Как прожить в согласии полвека? Ответ знают Николай и Любовь Федоренко

Общество

Як пражыць у згодзе паўстагоддзя? Хто галоўны захавальнік сямейнага ачага? Такіх пытанняў Мікалай Мікалаевіч і Любоў Міхайлаўна Федарэнкі сабе не задаюць. Званняў у сям’і быць не можа, як і адзінаначалля, усё вырашаецца на агульным савеце, з улікам інтарэсаў сваіх, дзяцей, унукаў. І нават цешчы, якая ўсе гэтыя 50 год жыве з імі аднымі памкненнямі.

Апошні факт вельмі многа гаворыць пра Мікалая Мікалаевіча. Ён не толькі прыняў Тамару Фёдараўну Первянёнак як матулю, а і ва ўсім дапамагаў ёй па доглядзе за бацькоўскім домам у Казлах. Раней Федарэнкі жылі ў кватэры ў Полацку, а зараз – у радавым гняздзе Мікалая Мікалаевіча, куды вярнуліся пасля выхаду на пенсію. Толькі ці можна сказаць вярнуліся – яны ніколі і не адрываліся ад малой радзімы, з якой нават імя носяць адно – Федаронкі.

Іх саюз зарадзіўся на танцах у цэнтры сельсавета – вёсцы Сарочына ў 1973 годзе. Люба са стрыечнымі сёстрамі і сяброўкамі хадзіла з Казлоў пешшу, а вось “крутыя” федаронскiя хлопцы прыязджалі на грузавой машыне. Гонару і смеласці ім сапраўды было не займаць, таму калі дзяўчыну ў сукенцы з каўнерчыкам-стоячкай (муж у дэталях памятае дзень знаёмства) на танец запрасіў яшчэ адзін кавалер, Мікалай Мікалаевіч каханую “адваяваў”. Ён і застаецца лідарам, ініцыятарам пад мудрым, нябачным кіраваннем усіх задум Любовi Міхайлаўны. І галоўны яе жаночы пастулат – заўсёды разам. Будавалi дачу, капалi на ёй калодзеж, складалi зруб лазнi – не падзялялі работу на мужчынскую і жаночую – Любаша, менавіта так назавае яе муж, заўседы была побач. Простыя працавітыя людзі, яны зажываліся з мазаля: у Мікалая была вельмі вялікая сям’я і разлічваць на дапамогу не даводзілася, у Любы – толькі маці. Ён завочна скончыў тэхнікум і працаваў шмат год майстрам на Полацкай ТЭЦ, яна ўсе сорак – цырульнікам. Зразумела, агародніну расцілі на Ушаччыне, у “летніках” у Казлах загартоўваліся дочкі Наталля, Алена і сын Сяргей. Менавіта гэту вёску лічылі сваёй спадчынай, але так здарылася, што нікога не засталося ў Мiкалая Мiкалаевiча з вялікай сям’і Федарэнкаў, а кінуць бацькаўшчыну ён не змог. Для яго заўсёды вельмі многа значыла сям’я. Ганарыўся бацькам-франтавіком Мікалаем Міхайлавічам, які акрамя агульных узнагарод меў два медалі “За баявыя заслугі”. Даглядае ўсе пахаванні, а іх на радавых могілках многа – яму давялося хаваць братоў, чыё асабістае жыццё не задалося. А цяпер сталярнічае, добраўпарадкоўвае дом. Гадуюць з жонкай курэй, коз i трусоў. Актыўны па жыцці, гэты чалавек неаднойчы захадзіў у рэдакцыю, каб падняць хвалюючае для аднавяскоўцаў пытанне і падзякаваць за яго вырашэнне.

Сёння, на залатое вяселле, у вёску прыехалі іх дзецi, унукі, якія зрабілі бацькам карысны падарунак – пуцёўку ў санаторый “Лясныя азёры”, якой яны, лёгкія на пад’ём, ахвотна скарысталіся. Вяселлі наогул самыя радасныя сямейныя святы, калі збіраюцца ўсе, ну а залатое – тым больш.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *