Детские пособия по новым правилам

Выясняем ситуацию Главные темы Калейдоскоп Общество Официально

Пра некаторыя аспекты Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных дапамогах сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей”, які ўступіў у сілу з 1 студзеня 2013 года, мы ўжо расказвалі на старонках газеты. З улікам таго, што дзеянне дакумента закранае розныя катэгорыі ўшачан, мы працягваем знаёміць нашых чытачоў з палажэннямі гэтага нарматыўнага акта. Сёння наша гутарка з начальнікам Ушацкага раённага аддзела Віцебскага абласнога ўпраўлення Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва П.М.СМАРГУНОМ.

– Пётр Мікалаевіч, скажыце, калі ласка, якія віды дапамог сем’ям, што выхоўваюць дзяцей, прадугледжаны прыгаданым Законам?
– Такіх відаў налічваецца тры: па мацярынстве, сямейныя дапамогі і па часовай непрацаздольнасці па доглядзе за дзіцём.
– Жанчыны, якія сталі на ўлік у дзяржаўныя органы аховы здароўя да 12-тыднёвага тэрміну цяжарнасці, па-ранейшаму будуць атрымліваць дапамогу ў памеры 100 працэнтаў найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ)?
– Так. У студзені 2013 года гэтая сума складае 880 тысяч 30 рублёў. Дарэчы, упершыню ў заканадаўстве вызначаны парадак сацыяльнага забеспячэння сурагатных матуль. З гэтага часу ім таксама будзе выплачвацца гэты від дапамогі.
– Ці змяніліся памеры дапамог у сувязі з нараджэннем дзіця?
– Не. Як і раней, гэтая дапамога назначаецца і выплачваецца на кожнае дзіця адначасова пры нараджэнні, усынаўленні (удачарэнні) у наступных памерах:
* на першае дзіця – у памеры 10-кратнай найбольшай велічыні БПМ, што дзейнічае на дату нараджэння малыша (па стане на 1 студзеня 2013 года – 8 мільёнаў 800 тысяч 300 рублёў);
* на другое і наступнае дзіця – у памеры 14-кратнай найбольшай велічыні БПМ (12 мільёнаў 320 тысяч 420 рублёў).
Хочацца адзначыць, што сурагатным матулям гэты від дапамогі не назначаецца.
– Чула, што істотныя змены адбыліся ў парадку назначэння дапамогі па цяжарнасці і родах…
– Так. Значна павялічыўся перыяд, за які вызначаецца сярэднядзённая заработная плата для налічэння такой дапамогі. Раней улічваліся толькі два месяцы, якія папярэднічалі месяцу, у якім узнікла права на дапамогу, зараз – ужо шэсць. Прычым, калі раней заработная плата дзялілася на працоўныя дні ў перыядзе, то зараз яна дзеліцца на каляндарныя дні. Максімальны памер такой дапамогі не павінен за кожны каляндарны месяц перавышаць трохкратную велічыню сярэдняй заработнай платы работнікаў па рэспубліцы за месяц, які папярэднічаў месяцу наступлення водпуску па цяжарнасці і родах.
Жанчынам, у якіх права на такую грашовую падтрымку ўзнікла да ўступлення ў сілу Закона (лісток непрацаздольнасці выдадзены 31 снежня 2012 года і раней), дапамога налічваецца ў адпаведнасці з заканадаўствам, якое дзейнічала на той час.
– Хто мае права на дапамогу па доглядзе за дзіцём-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў?
– Маці (мачаха) або бацька (айчым), усынавіцель, апякун дзіцяці-інваліда ці іншая асоба, якая фактычна ажыццяўляе догляд за ім. Абавязковая ўмова – чалавек не павінен знаходзіцца ў працоўных адносінах.
– Раскажыце пра дапамогу па часовай непрацаздольнасці па доглядзе за дзіцём.
– На яе ў выпадку сваёй хваробы можа прэтэндаваць маці або іншая асоба, якая ажыццяўляе фактычны догляд за малышом ва ўзросце да трох гадоў ці дзіцём-інвалідам да 18 гадоў і атрымлівае адпаведную дзяржаўную дапамогу.
Законам уведзена права на дапамогу па часовай непрацаздольнасці па доглядзе за дзіцём-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў, калі апошні праходзіць медыцынскую рэабілітацыю. Пашырана таксама кола асоб, якія могуць разлічваць на грашовую падтрымку ў выпадку санаторна-курортнага лячэння непаўналетняга дзіцяці-інваліда. Дарэчы, тэрмін, на які прызначаецца такая дапамога, абмежаваны: не больш за адзін тэрмін санаторна-курортнага лячэння і адзін – медыцынскай рэабілітацыі ў каляндарным годзе. Неабходнасць догляду за дзіцём-інвалідам ва ўзросце да 18 гадоў у выпадку яго санаторна-курортнага лячэння і медыцынскай рэабілітацыі ўстанаўліваецца ўрачэбна-кансультацыйнай камісіяй арганізацыі аховы здароўя па месцы жыхарства.
– Дзякуй вам, Пётр Мікалаевіч, за змястоўныя адказы і каментарыі, якія дапамогуць нашым чытачам атрымаць уяўленне аб новаўвядзеннях у заканадаўстве па дзяржаўнай падтрымцы сямей з дзецьмі.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *