Делегация Ушачского района побывала в Чашниках на областном фестивале-ярмарке тружеников села «Дажынкі-2025»

Главное Сельское хозяйство

 

Механізатары “Вялікадолецкага”.

Сёлетні 2025 год, безумоўна, увойдзе ў гісторыю рэкордаў аграрнай Віцебшчыны – сабраны адзін мільён пяць тысяч пяцьсот тон збожжа.  Але не гэтай высокай лічбай адметна жніво – такі паказчык быў у 2022 годзе, а тым, у якіх складаных умовах ён сабраны. “Сёлета надвор’е правярала Віцебшчыну на трываласць. І працаўнікі сяла годна здалі экзамен самаму суроваму экзаменатару”, – гучала ў Прывітальным адрасе Прэзідэнта перадавікам Прыдзвіння на свяце “Дажынкі-2025”. “Гэта была сапраўдная бітва за ўраджай. У ліпені аказалася 18 дажджлівых дзён, а ў жніўні – асноўны час уборкі – 25”, – правёў лічбавы аналіз намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў. “Мы атрымалі максімальна магчымыя вынікі ў экстрэмальных умовах надвор’я”, – падкрэсліў падчас ўзнагароджвання перадавікоў старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Субоцін. А дэлегацыі ўсіх раёнаў, што сабраліся 4 кастрычніка ў Чашніках, убачылі свае будні падчас дэманстрацыі дакументальнага фільма аб тым, як цяжка дасягаўся мільённы каравай.

Сяргей САДОЎСКІ: “Складана вырасціць, а яшчэ складаней сабраць ураджай. Вобласць атрымала мільён тон у тым ліку дзякуючы кіраўніцтву краіны –працавалі нават камбайны з Гомельшчыны. Накіроўвалі тэхніку з іншых рэгіёнаў і на Ушаччыну. Нам неабходна была гэта падтрымка, як і ўвогуле дапамога шэфаў з прадпрыемстваў”.

У стужцы не было Мікалая Багданава ці Алега Арлоўскага – наогул нікога з Ушацкай дэлегацыі, але ўсе “ўбачылі” сябе. Стогектарнае рапсавае поле прыгадваў дырэктар “Сафійскіх дароў” Гурамі Буркенадзэ, калі вымушаны быў даць загад “парэзаць” яго на секцыі і чакаць, пакуль вецер прасушыць сцябліны. Цяжка далося гэтае рашэнне: яшчэ свяціла сонца, але надыходзілі навальнічныя хмары і кіраўнік выбіраў – губляць час ці ўраджай – першыя прагоны паказалі страты на густых палетках. Назаўсёды застанецца ў памяці выконваючага абавязкі дырэктара “Ільюшынскага” Мікіты Завадскага яго першая ў жыцці ўборачная. На палях пастаянна дзяжурыў вялікі “Амкадор”, але і ён не заўсёды мог выцягнуць тэхніку. Толькі кабіна камбайна выратавальніка Аляксандра Харака тырчала на меліяраваным полі ля Вацлавова, давялося і МТЗ-3522 накіроўваць. Наогул, на дні не раз мянялі дыслакацыю. Гразлі ў Двор Жарах – пераязджалі ў Жары, ці з Наваселля ў Сержаны. Эканаміст па адукацыі, кіраўнік, як і яго вышэй прыгаданы калега, аказаўся яшчэ і за агранома, таму штодня знаходзіўся ля камбайнаў. Акрамя трактара-цячага выдзяляла кіраўнік “Глыбачан” Тамара Сурынава яшчэ і генератар, каб на полі падключыць зварку. Работнікаў і спецыялістаў у гаспадарках не дастае, а восеньскія справы ў разгары – яшчэ ўбіраецца сёлетні і закладаецца чарговы ўраджай. Таму і на “Дажынкі”, каб не спыніць вытворчы працэс, трапілі далёка не ўсе дастойныя працаўнікі.

“Хлопцы, сёння – свята, а заўтра (нядзеля) – працоўны дзень, – настройваў перадавікоў старшыня райвыканкама Сяргей Садоўскі. – Неабходна павялічыць тэмпы сяўбы, таму выхадных пакуль не будзе”.

На ўшацкай пляцоўцы.

Вобласць атрымала рэкордны ўраджай рапсу – 18,1 цэнтнера з гектара і сабрала больш 100 тысяч тон масланасення.

В.Калітуха

Да такога рэжыму яны даўно прывыклі. Васіль Калітуха з “Ільюшынскага” зноў сеў за штурвал камбайна – ён адзіны зараз на ўборцы насення траў, як і Юрый Стрыжонак у “Вялікадолецкім”. Сяргей Філімонаў, як і напярэдадні ў пятніцу, у нядзелю зноў аказаўся за пасяўным агрэгатам, Юрый Альбіновіч – за падвозам насення, Іван Гоман – на хімпраполцы, а Васіль Алексяёнак – на адвозцы сіласу. На ўраджай працуюць усе. Дарэчы, дэлегацыя гэтай гаспадаркі на чале з дырэктарам Антонам Сафонавым аказалася самай прадстаўнічай і ўшанаванай. Васіль Рыгоравіч атрымаў Ганаровую грамату Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта. Намеснік старшыні Сяргей Ляўковіч, уручаючы яе, зазначыў, што на свята прыехала 800 аграрыяў, але большая іх частка ў гэты дзень засталася на працоўных месцах і прасіў перадаць ім самыя шчырыя віншаванні.

Сельгаспрадпрыемствы Ушаччыны сёлета сабралі 13 тысяч 223 тоны збожжа і 1340 – рапсу пры сярэдняй ураджайнасці 23,4 і 10,6 цэнтнера з гектара.

Так, пры гальштуку механізатары аказваюцца дзень-два ў годзе. Вось і самы вопытны камбайнер апрануў яго сёлета ўпершыню. Яшчэ пяць гадоў таму Васіль Рыгоравіч казаў, што не сядзе за штурвал камбайнаў, бо не па ўзросце ўжо гэты самы працаёмкі від работ. Аднак, паколькі не хапала кадраў, не толькі аказаўся за ім, але і атрымаў найвышэйшы намалот – каля 900 тон. Так, няма пакуль у раёне тысячнікаў, хаця засталася яшчэ кукуруза і насенныя ўчасткі траў, але гэты 62-гадовы працаўнік станавіўся ім неаднойчы, у тым ліку і абсалютным пераможцам жніва. Сем гадоў адпрацаваў яшчэ ў саўгасе “Касары” на “Доне”, дзесяць – на КЗС-10, а ўвогуле правёў больш 20 сезонаў толькі на зернеўборачных камбайнах.

Вельмі папрыгажэлі да “Дажынак” Чашнікі, у гэтым горадзе і рэгіёне адкрыліся новыя аб’екты, самы значны з якіх – “Лукомльскі кансервавы завод”, што ўзведзены ў рамках дзяржаўнай праграмы “Адзін раён – адзін праект”.

Наколькі гэта лёгка, без памочніка “паскокаць” з кабіны на зямлю і назад, яскрава высветлілася ля выставы сучаснай тэхнікі. Сфатаграфавацца хлопцы пажадалі, канечне, ля сучаснага ротарнага камбайна, а калі я прапанавала падняцца на верхнюю прыступку, нават малады Артур Ігнатовіч катэгарычна адмовіўся, маўляў, хапіла за сезон пад’ёмаў. Як і Валерый Башун, ён сёлета дапамагаў “Сафійскім дарам” і правёў у гаспадарцы больш часу, чым у камунгасе. Палова сярод занятых сёлета на ўборцы і адвозцы людзей аказаліся шэфамі з іншых прадпрыемстваў раёна. А адзіны, хто сам прыйшоў у райсельгасхарч і прапанаваў свае паслугі – Дзмітрый Хадасевіч з Дэпартамента аховы!

Д.Хадасевіч.

“З дзяцінства на палетках і мне гэта падабаецца”, – тлумачыў міліцыянер-вадзіцель, які атрымаў другі ў раёне паказчык. Самае ўнікальнае, што ў яго не было асабістай зацікаўленасці ў танажы. Зарплату, як і многія шэфы-вадзіцелі, атрымліваў сваю сярэднюю, а гэта ўдвая менш за заробкі камбайнераў. І кіраўніцтва райвыканкама хадайнічала аб заахвочванні працаўніка, які падставіў плячо ў складаны перыяд. А ў нядзелю на бацькоўскай сядзібе Дзмітрый ужо разглядаў новенькі скутар вытворчасці філіяла “Гомсельмаша”, сертыфікат на які яму ўручылі на “Дажынках”. Прадукцыя гэтага флагмана машынабудавання была шырока прадстаўлена на выставе тэхніцы. Дарэчы, скутары, магутнасцю не саступаючыя матацыклу, выклікалі не меншую цікаўнасць, чым касілкі, падборшчыкі і шароказахопныя сеялкі. Ну а дырэктар цэнтра падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі рабочых Дзмітрый Дрозд “вывучаў” устройства прадзеда ўсіх “Беларусоў” – ДТ-75 Уладзімірскага завода. Гэты рарытэт становіцца адной з фотазон на ўсіх праводзімых у вобласці “Дажынках” – пасядзець у адкрытай кабіне жадаюць і дарослыя, і дзеці.

Т.Сурынава, Ю.Ладнова.

Юлія ЛАДНОВА, начальнік райсельгасхарча: “Хутка прафесійнае свята аграрыяў, на якім узнагароды атрымае намнога больш нашых сумленных працаўнікоў. Вялікі дзякуй усім, хто вырасціў неблагі ўраджай і дапамог сабраць яго”.

Прэзідэнт асабліва павіншаваў аграрыяў Віцебскага і Аршанскага раёнаў, якія сёлета перасягнулі 100 тысячны намалот.

Наогул людзей літаральна на кожнай лакацыі было вельмі шмат. А толькі гандлёвыя палаткі расцягнуліся на кіламетр. Не менш занялі і сялянскія падворкі, выставы навучальных устаноў, сілавых структур. Зразумела, што дапамагалі годна прыняць гасцей арганізатарам літаральна ўсе раёны вобласці. Культработнікі Ушаччыны разгарнулі забаўляльную лакацыю, а таксама частавалі юшкай, салам, ды іншымі разнасоламі. І пры гэтым любое дзейства суправаджалі такімі складнымі вершам і беларускімі прыпеўкамі. Сустрэлі мы землякоў з Вялікадалеччыны, якія, разглядаючы снапы і караваі, спецыяльна шукалі ўшацкі. Абысці ўсё ў нас не хапіла часу, хоць і закончылі гэты святочны дзень пад залпы рознакаляровага салюту.

Наступныя абласныя “Дажынкі” сустрэнуць Міёры.

Вольга Караленка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *