Данила Карпович Сальник — заслуженный бухгалтер, хороший хозяин и наш верный читатель

Общество

Жыццё Данілы Карпавіча Сальніка з вёскі Жары было нялёгкім. напоўненым рознымі выпрабаваннямі. Але ён ніколі не губляў аптымізму і сёння, нягледзячы на ўзрост, з’яўляецца актыўным і цікавым чалавекам.

Заслужаны бухгалтар

Д.Сальніка многія ведаюць як бухгалтара, працоўны шлях якога быў звязаны з калгасам “Чырвоны прамень”. На работу яго ўзялі пасля заканчэння школы і службы ў арміі. І хоць не заканчваў вышэйшых навучальных устаноў, але ў справе разбіраўся выдатна.

– У раёне было тады больш за 20 калгасаў і саўгасаў, а менавіта мы першыя перайшлі на грашовую аплату працы замест працадзён. Не было тады ў гаспадарках такой сучаснай тэхнікі, цяжка было працаваць людзям. Зараз жа многае могуць зрабіць і паскараюць працэс камп’ютарныя праграмы, – гаворыць былы бухгалтар.

На працягу шасці гадоў – з 1986 па 1992 – Даніла Карпавіч паралельна працаваў па вечарах яшчэ і кінамеханікам у мясцовым клубе. Тыя часы яшчэ добра памятаюць старэйшыя жыхары вёскі.

Сям’я – галоўны скарб

Разам са сваёй вернай спадарожніцай жыцця Ефрасінняй Сцяпанаўнай яны пражылі 55 гадоў. Выхавалі сына і дачку. Цікава, што нарадзіліся дзеці ў адзін дзень – 30 мая, толькі з розніцай у два гады. На гэты конт аднавяскоўцы і калегі па рабоце жартавалі, быццам, бухгалтар жа, вось і падлічыў дакладна, каб дзеці нарадзіліся ў адзін дзень. Другая палавінка Данілы Карпавіча пайшла з жыцця летась, зараз галоўным скарбам гэтага чалавека з’яўляюцца дзеці, трое ўнукаў і пяцёра праўнукаў.

Дзіця вайны

Калі пачалася Вялікая Айчынная, Данілу было шэсць гадоў, але ён выдатна памятае падзеі, якія адбываліся ў вёсцы.

– Многія ведаюць, што ў нашых Жарах ажно тры помнікі – два ў гонар загінуўшых салдат і партызан, а яшчэ адзін сведчыць аб тым, што вёска адноўлена з попелу. Тут былі спалены дамы, загінулі 79 жыхароў. Памятаю, як мы з сябрам гулялі на вуліцы, а да нас падышлі немцы і хацелі мёдам пачаставаць. Мне ж падумалася, што ён атручаны, і ўцякаў, куды вочы глядзелі. Часта заходзілі немцы і ў наш дом, прасілі ў маці яйкі, аднойчы нават давалі за іх грошы, а мама баялася іх браць, адмаўлялася. А ў адзін з дзён карнікі падпальвалі хаты партызан ці тых, хто з імі звязаны. Гарэлі суседскія хаты, і агонь у імгненне перакінуўся на наш саламяны дах. Некалькі месяцаў мы з маці і астатнімі дзецьмі жылі ў суседнім лесе, баючыся вяртацца ў вёску. І ўжо пасля вайны будавалі новую хату.

Нястомны гаспадар

– Дом Д.К.Сальніка ў канцы Цэнтральнай вуліцы знойдзеце лёгка, арыенцірам будзе новая пафарбаваная агароджа. Дарэчы, нягледзячы на паважаны ўзрост мужчына стараецца трымаць сядзібу ў дагледжаным выглядзе, – гаворыць старшыня Жарскага сельвыканкама С.Ц.Міхейка.

Новую агароджу, няхай і зусім просценькую па сучасных мерках – са звычайнага штыкетніку – пажылы чалавек рабіў сам. Толькі каб паставіць слупы прыбягаў да дапамогі сына. Усё ж астатняе, у тым ліку і афарбоўку, выконваў самастойна. Ён любіць чысціню і парадак, заклікае да гэтага і сваіх аднавяскоўцаў. “Вунь і суседка Валянціна Паўлаўна Міхальчук таксама па маім прыкладзе вырашыла абнавіць агароджу!”

Трэба сказаць, што Даніла Карпавіч наводзіць парадак не толькі ў межах свайго ўчастка. Абавязкова пару разоў на тыдзень падмятае і вуліцу!

Як вясковы жыхар, не можа абысціся без падсобнай гаспадаркі. Адзін спраўляецца з агародам у 5 сотак, на якім вырошчвае асноўныя культуры, з жыўнасці ж у гаспадарцы куры ды кот з сабакам.

5 мая – асаблівы дзень

Веснавы дзень 5 мая для Данілы Карпавіча незвычайны. У гэты дзень па пашпарце ён адзначае свой дзень нараджэння, хоць і нарадзіўся ў жніўні. Справа ў тым, што калі мянялі пашпарт, дакладную дату нараджэння не ведалі, а таму вырашылі выбраць іншую. Маўляў, ты ў арміі быў пісарчуком, любіш чытаць, таму самая падыходзячая дата – гэта Дзень друку. На заслужаны адпачынак Даніла Карпавіч ішоў таксама 5 мая.

Наш верны чытач

Даніла Карпавіч з’яўляецца адным з самых верных нашых чытачоў. Ён пачаў выпісваць “Патрыёт” з 1959 года і з той пары ніколі не расстаецца з любімым выданнем.

– Гэта сапраўды мая любімая газета, заўсёды чакаю серады і суботы, каб прачытаць “раёнку”. За гэтыя гады яна так змянілася, але заўсёды было цікава чытаць пра людзей, навіны і падзеі. Памятаю, як каштавала яна ў савецкія часы 14 рублёў 40 капеек на паўгоддзе, – расказвае Д.Сальнік.

Не раз сам Даніла Карпавіч станавіўся героем нашых публікацый, бо ўсё жыццё працаваў самааддана і старанна. А нядаўна яго “пацягнула” пісаць вершы, якія дасылае ў рэдакцыю.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *