Белагалоўнік, дурніцы, п’яніцы – у гэтай ягады вялікая колькасць імёнаў – каля дзясятка, а прыведзеныя вышэй маюць даволі празрыстае паходжанне: расце яна ў балотах ля багуна, ад якога пачынае балець галава. А вось адкуль паходзіць афіцыйная назва – буякі? І толькі пабываўшы на плантацыі Аляксандра Дзергачова, упершыню ўбачыла адпаведнасць і ёй – такой буйной ягады не сустракала ні толькі ў лесе, але і ні на адным рынку, дзе гандлююць садовай “голубикой”. На кустах віселі гіганты, што абскакалі ляснога родзіча ў разы – па 2-3 сантыметры ў дыяметры.
Усяго ж на плантацыі ў Сержанах цяпер 7 тысяч раслін. З палову росту гаспадара, трывалых, бо за 6 гадоў, а менавіта столькі часу прайшло, калі васаджваліся першыя саджанцы, добра ўкараніліся.
– Фермеры Віцебшчыны не могуць канкурыраваць з брэстчанамі: у іх усё выспявае раней. Таму мы павінны браць іншым – такімі вось смачнымі ягадамі, – усміхаецца Аляксандр, падымаючы галіну, увешаную пладамі. – Бачыце, і зараз яшчэ не ўсе паспелі. А паколькі не імкнёмся першымі выставіць прадукцыю, то даем ёй нацукравацца на сонейку, назбіраць максімум карысных рэчываў. Пазней, аднак смачней. Ды вы паспытайце.
Ягады, сапраўды, адрозніваліся ад брэсцкіх буякоў, што набывала на ўшацкім рынку, больш чарнічным смакам. Вельмі салодкім, калі ягада поўнасцю налілася, аднак не вадзяністай, мяккай, а шчыльнай мякаццю.
– Такіх памераў яна зусім не з-за вялікай колькасці дажджоў – тлумачыць фермер. – Гатунак такі – “блюголд”. Не ранні, аднак са стабільным ураджаем і добрай транспартабельнасцю. З тыдзень ягада можа спакойна захоўвацца ў вас пры звычайнай тэмпературы, што важна для пакупнікоў, якія набываюць яе, каб ужываць ў свежым відзе. І для мяне як прадаўца – дастаўляю яе па гандлёвых кропках Полацка і Наваполацка. Абавязковая ўмова – збіраць у сухое надвор’е.
Дождж сёлета дапамог фермеру толькі ў адным – ні разу за сезон не ўключалі сістэму арашэння (вакол ўчастка спецыяльна выкапаны чатыры сажалкі) Аднак больш усё ж нашкодзіў, асабліва вясной, бо прыводзіў да развіцця хвароб. Ды і зараслі б кустарнікі так, што не разгледзеў бы роўных радоў, калі б не вялікі слой мульчы – пераважна кары дрэў. Колькі разоў праязджалі міма Сержаноў – на павароце да “буячнага ўзгорка” пастаянна ляжалі горы “кампосту”. Так, добры слой пілавання, кары, ігліцы, травы абавязковы не толькі таму, што не дае прабіцца пустазеллю, а і як угнаенне. Менавіта там развіваюцца дадатковыя вяршынныя парасткі і мацнее куст, а таксама дыхае.
Як за абсалютна любой садовай культурай – за буякамі таксама патрэбны пастаянны догляд – сістэмная абрэзка, апрацоўка. Прысутнічае і рызыка наогул страціць расліны падчас маразоў – сёлетнія перапады тэмператур перанёс не ўвесь маладняк. А яшчэ і не кожны сорт сябе пакажа, хоць і зямлю давялі да патрэбных паказчыкаў – гэтая салодкая ягада любіць выключна кіслую глебу. Аляксандру Сяргеевічу давялося выкарчаваць паўтары тысячы кустоў, якія за чатыры гады так і не далі ўраджаю.
І практычна ўсе рады кустоў, акрамя маладых, завешаны спецыяльнай сеткай. Уратаваць ад набегаў птушак сады без гэтага ўкрыцця не атрымліваецца нават прыватнікам. Ну а тут пад агульнае покрыва давялося ўручную апрануць кожны рад. Збіраць, зразумела, так цяжэй, даводзіцца прыпадымаць краі, а дзе і “хавацца” пад сеткай, каб дастаць ягаду ў сярэдзіне куста.
Хоць ураджай паступае ў гарадскія гандлёвыя кропкі, ушачане маюць магчымасць набываць буякі прама “з градкі” на плантацыі ў Сержанах. Прычым, і пра запас, каб замарозіць ягады і аздараўлівацца ў халодны час – лічыцца, напрыклад, што буякі выводзяць антыбіётыкі.
Паколькі работы на плошчы ў 7,5 гектара хапае пастаянна, Аляксандр наняў штатнага работніка, а ў час збору ўраджаю дапамагаюць і сезонныя, ну а пастаянна і больш за ўсіх – бацька Сяргей Аляксандравіч. У любы час сутак на месцы і вартаўнік – з выгляду міралюбівая лайка поўнасцю мяняе аблічча пры спробе паквапіцца на яе ўладанні і ўжо зусім не адпавядае мянушцы Міра. Яе будка, дарэчы, ля вялізнай цяпліцы, у якой фермеры самастойна разводзяць саджанцы – чаранкуюць буякі. А паколькі ў “школцы” заставалася многа месца, палова плошчаў засадзілі таматамі розных сартоў – для эксперыменту. Менавіта гэта цікаўнасць і павінна абавязкова прысутнічаць у характары прадпрымальніка. Шукаць, спрабаваць, памыляцца і падымацца. І не баяцца многа працаваць. Сустрэцца з Аляксандрам нам ніяк не ўдавалася, бо заскоквае на плантацыі ён ненадоўга. “На чатырох работах кручуся”, – патлумачыў малады чалавек, які хоча забяспечыць для сям’і годны ўзровень жыцця. Менавіта гэта і трэба пераймаць астатнім, хто скардзіцца на неадпаведныя патрабаванням заробкі.
Зараз многія разводзяць буякі на сваіх участках. Выдатна падыходзяць тарфянікі, хваёвая і глініста-дзярновая глеба. Прыкмета ідэальных участкаў – наяўнасць на іх палявога хвашчу, конскага шчаўя, асакі, моху.
Вольга КАРАЛЕНКА.