Ушачане всегда с дровами и брикетом — районный филиал «Витебскоблтоп» работает планово и просчитывает разные варианты

Общество

Ва “Ушачыпаліўзбыце” зараз ажыятаж на брыкет. Ім топіцца даволі ўнушальная частка прыватнікаў, чые дамы абсталяваны катламі і паравым ацяпленнем. І хоць летам прадпрыемства адпускала паліва ў растэрміноўку, а таксама нагадвала ўшачанам, каб не зацягвалі з яго набыццём, нашы людзі прывыклі адкладваць ўсё на апошні момант. Таму зараз, калі ранняя зіма прыгадала, што холад – не цётка, брыкет разыходзіцца літаральна з колаў: завезлі – развезлі.

– Добра, што ёсць адкуль завозіць, – гаворыць начальнік прадпрыемства Генадзь Рыгоравіч Чабатар. – Браслаўскі брыкетны завод, напрыклад, не працуе, таму шэраг раёнаў адчувае дэфіцыт у гэтым відзе паліва. Мы ж пастаўляем і яго, і дровы, і магу пахваліцца, што знаходзімся па выкананні плана па водпуску тон умоўнага паліва на лідзіруючых пазіцыях у вобласці.

Гэта адбываецца перш за ўсё таму, што прадпрыемства працуе планава, пралічвае розныя варыянты і гатова прапанаваць прыватнікам самыя зручныя схемы нарыхтоўкі дроў. Можна выпісаць і даставіць з бліжэйшых  лясніцтваў, работнікі ж “Райпаліўзбыту” прыедуць, на месцы распілуюць і пасякуць. Хаця для недалёкіх ад Ушачы вёсак самым выгадным застаецца варыянт дастаўкі з прадпрыемства. Аказваюць яны паслугі па распілоўцы і тым, хто не набывае ў іх драўніну, напрыклад, школьным установам.

Працаваць рэнтабельна з кожным годам становіцца ўсё складаней. Значна зменшыла колькасць патэнцыйных кліентаў газіфікацыя гарпасёлка і некаторых аграгарадкоў. У многіх ведамствах паліва закупляецца цэнтралізавана: праводзяцца тэндары, і таму некаторыя ўстановы таксама выпалі з устойлівага кола кліентаў. Ды і нарыхтоўкай дроў займаюцца і ствараюць канкурэнцыю не толькі індывідуальныя прадпрымальнікі. “У такіх жа прыватнікаў, як і самі, ушачане купляюць дровы, прычым даражэй, чым прапаноўваем мы. У нас 90­-100 рублёў машына, але людзі не ведаюць, мабыць, і пагаджаюцца на сумніўныя паслугі”, – не ў першы раз здзіўляецца Генадзь Рыгоравіч непрадказальнасці “рынку”.

Улічваючы ўсе абставіны, у гэтым невялікім калектыве разлічваюць на свае сілы, пралічваюць даходы і расходы, праводзяць вымушаную аптымізацыю штата, самастойна рамантуюць і ўдасканальваюць сваю старую тэхніку, каб нам з вамі завезці пасечаныя ці калодкамі дровы або брыкет, каб мы атрымалі іх нават у той жа ці наступны дзень, як паступіла заяўка. Мы да гэтага прывыклі, як і да таго, што вяскоўцам не трэба ехаць ва Ушачы, каб выпісаць дровы: варта толькі патэлефанаваць і разлічыцца пасля разгрузкі ў двары.

Вольга КАРАЛЕНКА.

На здымку: Аляксей Яцкевіч і Аляксандр Шаўчэнка загрузілі максімальную колькасць калодак, папярэдне роўна склаўшы адна да адной, і за лічаныя хвіліны даставілі прычэп дроў на адну з вуліц гарпасёлка;



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *