Территория Сорочинского лесничества в идеальном порядке

Благоустройство Общество

“Вы крыху спазніліся! Літаральна днямі падрыхтавалі кветнікі да зімы”, – не хаваў расчаравання ляснічы Сарочынскага лясніцтва Сяргей Міхайлавіч Ільюшэвіч, даведаўшыся пра мэту нашага візіту. Прыйшлося запэўніваць яго, што і без кветак тэрыторыя вакол адміністрацыйнага будынка лясніцтва выглядае цалкам прэзентабельна. А гэта сапраўды так. Кампазіцыі з камянёў, прыгожыя сцяжынкі, акуратныя агароджы – усё тут зроблена грунтоўна і з добрым густам. Вельмі ўпрыгожвае мясцовасць мінідэндрарый, які ў асноўным складаецца з дрэў хвойных парод – піхты, туі, ядлоўца. А вось цеплалюбівая фарзіцыя выглядае ўвосень сумнавата – бачна, што гэтай паўднёвай прыгажуні наш клімат не зусім даспадобы.  
Акуратны будынак канторы, новыя гаражы і, канечне, асаблівы мясцовы гонар – пажарна-хімічная станцыя і пажарная вышка з азімутальным колам (гэта прылада дазваляе дакладна вызначаць каардынаты месца ўзгарання) – усё ў ідэальным стане. Нездарма ж сёлета менавіта на базе Сарочынскага і Ушацкага лясніцтваў праводзіўся абласны семінар па пытаннях добраўпарадкавання і падрыхтоўкі да пажаранебяспечнага сезона.
Сарочынскае лясніцтва – самае маладое ў раёне: яно было арганізавана толькі ў 2000 годзе. Праз тры гады, атрымаўшы новы адміністрацыйны будынак, лесаводы адразу ўзяліся за навядзенне прыгажосці ў яго наваколлі. Такім чынам, заняліся добраўпарадкаваннем яшчэ да таго, як гэты працэс ахапіў усе прадпрыемствы. Нельга не вылучыць былога памочніка ляснічага Аляксея Апёнка, які прыклаў шмат намаганняў, каб тэрыторыя лясніцтва набыла прывабны выгляд: рабіў планіроўку, падбіраў у Глыбоцкім гадавальніку расліны для мінідэндрарыя.  Шмат увагі надае добраўпарадкаванню і цяперашні кіраўнік прадпрыемства, не стаяць у баку ад гэтай справы і астатнія работнікі. Гэта і зразумела, бо тут лічаць, што знешні выгляд не толькі стварае станоўчы імідж прадпрыемства, але і дысцыплінуе.
Н.БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *