Прыкладна кожны соты жыхар планеты мае псарыяз. Гэта паталогія, пры якой імунная сістэма чалавека памылкова атакуе здаровыя клеткі скуры – у выніку на яе паверхні з’яўляюцца бляшкі, якія лупяцца і могуць моцна часацца, балець. У некаторых выпадках паражаюцца таксама ногці, суставы і нават унутраныя органы.
Адразу ўдакладню: псарыяз – гэта захворванне аўтаімуннай, а не інфекцыйнай прыроды. Кантактным шляхам ён НЕ перадаецца – пацыент можа свабодна наведваць грамадскія месцы: лазні, сауны, басейны, карыстацца агульнымі прадметамі ў быце.
Да фактараў рызыкі развіцця паталогіі адносяць спадчыннасць і слабы імунітэт. Правакацыйную ролю адыгрываюць таксама траўмы, уздзеянне хімічных рэчываў на скурныя пакровы, прыём алкаголю, стрэсы, гарманальныя змены ў жанчын, прыём некаторых лекавых сродкаў.
Як і многія хранічныя захворванні, псарыяз адрозніваюць па стадыях, ступені цяжкасці, форме праяўлення. Лячэнне падбіраецца індывідуальна для кожнага пацыента. Для папярэджання рэцыдываў варта прадугледзець рацыянальны рэжым працы і адпачынку, пазбягаць хваляванняў, правільна харчавацца і даглядаць за скурай, рэгулярна праходзіць дыспансерызацыю, а ў перыяд рэмісіі – санаторна-курортнае лячэнне.
Яніна БУЛАЕВА, выконваючы абавязкі загадчыка паліклінікі Ушацкай ЦРБ

