Н.Кочанова в Ушачах о приёмах граждан — «В Беларуси выстроена чёткая система в работе с обращениями граждан»

Общество

На мінулым тыдні ва Ушачах прайшло выязное пасяджэнне Прэзідыума Савета Рэспублікі. У цэнтры ўвагі была работа Віцебскага аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб у першым паўгоддзі 2021 года.

Удзельнікі пасяджэння на комплексе «Юнацтва-Ушачы».

“У Беларусі выбудавана выразная сістэма ў рабоце са зваротамі грамадзян. Ніводная краіна ў свеце не можа параўнацца з Беларуссю ў гэтым накірунку. Прамыя тэлефонныя лініі, асабістыя прыёмы грамадзян, сустрэчы ў працоўных калектывах, дыялогавыя пляцоўкі, грамадскія прыёмныя – у рабоце з людзьмі прымяняецца шмат розных формаў. Прэзідэнт нашай краіны Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка вельмі сур’ёзна ставіцца да гэтых пытанняў. Мы ж з вамі надзелены асаблівымі паўнамоцтвамі ў гэтай сферы і павінны заўсёды чуць людзей, тут не павінна быць фармалізму і абыякавасці”, – адзначыла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Іванаўна Качанава.

У першым паўгоддзі 2021 года ад жыхароў Віцебскай вобласці ў Савет Рэспублікі паступіў 141 зварот (плюс 59,5% у параўнанні з аналагічным перыядам 2020 года). Між тым у аблвыканкам іх стала на 2% менш. Часцей за ўсё ў верхнюю палату парламента звяртаюцца жыхары Віцебска, Аршанскага, Полацкага раёнаў і Наваполацка. У разрэзе рэгіёнаў Віцебская вобласць займае трэцяе месца па колькасці зваротаў пасля Мінскай (262) і Брэсцкай (148) абласцей. Усяго сёлета ў Савет Рэспублікі ўжо прыйшло каля 4 тысяч зваротаў.

Намеснік старшыні аблвыканкама Уладзімір Пятровіч Пенін расказаў, што прыёмы грамадзян, сустрэчы з калектывамі дазваляюць трымаць руку на пульсе і лепш вырашаць актуальныя праблемы. У першым паўгоддзі гэтага года ў абласны, гарадскія, раённыя і сельскія выканкамы паступіла 21043 звароты, што на 169 менш у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Часцей за ўсё ў аблвыканкам звяртаюцца жыхары Віцебскага, Шумілінскага, Браслаўскага, Дубровенскага, Аршанскага і Сенненскага раёнаў. Людзей у асноўным хвалююць пытанні прадпрымальніцкай дзейнасці, паляпшэння жыллёвых умоў, тэма ЖКГ, будаўніцтва жылля, аплаты працы і сямейнага капіталу. Зніжаецца колькасць пытанняў па функцыянаванні аграпрамысловага комплексу, землеўпарадкаванні, гандлі.

Н.Качанава адказвае на пытанні журналістаў.

Пра тое, як вядзецца работа са зваротамі грамадзян, расказаў і старшыня Ушацкага райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка. Так, у першым паўгоддзі 2021 года ў райвыканкам паступіла 59 зваротаў, а ў цэлым за апошнія гады назіраецца змяншэнне іх колькасці. Найбольш актуальнымі тэмамі сталі ЖКГ (у прыватнасці эксплуатацыя жылфонду і якасць вады), стан дарог. Дарэчы, многія са зваротаў мелі інфармацыйна-даведачны характар і не патрабавалі прыняцця рашэнняў для выпраўлення сітуацыі. Што да больш глабальных, то яны вырашаюцца. Напрыклад, летась было заасфальтавана дзясяць вуліц гарпасёлка, пабудаваны 4 станцыі абезжалезвання. Сёлета асфальт з’явіўся ў Гуце, абнавіўся ўчастак аўтадарогі “Ушачы-Лепель”. Праблема ж тэмпературнага рэжыму ў жылфондзе вырашыцца да пачатку ацяпляльнага сезона – зараз ідзе мадэрнізацыя цэнтральнай кацельні. Зняць такія сур’ёзныя пытанні стала магчымым дзякуючы падтрымцы нашага дэпутата Уладзіміра Паўлавіча Андрэйчанкі.

А вось у сельскія Саветы дэпутатаў на Ушаччыне за паўгода паступіла больш пытанняў – 97. Як адзначыла старшыня Савета Рэспублікі, такая тэндэнцыя назіраецца ў многіх раёнах і гэта не можа не радаваць, людзі давяраюць дэпутатам, якіх выбіралі. Звароты бываюць розныя, часам іх немагчыма вырашыць на месцах, таму павінна быць ініцыятыва знізу, каб разглядаць праблему на рэспубліканскім узроўні, не замоўчваць яе.

Вопытам работы таксама падзяліліся прадстаўнікі ўлады Лёзненскага, Браслаўскага раёнаў і самага маленькага горада краіны – Дзісны.

У час наведвання «Прарыву».

Падводзячы вынік, Н.І.Качанава падкрэсліла, што ў Віцебскай вобласці многае зроблена, аднак мясцовыя ўлады павінны больш уважліва ставіцца да пытанняў людзей, глыбока ўнікаць у сутнасць закранутых пытанняў. У шэрагу выпадкаў мясцовыя органы ўлады могуць на сваім узроўні дапамагчы людзям. Дарэчы, сенатары працавалі ў вобласці 2 дні, напярэдадні яны правялі прыёмы грамадзян у 13 выканкамах рэгіёну, да іх звярнулася каля 100 чалавек. Каля 30% пытанняў былі вырашаны адразу. У далейшым такія прыёмы будуць праводзіць у кожным раёне усіх абласцей.

Удзельнікі мерапрыемства наведалі мемарыяльны комплекс “Прарыў”, дзе ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, усклалі кветкі да пліт з імёнамі герояў легендарнага прарыву. Азнаёміліся члены Савета Рэспублікі і з адным з самых значных аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры Ушаччыны – фізкультурна-аздараўленчым комплексам “Юнацтва-Ушачы”: прасторныя памяшканні, гульнявая і трэнажорная залы, басейн карыстаюцца папулярнасцю не толькі ў жыхароў рэгіёна. Работнікі спарткомплексу і ДЮСШ скарысталіся магчымасцю задаць старшыні верхняй палаты парламента хвалюючыя пытанні, а таксама абмеркавалі тэмы вакцынацыі, працы Канстытуцыйнай камісіі і іншае. Падводзячы вынік рабочай паездкі на Ушаччыну, Н.І.Качанава зазначыла, што засталася прыемна ўражана абстаноўкай у раёне: “Тут створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця”.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *