Почему в сельхозорганизациях Ушачского района не получают больших надоев молока? Семинар по животноводству прошёл на базе КУСХП «Кубличи»

Сельское хозяйство

Жывёлагадоўля – тая галіна, ад якой сельгаспрадпрыемствы могуць атрымліваць прыбытак круглы год. Аднак вялікай выгады ад надояў малака ў нашых гаспадарках не назіраецца нават летам, а замест прыбавак – шмат праблем і недапрацовак. Менавіта пытанню вытворчасці малака і быў прысвечаны раённы семінар па жывёлагадоўлі, які прайшоў у нядзелю на базе КУСГП Кублічы”, дзе склалася даволі крытычная сітуацыя.

– Ушацкі раён апошні ў вобласці па надоях, ніхто больш не доіць 8 літраў малака на карову за дзень у летні перыяд. У “Кублічах” жа і таго меней – толькі 7. Так не можа працягвацца! – адзначыў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Л.А.Лісоўскі, выступаючы перад кіраўнікамі гаспадарак, заатэхнікамі, ветурачамі, загадчыкамі ферм.

Сапраўды, агульная сітуацыя па вытворчасці малака не радуе. Валавы надой за дзень, напрыклад, у сярэдзіне тыдня па раёне склаў 40271 кілаграмаў, а гэта мінус 1228 кілаграмаў да ўзроўню мінулага года, сярэдні надой на адну карову быў у межах 9 літраў (практычна столькі, што і летась), адпаведна менш рэалізуецца малака дзяржаве за дзень.

У “Кублічах” мінус па валавым надоі за дзень даходзіць нават да 1000 кілаграмаў да ўзроўню мінулага года. Калі летась на малочнатаварных фермах “Кляпцы” і “Капылоўшчына” даілі ў дзень 9,4 і 9,6 літраў на карову, то сёлета 7 і 8,3. Адпаведна, менш малака рэалізуецца і дзяржаве. Таварнасць малака трымаецца толькі ў межах 85 працэнтаў пры норме не менш за 90. Агульнае ж пагалоўе дойнага статка ў гаспадарцы ўсяго 330 кароў. Здаецца, можна своечасова накарміць, пралячыць, падаіць. А на справе: пастаяннае трохразовае даенне адсутнічае, ніхто не ведае дакладных даных па надоях, своечасова не праводзіцца перагон жывёлы на новыя пашы. Многія даяркі і пастухі не праяўляць ніякага старання ў рабоце, а звальненне іх, па словах дырэктара гаспадаркі А.Хмялеўскага, не мае сэнсу – няма кім замяніць. Гэтыя і іншыя акалічнасці і прыводзяць да таго, што кожны дзень гаспадарка губляе да 30 працэнтаў малака…

Значна “мінусуе” да ўзроўню мінулага года па валавым надоі малака і ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”. Канечне, паўплывала на гэта змяншэнне пагалоўя – за год больш чым на 300 кароў. Тым не менш і на комплексе “Завячэлле” ў даільнай зале з сучаснымі тэхналогіямі надой на адну карову за дзень складае толькі 9 кілаграмаў.

У мінусе пакуль і “Ільюшынскі”, дзе самае вялікае пагалоўе – больш за 1100 кароў. Сярэдні надой на адну галаву тут складае 9,7 кілаграмаў. З 14 да 10 кілаграмаў на карову за дзень зменшыўся надой на комплексе “Ільюшына”. Высокай вытворчасцю малака не могуць пахваліцца і ў “Арэхаўне”, дзе таксама дояць менш мінулагодняга паказчыка. У дзень ад каровы атрымліваюць толькі 7 кілаграмаў малака, яго таварнасць складае 85-87 працэнтаў.

На ўзроўні мінулага года трымаецца вытворчасць малака ў “Агра-Селішчы”, але ж 8 кілаграмаў ад каровы за дзень і 1336 з пачатку года – гэта вельмі нізкі паказчык.

Надой на адну карову ў “Глыбачанах” большы – 10 літраў, але ў гаспадарцы існуюць праблемы з таварнасцю малака – 84 працэнты.

Нездавальняючаму стану вытворчасці ў жывёлагадоўлі папярэднічалі многія прычыны, адна з якіх – парушэнне тэхналогіі выпасу. На многіх статках несвоечасова пераганяюць жывёлу на свежую траву, а пастаяўшы на голым полі, ніякай прыбаўкі не будзе. Пераганяць жывёлу па магчымасці трэба на шматкампанентныя пашы, але пры гэтым не забываць, што пры перагоне больш чым на 2 кіламетры карова згубіць да 2 літраў малака. Зусім не лішнім будзе ў загоне і двухразовая зялёная падкормка, патрэба ў якой вырасла пасля спякотнага надвор’я. Пастаянна трэба задавольваць жывёлу ў вадзе і солі. Правільнай тэхналогіі выпасу і прыбавак малака не будзе пры адсутнасці кантролю – гэта яшчэ адна вялікая прычына “мінусу”. У большасці выпадкаў ні кіраўніцтва, ні спецыялісты гаспадарак не бываюць на статках, не кантралююць сітуацыю – як вынік недаатрымалі прадукцыю, не выплацілі заработную плату.

Са станоўчага боку трэба адзначыць “Дземенец” і “Вялікадолецкае”. У першай гаспадарцы апошнім часам услед за паспяховым вядзеннем раслінаводства “падцягваюць” і жывёлагадоўлю. Валавая вытворчасць малака за дзень у параўнанні з мінулым годам павялічылася на 350 кілаграмаў, на адну карову сталі даіць амаль 11 кілаграмаў замест 8 мінулагодніх, а таварнасць на гэтым тыдні была 98-99 працэнтаў. “Вялікадолецкае” ж з’яўляецца лідарам па вытворчасці малака ў раёне. Працоўная дысцыпліна і кантроль з боку кіраўніка і спецыялістаў гаспадаркі дазволілі выйсці на трывалы плюс у параўнанні з мінулым годам. На сённяшні дзень па 13 кілаграмаў ад каровы атрымліваюць на малочнатаварных фермах “Міхалкаўшчына” і “Цыганок-3”, больш 11 – на “Цыганку-2”, 9,5 – “Новае Жыццё”. Адпаведна ўзрасла і рэалізацыя малака – 104 працэнты да ўзроню мінулага года.

Другая частка семінару прайшла ўжо на полі, дзе ўдзельнікі ўпэўніліся ў нездавальняючай арганізацыі выпасу на двух статках КУСГП “Кублічы”: на адным не спяшаліся пераходзіць на свежую траву, на другім жывёла “пускала пад ногі” траву ўраджайнасцю ў 110-120 цэнтнераў з гектара. Паколькі гаспадарка яшчэ вядзе корманарыхтоўку, то больш мэтазгодна было б закласці гэтую траву на корм (зручным для гэтага з’яўляўся і рэльеф поля), а жывёлу пусціць на траву з ураджайнасцю 80-90 цэнтнераў з гектара.

Старшыня райвыканкама В.В.Родзіч паставіў перад спецыялістамі гаспадарак задачу на працягу тыдня ліквідаваць “мінус” па вытворчасці малака:

– Кожны можа атрымліваць больш малака, для гэтага неабходна жорсткая тэхналагічная і працоўная дысцыпліна.

А жывёлагадоўля на Ушаччыне можа і павінна быць прыбытковай і эфектыўнай. Калі ў раёне такія прыклады адзінкавыя, то на Віцебшчыне іх дастаткова. Напрыклад, у Бешанковіцкім раёне сёння дояць на карову 16,6 літра за дзень. Імкнуцца не адставаць і іншыя нашы суседзі – у Полацкім раёне атрымліваюць 14,3, Лепельскім – 13,8 , Глыбоцкім – 13,2.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *