В каком коллективе Ушаччины работают лучшие кулинары? Рассказываем об итогах конкурса «Ушацкі смак»

Калейдоскоп

Поліўка і дранікі, мачанка з блінамі і маркоўныя кексы, галубцы з бурачнага лісця і аладкі з тапінамбура… Сапраўдным святам для гурманаў стаў конкурс-прэзентацыя страў беларускай нацыянальнай кухні “Ушацкі смак”, які праходзіў у рамках Дня горада.

Каманда райбальніцы.

Ад пахаў ды выгляду прыгатаванага, што рыхтавалі да прэзентацыі канкурсанты, цяклі слінкі нават у сытых удзельнікаў свята. Было чым здзівіць гасцей прадстаўнікам райбальніцы: на “ўра” разляталіся бабка са шкваркамі, фаршыраваны шчупак і нават безалкагонае шампанскае з аксамітак – апошняе прыгатавала маці ідэйнага натхняльніка каманды Н.Лісічонак. “Хацелі не толькі смачна ўсіх накарміць, але і павесяліць, – расказвае Наталля. – Таццяна Радыгіна і Анастасія Лабенак узялі на сябе ролі дзеда і бабы, якія запрашалі ўсіх за стол. Для афармлення ж пляцоўкі калегі неслі ўсё магчымае: ад гарбузоў, галінак каліны да гліняных гаршэчкаў, валёнкаў, гармоніка”. Такі падыход не застаўся без увагі: каманда ЦРБ перамагла ў намінацыі “Лепшая прэзентцыя стравы”.

Мелі ўсе шансы на п’едэстал і электрасувязісты. Членаў журы і гасцей яны сустракалі хлебам ды соллю. Дарэчы, першы – уласнага прыгатавання: пякла жонка работніка ўчастка Міхаіла Лёлі. Праявіла каманда і сваю творчасць: пра каронную страву “Таямніца сонечнай гарбузіны” (фаршыраваны мясам, бульбай, цыбуляй і смятанай гарбуз) і смачныя дэсерты чыталі вершы, якія да свята напісала Алена Федуковіч.

На пляцоўцы раёна газазабеспячэння.

Дыетычным наборам страў не абмежаваліся прадстаўнікі фізкультурна-аздараўленчага комплексу – прэзентавалі любімыя ўшачанамі поліўку, рулет з грыбамі, пончыкі, якія рэалізуюцца ў кафэ “ТаймАўт”. У моцнай паловы актыўна “ішлі ў ход” мясная нарэзка і квашаная капуста. Галоўным жа на дэгустацыі стаў “Дранік па-панску”.

Да пляцоўкі ТЦСАН вабіла не толькі апетытнае змесціва гаршэчкаў ды талерачак, але і пах свежанькіх бліноў. Пяклі іх работніцы, наведвальніцы сацустановы прама на плошчы. Былі таксама “галубцы па-ўшацку”, “Квасоліха”, піражкі з бульбы… Перамозе гэтай каманды ў намінацыі “Самая смачная страва” ўсе шчыра парадаваліся.

Як і таму, што лепшае афармленне было прысуджана прадстаўнікам раёна газазабеспячэння. “Усім калектывам прадумвалі, што гатаваць і як сервіраваць, – не перастаючы частаваць гасцей, казалі ўдзельнікі каманды. – Суп-пюрэ з тыквы, бульбяныя “жулікі”, бургеры з дранікаў замест булкі ўсім прыйшліся даспадобы, а гэта для нас – лепшая ацэнка”.

Падчас дэгустацыі.

З песнямі, тэатралізаванымі мініяцюрамі запрашалі на сваю пляцоўку прадстаўніцы сельскіх дамоў культуры. “Сёння для дранікаў не адно вядро бульбы начысцілі!”, – зазначалі вясковыя гаспадыні.

Актыўна частавалі гасцей і каманды дзвюх дашкольных устаноў з райцэнтра. Так, дзіцячы сад №1 прапанаваў надзвычай шырокі асартымент страў: бульбяныя калдуны і зразы, сала і квашаную капусту, халаднік і бруснічны морс, а сад №4 зрабіў стаўку на бабку са шкваркамі, і гэтак жа не прагадаў.

“Хаця шмат гатую дома для родных, многія рэцэпты сёння ўзяла на ўзбраенне. Цяпер у маім меню з’явяцца “Беларускія гульбішкі”, бульбяныя піражкі з грыбамі”, – падзялілася з намі ўдзельніца дэгустацыі Алена Сямчук.

…Толькі агучанае са сцэны запрашэнне на падвядзенне вынікаў конкурсу-прэзентацыі прымусіла адысці ад сталоў – настолькі было смачна і цікава! Усе ўдзельнікі адзначаны дыпломамі, а пераможцы – яшчэ і падарункамі ад сектара культуры Ушацкага райвыканкама.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *