Сотрудник Департамента охраны Дмитрий Хадасевич помогает великодолецким аграриям убирать урожай

Сельское хозяйство

Штодня міліцыянер-вадзіцель аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Дзмітрый Хадасевіч спяшаецца ў Вялікія Дольцы. У гэты жнівеньскі час ён садзіцца не за руль міліцэйскага аўто, а за штурвал зернеўборачнага камбайна.

У час уборачнай кампаніі на дапамогу аграрыям традыцыйна прыходзяць памочнікі з іншых арганізацый. “Хачу папрацаваць на жніве!” – зазірнуўшы ў кабінет начальніка ў адзін з ліпеньскіх дзён, выказаў сваё жаданне Дзмітрый. Імкненне маладога работніка падтрымалі і ў абласным упраўленні Дэпартамента аховы, тым больш што Міністр унутраных спраў даручыў аказваць усялякае садзейнічанне аграрыям у гэтую гарачую пару. Ну а ў “Вялікадолецкім”, канечне, былі рады прыняць адказнага працаўніка і нават даверылі яму новую тэхніку.
Хоць у ролі камбайнера Дзмітрый упершыню, аднак аграрная справа яму добра вядомая: яго бацька Віктар Часлававіч усё жыццё адпрацаваў на сельгаспрадпрыемстве з цэнтрам у Селішчы. У раёне добра ведаюць працоўную дынастыю Хадасевічаў, у сельскай гаспадарцы працавалі і дзядуля Дзмітрыя, і дзядзькі Генадзь з Анатолем. Сумарны стаж дынастыі перавышае сотню гадоў!

Завяршыўшы жніво азімага рапсу, гаспадаркі масава прыступілі да абмалоту зерневых – на 12 жніўня было ўбрана 22,7 працэнта. Прычым, камбайны ходзяць па палетках як з азімым ячменем, сярэдняя ўраджайнасць якога трымаецца на 21 цэнтнеры з гектара, так і па астатніх культурах. Традыцыйна лепшы намалот на азімай пшаніцы – 23,6 цэнтнера, якой таксама ўбрана больш паловы. “Глыбачаны” ўзялі 43 цн з круга на жыце, а “Вялікадолецкае” 25,1 – на азімай трыцікале. У гэтай гаспадарцы лепш за іншых урадзіў ячмень – 28,4 цн.

С.Мурашкін, Д.Хадасевіч.

Так што ў пэўным сэнсе герой нашага сённяшняга артыкула прадаўжае справу сваіх родных. Хлопец вырас на вёсцы, з дзяцінства быў прывучаны да працы, ведае, як цяжка вырошчваць хлеб і не баіцца цяжкасцей. А яшчэ вельмі любіць тэхніку – не важна, гэта легкавое аўто ці зернеўборачны камбайн.
– У многіх рэгіёнах краіны на хлебных нівах дапамагаюць аграрыям выратавальнікі і камунальнікі, дарожнікі і лясгасаўцы, ваенныя і міліцыянеры. І я вырашыў унесці свой уклад у збор ураджаю. Чаму не дапамагчы, калі ты можаш? Магчыма, камусьці такое рашэнне можа падацца дзіўным, для мяне ж гэта справа гонару, – зазначае малады чалавек.
На вялікадолецкіх палетках Д.Хадасевіч працуе трэці тыдзень, спачатку ўбіраў азімы рапс, а зараз зерневыя. Паколькі не з першых дзён уключыўся ў жніво, пакуль на яго рахунку каля 250 тон. Паўнацэнна працаваць перашкаджае надвор’е – не надта спрыяе яно сёлета працаўнікам сяла. У сонечныя дзянькі Дзмітрый і яго калегі на жніве працуюць з раніцы да цёмнага.
– Дзмітрый Хадасевіч у аддзяленні з’яўляецца прыкладам для сваіх маладзейшых саслужыўцаў, вельмі адказны. А таму ўпэўненены, што і на жніве ён таксама пакажа клас і сорамна за яго нам не будзе! Да слова, на Віцебшчыне толькі два работнікі Дэпартамента аховы – ва Ушацкім і Верхнядзвінскім раёнах – адправіліся ў нялёгкую камандзіроўку на жніўныя палеткі, – падкрэслівае начальнік па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Дзяніс Прадвечных.
На мінулым тыдні падтрымаць і заахвоціць маладога працаўніка прама на поле завітала кіраўніцтва абласнога ўпраўлення Дэпартамента аховы. Начальнік Сяргей Мурашкін праехаў разам з Дзмітрыем у кабіне камбайна, ацаніўшы магчымасці і камфартабельнасць айчыннай тэхнікі. Ну і, канечне, падзякаваў міліцыянеру за яго старанні і ініцыятыўнасць.
Такія адносіны, безумоўна, ствараюць пазітыўны настрой на працу. Як і падтрымка сям’і ў гэты гарачы час. Дома Дзмітрыя чакаюць жонка і трое дзетак. “Сваіх дзяцей вучу працавітасці, сумленнасці, дысцыпліне, – кажа Дзмітрый. – А яшчэ любіць тое, чым займаешся. Вось і мне мая праца ў задавальненне, бо бачу вынік і прыношу карысць роднаму раёну і краіне”.

Вольга КАМАРКОВА.

Фота ОХРАНА.BY



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *