Амаль чвэрць века і практычна ўся працоўная біяграфія Таццяны Уладзіміраўны Шчэрбік прысвечаны падатковым органам. І не было ні адной хвіліны, каб яна пашкадавала аб гэтым.
“Цікавая работа, выдатная каманда – практычна ўсе равеснікі, нас звязвае многае. Мы вельмі актыўныя, удзельнічаем ва ўсіх грамадскіх мерапрыемствах, ну а раней – і ў галіновых, раённых спаборніцтвах. Нават кубак за І месца стаіць. Я тады на лыжах бегала, а таксама шахматы закрывала. Гульня, дарэчы, вельмі дапамагае ў рабоце”, – расказвае вядучы рэферэнт аддзела па рабоце з плацельшчыкамі па Ушацкім раёне інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах.
Так, на выбар прафесіі яшчэ з дзяцінства ўплывалі бацькі. Тата Уладзімір Васільевіч Кучаронак развіваў лагічнае мысленне – вучыў атакаваць ферзя і выбівацца ў дамкі, а маці Валянціна Касьянаўна працавала галоўным бухгалтарам Райаграпрамтэхнікі. Там пасля заканчэння тэхнікума знайшла сваё першае працоўнае месца Таццяна, там спасцігаліся і азы падатковай граматы: супрацоўнікі інспекцыі прыйшлі з праверкай. Не непасрэдна да яе, але зносіны са спецыялістамі службы завязаліся. Потым была карысная школа Людмілы Іванаўны Шлюбскай у “Каапнарыхтпраме”. Ну а калі яшчэ праз год ішла на суразмову на вакантнае месца ў інспекцыю – не надта хвалявалася. Начальнік аддзела Любоў Аляксандраўна Мядзведзева дала пагартаць важкі акт. Дзяўчына сказала, што кантрольныя паняцці знаёмыя, аднак справіцца зараз і без дапамогі яна не зможа. Шчыры адказ спадабаўся, любы спецыяліст ведае, што нават пры “чырвоным дыпломе” абавязкова патрэбны вопыт. Вось і ішла на першую праверку ва УП “Прагрэс” са сваім непасрэдным куратарам.
“Я не лянуюся вучыцца, не баюся работы, тым больш што вышэйшую адукацыю атрымлівала завочна, ужо працуючы ў інспекцыі. Лёгка было, бо пасля тэхнікума дысцыпліны ведала і практыку мела. Аднак, мабыць і не атрымала б 9-ку пры абароне дыплома, калі б не прыгадала пра “атаку ферзя” – члена камісіі, які аспрэчваў верагоднасць прыведзеных разлікаў. Пісала яго на падставе нашага ДРБУ-105, а там рэдкая “праводка” сустракалася. І ўсё ж даказала, што і такі разлік мае месца ў асаблівых сітуацыях. Наогул шахматы развіваюць празорлівасць: падставай для праверак часта становіцца беглы погляд на неадпаведнасць прыведзеных лічбаў”.
Ды і памяць у Таццяны Уладзіміраўны выдатная: прыгадвае моманты да дробязяў, хоць арганізацый і спецыялістаў праз яе рукі прайшло нямала. Спачатку разам з Л.Мядзведзевай, А.Мацюшэнка кантралявалі налічэнні падаткаў юрыдычных асоб, а зараз у яе выключна фізічныя. Але з такім шырокім полем дзеяння! Менавіта гэта і падабаецца найбольш.
Т.Шчэрбік знаёма з усімі самазанятымі, кватэраздатчыкамі і нават з даўжнікамі, якім судом прызначана выплата дзяржпошліны. Апошні напрамак займае значную частку часу не толькі таму, што іх удвая больш, а і таму, што даведзены жорсткія тэрміны выканання, а пры запазычанасці неабходна перадаваць даўжнікоў органам судовага выканання. Т.Шчэрбік, як і астатнія калегі, налічае зямельны падатак па частцы раёна. Хаця і спрошчана гэта працэдура (базы папаўняюцца аўтаматычна), аднак правяраць карэктнасць індывідуальных ільгот тым не менш даводзіцца. Ды і па кожнай катэгорыі фізічных асоб выключна для сябе яна заводзіць журналы. Там запісвае асаблівасці: від дзейнасці самазанятых ці кантакты іншаземных домаўладальнікаў, каб пры выпадку няўплаты прасцей было закрываць пратэрміноўкі.
У маім уяўленні падаткавікі павінны быць жорсткімі па характары. “Няўжо нехта з нашага аддзела падобны на такіх? – пытаннем на пытанне адказвае Таццяна Уладзіміраўна і ўсміхаецца. – Прынцыповымі – абавязкова, скрупулёзнымі, аб’ектыўнымі – так. А жорсткімі навошта? Мы проста сочым за правільнасцю выплат падаткаў, а здараецца, нават падказваем людзям пра магчымасць няўплаты. Не шэрыя схемы раскрываем, канечне, а тлумачым заканадаўства. Кватэраздатчыкі неаднойчы дзякуй казалі, што пазбавілі іх падаходнага падатку: бачу па дакументах, што пакой здымае магчымы (па ўзросце) малады спецыяліст, і калі гэта так, раю прынесці адпаведную даведку. З прынятым два гады таму падаткам на прафесійную дзейнасць шмат нюансаў існавала, ды і зараз даю парады і ўладальнікам аграсядзіб, і рамеснікам”.
Змены заканадаўства, новыя праграмы – ведаць падаткавікам трэба шмат, а значыць, і пастаянна вучыцца.
Вольга Караленка.