Скоро в школу! Какие нововведения ждут в новом учебном году

Общество

Да пачатку чарговага навучальнага года, у якім прадугледжана нямала новаўвядзенняў, засталося зусім крыху. А таму нам было што абмеркаваць з начальнікам аддзела па адукацыі Ушацкага райвыканкама Людмілай Васільеўнай ДАВЫДАВАЙ, якая завітала ў рэдакцыю на “прамую лінію”.

– 1 верасня сёлета выпадае на панядзелак. У гэты дзень у школах будуць толькі святочныя лінейкі ці ўрокі таксама?

– Пачнецца дзень, канечне, з урачыстасцяў – іх канкрэтны час паведамім крыху пазней. Паколькі ж гэта не выхадны, урокі таксама будуць – з раскладам вучняў азнаёмяць класныя кіраўнікі.

– Падручнікі ўжо будуць на руках. А да якога часу трэба за іх разлічыцца?

– Унесці плату за карыстанне неабходна да 1 кастрычніка. Нагадаю, што сума прывязана да базавай велічыні: для навучэнцаў школ яна ўстаноўлена на ўзроўні 50 працэнтаў, для выхаванцаў дзіцячых садоў – 20. Гэта значыць, за вучня любога класа трэба ўнесці 21 руб., а за дашкольніка – 8 руб. 40 кап.

– Што наконт дзелавога стылю адзення?

– Новаўвядзенняў тут няма. Рэкамендацыя на школьную форму існавала і раней, аднак зараз правіла замацавалі нарматыўна.

– Чула, што ва Ушацкай школе сёлета будзе толькі адзін дзясяты клас…

– Так, ён будзе складацца з груп аграрнай і інжынернай накіраванасці. Да гэтага на працягу ўсяго мінулага года рыхтавалі вучняў, іх бацькоў. Справа ў тым, што для залічэння ў такі клас ёсць пэўныя ўмовы. Па-першае, сярэдні бал пасведчання аб базавай адукацыі павінен складаць не менш сямі. Па-другое, па профільных прадметах (у адным выпадку – хіміі і біялогіі, у другім – фізікі і матэматыкі) павінны быць адзнакі, не ніжэйшыя за пяць і сем адпаведна. Ёсць некалькі юнакоў і дзяўчат, якія да такіх паказчыкаў не дацягнулі, а ў каледжы і тэхнікумы не паступілі, – працягнуць навучанне ў 10 класе яны змогуць, але ў Арэхаўскай школе, куды будзе арганізаваны падвоз. Дарэчы, профільным стане і 10 клас Глыбачанскай СШ. Аднак тут прасцей: усе былыя дзевяцікласнікі ў яго праходзяць.

– Ушацкія вучні будуць па-ранейшаму трапляць у школу праз турнікет па электронных картках?

– Так. Сістэма кантролю і кіравання доступам павышае ўзровень бяспекі і дысцыпліны, стварае заслону ад пранікнення чужых асоб. Пры гэтым актуальнымі будуць і прывычныя белыя карткі, якія выдаваліся бясплатна, і спецыяльныя карткі навучэнца (з асабістай інфармацыяй і фотаздымкам дзіця, магчымасцю разлічвацца за пакупкі) – іх па ўласным жаданні бацькі рабілі ў “Беларусбанку”.

– Ці стануць навучальныя ўстановы асяроддзем, вольным ад гаджэтаў?

– Такая задача стаіць. Спецыяльныя шафы з ячэйкамі на замках устаноўлены ва ўсіх школах. Як і відэакамеры, якія бяруць іх у аб’ектыў. На сяле, дзе адносна невялікая колькасць вучняў, са зборам і выдачай мабільных тэлефонаў праблем узнікнуць не павінна, а вось ва Ушачах трэба яшчэ многае прадумаць.

– Якіх змен чакаць?

– Іх шмат. Так, напрыклад, у 10-11 класах з’явіцца новы прадмет – гісторыя Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, для дзесяцікласнікаў вучэбны год завершыцца ўжо 25 мая (каб правесці вучэбна-палявыя зборы), некаторыя адзінаццацікласнікі па медыцынскіх паказаннях змогуць не здаваць выпускныя іспыты (ЦЭ). Асобна спынюся на ўроках фізкультуры, якіх цяпер прадугледжана больш. Адзін з іх будзе гульнявым – без здачы тэстаў і кантрольных практыкаванняў. Для старшакласнікаў прадугледзяць заняткі гімнастыкай на спартыўных снарадах (брусы, бервяно). Могуць даць вучням і дамашняе заданне практычнага характару: напрыклад, павялічыць колькасць падцягванняў ці прысяданняў. Усё гэта неабходна для падтрымання здароўя і агульнага фізічнага стану школьнікаў.

– Дзякуй за цікавую размову.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *