Обижают и самые близкие. Практика воспитания, которой не должно быть

Общество

Звычайна дзецям імкнуцца даць самае лепшае, клапоцяцца пра іх. Але ж бываюць збоі – калі дарослыя пачынаюць прычыняць фізічны боль, псіхалагічна прыніжаць тых, хто проста не можа даць адпор. Штогод у свеце каля 1,2 мільярда хлопчыкаў і дзяўчынак падвяргаюцца дома цялесным пакаранням.

За дрэнныя паводзіны – рамень?

На жаль, ёсць такія факты і на Ушаччыне. Сёлета ў райаддзел міліцыі паступіла тры паведамленні аб фактах прымянення фізічнай сілы ў адносінах непаўналетніх. У выніку двое нашых землякоў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па арт. 10.1 КаАП Рэспублікі Беларусь.

Жыхароў райцэнтра занепакоілі падзеі за сцяной – галава сямейства штосьці моцна крычаў, былі чутны і ўсхліпы яго пасынка, вучня Ушацкай школы. Сустрэўшы хлопчыка на наступны дзень, суседзі пацікавіліся, у чым справа. І той расказаў, што атрымаў моцны наганяй без прычыны, калі разам з айчымам рабілі ўрокі.
Эльвіра Трафімава, супрацоўнік інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС:

– Па хадайніцтве пракуратуры была праведзена праверка, якая паказала, што толькі крыкамі ў той вечар не абышлося. Сям’ю, у якой падобных казусаў дагэтуль не было, узялі на кантроль. Ну а мужчыну прызначылі штраф за нанясенне блізкаму чалавеку пабояў.

Праблемы з законам зарабіла сабе і мнагадзетная маці, якая ігнаравала патрэбы нашчадкаў, а ў якасці галоўнага выхаваўчага інструмента перыядычна выкарыстоўвала рамень. Прычым, біла ім не шкадуючы сілы. У адносінах старэйшай дачкі жанчына ўжо пазбаўлена бацькоўскіх правоў, пяцёра ж астатніх перабраліся да свайго таты ў Лепель – там ім, упэўнены педагогі і праваахоўнікі, будзе бяспечней.

– Даволі часта дзеці становяцца ахвярамі праблемных адносінаў паміж бацькамі, – кажа псіхолаг Ушацкай цэнтральнай райбальніцы Наталля Лісічонак. – Бывае, мужчына п’е, па доме нічога не робіць, а яго другая палавіна, якая баіцца ўслых выказаць прэтэнзіі, вымяшчае злосць на нашчадках. Праяўляцца гэта можа па-рознаму: фізічным пакараннем за любую правіннасць, абразамі, крытыкай, пагрозамі… Падобнае ніколі не праходзіць бясследна! Самаацэнка непаўналетняга зніжаецца, мяняюцца паводзіны – ён можа замыкацца ў сабе, прапускаць заняткі ў школе ці актыўна праяўляць сябе з негатыўнага боку.

У РАУС нагадваюць: бацькі могуць быць прыцягнуты да крымінальнай адказнасці за катаванне, прычыненне цялесных пашкоджанняў, пакіданне ў небяспецы сваіх непаўналетніх дзяцей.

Маладыя і задзірыстыя

Сваімі паводзінамі часам непрыемна здзіўляюць і самі непаўналетнія. Нягледзячы на юны ўзрост, многія паспяваюць і закон неаднаразова парушыць, і рызыку трапіць у спецустанову займець.

У так званую “дзіцячую турму” нашых землякоў у апошні раз адпраўлялі ў 2010 годзе. Сёлета ж такую “пуцёўку” ў Петрыкаў атрымала 12-гадовая жыхарка адной з вёсак раёна. Прычым, на судовым пасяджэнні было прызначана, што правядзе яна там максімальны тэрмін – два гады.

І дома, і ў школе справіцца з дзяўчынай не маглі: рэгулярна парушала дысцыпліну, праяўляла агрэсію, хуліганіла, яшчэ і красці сабе дазваляла. Бацькі не раз хадзілі на пасяджэнні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, за неналежнае выхаванне дачкі плацілі штрафы… Але ўсё гэта юнай парушальніцы было ніпачым. А нядаўна яна шакіравала ўсіх чарговай выхадкай у школе. Калі настаўніца зрабіла ёй заўвагу, кінулася з кулакамі, прычым, цэлілася ў твар.

Зараз адправіцца ў спецустанову рызыкуюць яшчэ трое хлопцаў ва ўзросце 11-12 гадоў. Усе любяць “памахаць кулакамі”, прычым, перад слабейшымі.
Адзін з іх дагэтуль здзейсніў учынкі, якія караюцца нават не адміністрацыйным, а крымінальным кодэксам – залез у чужы дачны дом, учыніў пагром. Калі б не ўзрост, панёс бы сур’ёзную адказнасць. А так адчуваў уседазволенасць і нядаўна паздзекваўся з таварыша па Ушацкай школе – накруціў яму вушы.

Дасталося і вучню Арэхаўскай СШ – добра, што без пералому робраў абышлося. Да яго без усялякай на тое прычыны кінуўся аднакласнік, ад якога ва ўстанове церпяць усе. Гэта своеасаблівы рэкардсмен па колькасці разглядаў на камісіі па справах непаўналетніх – у свае 11 хлопец паспеў і чатыры крадзяжы, і пяць адміністрацыйных парушэнняў учыніць.

Прыклад паводзін – перад вачыма

Як адзначае псіхолаг ТЦСАН Ушацкага раёна Алеся Дукмасава, актуальнай на Ушаччыне застаецца праблема атрымання непаўналетнімі так званай “траўмы сведкі”. Яна ўзнікае ў тых, хто сам не перажывае насілле, аднак назірае за ім і церпіць ад гэтага не менш. Прывядзём прыклад: галава сям’і сістэматычна выпівае, устройвае скандалы з жонкай, а дзіця ўсё чуе і бачыць. Вельмі часта такая мадэль паводзін у сям’і становіцца для непаўналетняга нормай – і ўжо ў дарослым жыцці ён сам гэта паўтарае: становіцца агрэсарам ці ахвярай дамашняга насілля.

Даводзіцца сутыкацца суб’ектам прафілактыкі і з фактамі булінгу падлеткаў. Здзекваюцца з іх – маральна і фізічна (ва Ушачах былі выпадкі, калі плявалі, піхалі, па адзенні ў гардэробе тапталіся) – звычайна аднагодкі. Нагода ж для гэтага магла быць самая розная: “ахвяры” больш сціпла апранаюцца, выдатна вучацца, маюць асаблівасці ў знешнім выглядзе… Для прафілактыкі падобнага педагогі, псіхолагі праводзяць значную работу з самімі непаўналетнімі (агрэсарамі і пацярпелымі), іх бацькамі.

Рукі прэч ад дзяцей!

Рэгіструюцца ў нашай краіне і злачынствы супраць палавой недатыкальнасці, палавой свабоды непаўналетніх. Па статыстыцы, амаль кожны чацвёрты выхоўваецца ў нядобранадзейнай сям’і. Учыняюць жа такія дзеянні часцей дарослыя, якія ўжо мелі судзімасць за падобнае.

Крымінальныя справы па арт. 168 КК Рэспублікі Беларусь (палавыя зносіны і іншыя дзеянні сэксуальнага характару з асобай, якая не дасягнула шаснаццацігадовага ўзросту) час ад часу ўзбуджаюцца і на Ушаччыне. Насіллем у прамым сэнсе гэтага слова такія факты наўрад ці назавеш, бо ўсё адбывалася добраахвотна, але ж адэкватна прымаць такія “дарослыя” рашэнні зусім юныя дзяўчаты проста не маглі.

У Беларусі распрацаваны Нацыянальны механізм аказання дапамогі непаўналетнім, якія пацярпелі ад насілля. Ёсць рэгіянальныя карты дапамогі – з адрасамі, кантактнымі нумарамі і графікам работы ўстаноў, у якія можна звярнуцца юным ахвярам, іх бацькам. Спасылку на карту Ушацкага раёна можна знайсці на сайце райвыканкама ў раздзеле “Жыхарам”, падраздзеле “Прафілактыка насілля”. Там жа змешчана карысная інфармацыя аб паслугах часовага прытулку, а таксама нумары рэспубліканскіх “тэлефонаў даверу”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *