Адшукаць нават у вялікім незнаёмым памяшканні сталовую лёгка – проста ідзі на пах. А паколькі ў 9 гадзін раніцы ў кропцы грамадскага харчавання “Сафійскіх дароў” ужо быў гатовы расольнік і дасмажвалася запраўка – ён і давёў мяне спачатку да залы на чатыры столікі, а потым і непасрэдна да кухні, якія размешчаны ў адміністрацыйным будынку сельгаспрадпрыемства. І позірк прыкаваўся да вялізнага стала, поўнасцю закладзенага будучымі катлетамі.
– Сёння тушым 250 штук, – паведаміла Іна Васільеўна Ігнатовіч, – пакуль я апранала пададзены яе напарніцай Тамарай Васільеўнай Бучынскай халат. – Бачыце, палова свінога фаршу яшчэ ў тазіку, атрымаецца па дзве на чалавека. Гатуем і ялавічыну, і кураціну, і рыбу, аднак мясныя стравы – пераважна з любімай свініны. Наш дырэктар Г.Буркенадзэ вельмі клапоціцца, каб харчаваліся хлопцы каларыйна і разнастайна, сам цікавіцца і ў іх, і ў нас меню і водгукамі.
Хаця, каб ведаць іх, поварам не трэба далёка хадзіць – штодня дэгусціруе ў полі матчыну страву камбайнер Артур Ігнатовіч. Разам у 6 гадзін і едуць з Арэхаўна на работу. Афіцыйна працоўны дзень на кухні пачынаецца з 7-мі, жанчыны ж прыходзяць раней, бо не паспяваюць. І хоць маюць дазвол пакідаць працоўнае месца, як будзе гатовы адвячорак – звычайна гэта адбываецца таксама пазней адведзеных 8-гадзін. Не жартачкі, двойчы на дні гатаваць паўнацэнныя абеды на 120 чалавек.
Колькасць можа мяняцца, аднак нязначна – меней 100 работнікаў у гэтым сезоне не абслугоўвалі. Так многа, бо кормяць не толькі хлебаробаў, занятых на жніве, корманарыхтоўцы і сяўбе, але пастухоў і даярак літаральна з усіх ферм прадпрыемства. І не толькі свайго – абедамі “Сафійскіх дароў” карыстаюцца ўсе пералічаныя катэгорыі работнікаў КУСГП “Вялікадолецкае”, а прыязджаючы за чарговымі кантэйнерамі, абавязкова перадаюць ад хлопцаў “Вялікі дзякуй. Было вельмі смачна”.
І ёсць за што. Жанчыны сапраўды стараюцца, і ўчарашняе меню не паўторыцца назаўтра, а падвячорак не нагадае абед. Дарэчы, ён такі ж паўнацэнны з абавязкова гарачай мясной стравай, толькі без першага. І ў дзень майго візіту ў другой палове дня механізатары ўжо ласаваліся курацінай. Повары загадзя прыдумваюць, чым пабалаваць. Назаўтра заказана капуста – будзе тушаная з мясам ці галубцы, калі сёння катлеты, значыць заўтра адбіўныя, сасіскі ці нават клёцкі. Так, хоць і праблемна было, асабліва вясной з “другім хлебам”, аднак не лянуюцца, чысцяць вёдры клубняў і частуюць камбайнераў і вадзіцеляў самымі любімымі ўшацкімі стравамі. За якія яны плацяць толькі 20 працэнтаў сабекошту.
“Сярэдні ж за абед складае 7,5 рубля, можа быць і 5, і 10 – у залежнасці ад страў, – расказвае загадчыца сталовай Ірына Пятроўна Бачалянкова. – Усё мяса і рыбу заказваю ў магазіне ад Міёрскага мясакамбінта, малочку – у “Сафійцы”, а гародніну – на складзе “Фрутрэала”, таму і кошт выходзіць невысокі. Хлеб – з нашага завода, і пяць латкоў разам з батонамі разыходзяцца штодня. На годным харчаванні наша прадпрыемства не эканоміла ніколі, і як толькі ў 2019-м пераехалі на новую вытворчую базу, так пачалі будаваць сталовую, а з пасяўной кампаніі 2020-га кормім людзей”. І гэта сапраўды вельмі важная арганізацыйная частка жніва, невыпадкова ж нарадзілася прымаўка: ”Мельница сильна водой, а человек – работой и едой”.
Вольга КАРАЛЕНКА.