
У госці ў “Матырынскі церам” мы завіталі, бо ў “Тік-Ток” з’явілася інфармацыя аб тым, што прадпрыемства не працуе. “Так зручна было за дошкамі ездзіць. Няўжо праўда закрыліся?”, – пыталіся чытачы, якія паспелі ўбачыць ролік. Заснавальнік таварыства з абмежаванай адказнасцю Генадзь Малашчанка чуткі абверг самым эфектыўным чынам: “Пад’язджайце ў любы час і пабачце самі. Нават калі я акажуся ў ад’ездзе, цесляры будуць на месцы”.
Будаўнічы лес на тэрыторыі, зруб на некалькі вянцоў, ачышчаныя бярвенні, дошкі, мудрагелістая фігура з карэнняў – усё гэта мы і ўбачылі ў былой калгаснай майстэрні ў Матырыне. Нежылой тэрыторыя ніяк не выглядала і з-за наяўнасці двух пастаянных ахоўнікаў ля будак. А ў цэхах аказаўся і Генадзь Віктаравіч, і два наёмныя работнікі.
“Сам я ў “Тік-Ток” не заходжу і мне, шчыра сказаць, усё роўна, што там хто змяшчае, – гаворыць прадпрымальнік. – “Кіно” пра мяне знаёмыя паказалі. І не скрыю, стала крыўдна. Лёгка вось так, з наскоку, відэа зняць, сабе “лайкі” атрымаць, не паспрабаваць разабрацца і, галоўнае, не задумацца, як ты іншым шкодзіш. Бо ўбачыўшы такое відэа, мае цяперашнія кліенты могуць занепакоіцца, што іх заказ не выканаюць, а другія падумаюць – не варта і звяртацца. Таму пераканайцеся самі – робім і здавацца не збіраемся. Цяпер дом для мнагадзетнай сям’і з Расонскага раёна рубім, на руках яшчэ адзін перспектыўны заказ”.
Будучы домік паказаўся вельмі вялікім. Але Яўген Аўтух і Вадзім Каралько аптымістычна дабавілі, што рабілі намнога большыя, а гэты ўсяго 10 на 10 метраў і на тры пакоі. Хоць і ляжыць пакуль шэсць вянцоў, але планіроўка добра праглядаецца, і я змагла прайсціся па будучай зале, кухні і пазайздросціла навасёлам. Вельмі шырокія бярвенні ляжалі адно на адным упрытык, пахла сасной – у новым драўляным зрубе ёсць нешта чароўнае. Напэўна, перадаецца энергетыка дрэва – абароненасці, грунтоўнасці – спакою. Тым больш што з лесу ён сапраўды векавога, для нарвежскага зруба патрэбны дыяметр не менш за 28 сантыметраў, а тут быў нават за 40.

З-за асаблівай – велічнай архітэктуры, а яшчэ і счэпкі бярвён яго яшчэ называюць скандынаўскім. І па сілах ён далёка не кожнаму цесляру – толькі выключным прафесіяналам. Аднак спецыялістаў “Матырынскага церама” гэта не палохае. “Нам усё роўна, як рубіць – у “лапу”, чашу ці крук, рускім, нямецкім, канадскім ці нарвежскім стылем. Выбірае заказчык, – тлумачыць Вадзім, які працуе на прадпрыемстве з 2012 года. – Хаця гэты від найбольш працаёмкі. Спачатку бервяно станком абразаецца з двух бакоў і ўтвараецца паўбрус ці лафет, а потым рубанкамі апрацоўваецца, каб шчыльна лягло, выбіраюцца спецыяльныя пазы. Для гэтай мэты цыркулем карыстаемся, спачатку вызначаем памер”.
Замок – самае складанае. Ён мудрагелісты, з шыпамі, каб і пасля ўсадкі дрэва не ўтварылася шчылін, і лічыцца самым надзейным. Па віду счэпкі нічым не адрозніваецца ад канадскага, толькі там бярвёны, як і ў рускім, застаюцца круглымі. Нарвежскі выбіраюць таксама з-за будучай планіроўкі, лічыцца, што гладкія сцены не крадуць плошчу і можна рацыянальней расставіць мэблю. Наш традыцыйны стыль з выпушчанымі вугламі – тым не менш самы распаўсюджаны пры будаўніцтве і дамоў, і лазняў, і альтанак. Сам Генадзь Віктаравіч на ўласных, выключна драўляных дамах, выкарыстоўваў як нямецкі, так і рускі вугал з элементамі брыльянтавага ці дзікага – калі бярвёны на выпуску, пасля замка, няроўнай, нетрадыцыйнай формы. Вучыўся ён тэхніцы ў старэйшых майстроў і самастойна, і за гэты час на сваім прадпрыемстве перадаў вопыт каля 15 цеслярам.
“Займаюся тым, што ўмею”, – так адказаў ён на пытанне аб выбары прадпрымальніцкай нішы. Яшчэ ў 2009 годзе ўзяў у арэнду памяшканні былых майстэрань. На жаль, падыходзячых – вялікіх па памеры – за адну базавую велічыню тады не прапаноўвалі. А самая істотная праблема заключалася ў тым, што многія пабудовы сельгаспрадпрыемстваў узводзіліся гаспадарчым спосабам і не мелі дакументаў. Таму плаціў арэнду, набываў абсталяванне і тэхніку, рамантаваў працякаючы дах (пасля ліквідацыі калгаса ў памяшканнях засталіся адны сцены) і ўзаконьваў пабудовы, а гэта затраты і час. Укладзена ў вытворчасць нямала. Работнікі не варочаюць і не падымаюць цяжкіх бярвён – для гэтага існуе кран-бэлька. Пры перавозцы лесу і гатовых зрубаў заказчыку, якія збіраюць на фундамент, патрэбны маніпулятар. Усё гэтае ў “Матырынскім цераме” ёсць. А ў лютым 2024 года ўласнымі сталі і памяшканні. З боку Г.Малашчанкі выкананы ўсе ўмовы бізнес-праекта і рашэннем Ушацкага райвыканкама яны перададзены прадпрымальніку бясплатна.
Цяпер таварыства працуе выключна на сыравіне заказчыка – кожнаму, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў ці нават на лазню будаўнічы лес выдаецца па паніжаным кошце. А раз’язджаюцца гатовыя зрубы па розных кутках Беларусі. Ёсць яны і ў Расіі. Яўген паказвае фота іх работ і тлумачыць: “Гэты дом у Лепелі стаіць, гэты – у Ветчы, лазня з тэрасай – у Слабадзе, двухпавярховы – у Новалукомлі”. Ля свайго ўласнага дома ў Арэхаўне Я.Аўтух пабудаваў лазню, а Вадзім ва Угрынках – альтанку. Хаця, калі хлопцы прыходзілі ўладкоўвацца на работу, майстрамі не з’яўляліся, пілу ў руках трымалі хіба што пры нарыхтоўцы дроў.
Напэўна, многія бачылі ля трасы Р-46 і альтанку ў Рубаніках. Прыдарожную рэкламу Г.Малашчанка называе самай эфектыўнай. А яшчэ – наглядную. Заказ з Расонскага раёна паступіў невыпадкова – там абжыты не адзін зруб “Матырынскага церама”. А калі перад вачыма ладны дом суседзяў – то і сабе хочацца такі ж. Ды і ацэнку аб яго спажывецкіх вартасцях вам дадуць аб’ектыўную. І раз зноў выходзяць на Генадзя Віктаравіча, значыць усё задавальняе.
На развітанне зазначыла, што прыгожы малюнак атрымліваецца ў зруба з-за цемнаватых разводаў, якія “інтэрнэт-эксперты” прынялі за гніль. “Сухастоем такі лес мог назваць толькі той, хто зусім не разбіраецца ў дрэве, – зазначае Г.Малашчанка. Яно выдатнае і вельмі трывалае, вы ж бачыце на зрэзе. Проста паляжала ў заказчыка пад карой пэўны час, а лета дажджлівае было, вось і пасівела. Аднак малюнак гэты можна як захаваць, так і адбяліць – і следу не застанецца. Так што не варта трапляць ў “павуціну” і верыць усяму, што змяшчаюць у інтэрнэце.
Вольга Караленка



 
						 
						