Велапарк ТЦСАН Ушацкага раёна днямі папоўніўся 16 адзінкамі тэхнікі, у тым ліку дзвюма з пазнакай “электра”. Цяпер сацработнікам стане лягчэй перамяшчацца, дабірацца да аддаленых населеных пунктаў.
– Гэта вельмі патрэбныя памочнікі, – не хавалі эмоцый уладальнікі двухколавых транспартных сродкаў. – У многіх веласіпеды ўжо былі, добра паслужылі. Некаторыя ж упершыню атрымалі такі падарунак ад цэнтра.
Найбольш парадаваліся тыя, каму далі электратранспарт. Як падкрэсліла загадчык аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме Маргарыта Майсеенка, выбар – цалкам апраўданы і лагічны: сацработнікі Наталля Фёдарава і Міхаіл Целепень маюць вельмі працяглыя маршруты. На іх абслугоўванні знаходзяцца зараз жыхары вёсак Судзілавічы, Гамылёва, Лажаншчына, Гушчынская Слабодка, а таксама Любжына, Баброва, Дубраўка, Стаі.
Як адзначаюць у ТЦСАН, абнаўленне велапарка працягнецца. Гэтая ж партыя транспарту сёлета стала ўжо чацвёртай.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

