канчатковым прынцыпе – урыўкамі паміж завяршэннем чарговага аб’екта, а тым не менш нямала ўжо зроблена. Зруб, у якім замянілі толькі ніжні вянец, знутры дасканала ачышчаны балгаркай, бярвёны пасвятлелі, захаваўшы малюнак і агаліўшы карункі дзіўнай прыгажосці, зробленыя караедам. У трысцене майструецца душавая, пакладзены цёплы пол, а кацельня ўяўляе невялікую электрычную “шафу”, паказчыкі якой хутка будуць разлічвацца па льготным тарыфе. Столік з масіву сасны, стулы з разнымі спінкамі і сядушкамі. Вячаслаў, у якога “айцішная” вышэйшая адукацыя, атрымаў корачкі разьбяра па дрэве, ды і наогул асвоіў шмат будаўнічых спецыяльнасцяў, так што дом і двор ужо казыраюць рознымі адметнасцямі. Вялізныя арэлі на ланцугах, дзіцячы домік і горка з працяглым спускам, лазня з двума топкамі, у якой будзе нават “ПравІла” – старажытнае прыстасаване для расцяжкі і ўмацавання пазваночніка і мышцаў. Ну а брусы, турнік ужо вісяць у адзіным абжытым пакоі і зусім не займаюць месца, бо замацаваны на столі. Дарэчы, планы ў новага жыхара Салонца грандыёзныя, аднак не будзем забягаць наперад, проста вернемся на сядзібу праз пэўны час.
Вольга Караленка.

