Как Александр Рудёнок превратил любимое хобби в дело жизни

Наши земляки

Аляксандр, Трафім і Марыя Рудзёнкі.

Адшукай любімую справу – і не будзеш працаваць ні дня. Як жа правільна сказана! У чарговы раз пераконвалася ў гэтым, калі назірала за Аляксандрам Рудзёнкам. Малады мужчына вольна хадзіў паміж столікамі канкурсантаў, задаваў пытанні, падпяваў, жартаваў, каламбурыў. Ну як на сяброўскай вечарынцы. Аказваецца, правядзенне квізаў, карпаратываў, сямейных мерапрыемстваў – гэта асноўная работа Сашы і яго жонкі Машы. Наш зямляк практыкуе пераважна ў Наваполацку, дзе жыве. Але малую радзіму наведвае па любой нагодзе і без яе – практычна кожныя вольныя выхадныя. А вось апошні рабочы візіт адбыўся ў сярэдзіне жніўня – на раённы фэст “УХО”.

“А Вы па-ранейшаму ў прафесіі!” – павітаўся Аляксандр Мікалаевіч. Я ж, канечне, не пазнала ў ім хлопчыка, якога курыравала трыццаць год таму – ён разам з аднакласнікамі Лідай Кляшторнай, Аняй Івановай і Дзімам Кастагрызавым вёў на ўшацкай тэлестудыі “Спектр” школьныя весткі. Саша хацеў стаць журналістам і хоць па парадзе бацькоў скончыў факультэт замежных моў, тым не менш дзіцячая загартоўка спатрэбілася – працаваў на тэлебачанні на наваполацкіх каналах “Скіф”, “Квант”. А потым адкрыў сваю справу, заснаваную таксама на даўнім захапленні – конкурсамі знатакоў.

На гурток да Людмілы Васільеўны Трафімавай хадзіў з задавальненнем. Каманда ездзіла на міжраённыя турніры, перамагала. А зараз, калі клубы накшталт “Што?Дзе?Калі?” існуюць у кожным буйным горадзе і нават не па адным, набытыя веды выкарыстоўвае і пашырае. Канечне, пераважную частку пытанняў імкнецца складаць сам. Асабліва музычнай тэматыкі, паколькі спявае. Веданне англійскай мовы таксама спатрэбілася як для выканання, так і зносін з замежнымі гасцямі. Аднак прыбягае ён і да дапамогі прыватнікаў. “Існуюць людзі, якія зарабляюць менавіта прыдумваннем арыгінальных пытанняў, і частку я купляю ў іх. Квізы праводзяцца часта, як правіла, прысвячаюцца пэўнай тэматыцы. Каб не паўтараліся, выкарыстоўваем і візуальны рад, і гукавы, і штучны інтэлект, як было на ўшацкім фэсце. А маю “Матрошку” – своеасаблівы праект – набываюць іншыя клубы знатакоў, у тым ліку з Расіі.

А ў некаторых беларускіх сем’ях дзеці засынаюць з мяккай цацкай са “Скарбонкі храбрасці”, якая з’явілася ў рэспубліканскім цэнтры анкалогіі ў Бараўлянах па ініцыятыве сям’і Рудзёнкаў. Аляксандр і Марыя такім чынам прыглушалі бацькоўскі боль. Каб падтрымаць малых, якія баяцца ісці на працэдуры, ім дораць мішку ці ляльку. І хоць цяжкі перыяд для іх сына мінуў, яны і зараз праводзяць дабрачынныя гульні і папаўняюць скарбонку.

– Саша так любіць малую радзіму, што нават думалі пераехаць жыць сюды. Спынілі толькі дзеці – не хацелася адрываць іх ад звыклых класаў. Хаця сябры ў іх ёсць і тут – яны праводзяць у бабулі Тамары Эдуардаўны канікулы, ходзяць на аздараўленчы комплекс і азёры. Мы ўсёй сям’ёй бываем на мерапрыемствах на “Прарыве” і на экстрым-фестывалі, перагледзелі ўсе навагоднія пастаноўкі раённага цэнтра культуры. Нам сапраўды вельмі падабаецца на Ушаччыне, – гаворыць Марыя, якую адкрыць сваю малую радзіму, канечне, “прымусіў” Саша. Ён пазнаёміў з мясцовымі славутасцямі, паказаў матырынскія краявіды, дзе стаіць дзедава хата, шмат расказваў пра самых лепшых у свеце настаўнікаў. Яшчэ ў пачатковых класах іх аб’яднала, а потым курыравала Вольга Іванаўна Карчэўская, і яны ездзілі на канцэрты, удзельнічалі ў турзлётах – наогул ва ўсім, што толькі праводзілася. І сяброўскія стасункі захаваліся.

“Я ведала, чым Саша займаецца, пастаянна размаўлялі і ў нас у РДК, а ён быў на многіх нашых мерапрыемствах і шчыра прапаноўваў свае паслугі. А калі арганізоўвалі жнівеньскі фестываль, я яго запрасіла, – кажа аднакласніца і дырэктар раённага цэнтра культуры Валянціна Грыневіч. – Хоць і працаваў больш гадзіны, ніякіх грошай з землякоў не прасіў. Падкрэсліў, што для яго найлепшым разлікам будуць эмоцыі”. А іх хапіла, хоць і мала ў той вечар сабралася гледачоў. Але сярод іх была мама, якая, канечне, ганарылася сынам.

Вольга Караленка



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *