Фактаў кіберзлачыннасці становіцца ўсё больш. Прычым, значная іх частка звязана з крадзяжом грашовых сродкаў з выкарыстаннем банкаўскіх плацежных картак.
Указанае злачынства падпадае пад дзеянне арт. 212 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь – санкцыі прадугледжваюць штраф, папраўчыя работы, арышт, абмежаванне ці пазбаўленне волі да трох гадоў, а ў выпадку паўторнасці – да пяці. Як паказвае практыка, звычайна ідуць на падобнае знаёмыя ці сваякі пацярпелых, якія ведаюць пін-код банкаўскай карткі.
Толькі ў першым паўгоддзі 2025-га судом Ушацкага раёна да адказнасці па арт. 212 КК прыцягнуты чатыры асобы. Так, пацярпелы М. у кампаніі з раней судзімым Р. распіваў спіртныя напоі. Калі іх аказалася мала, мужчына папрасіў таварыша схадзіць у магазін, для чаго даў яму сваю картку і сказаў пін-код. Той усё неабходнае купіў – і застолле працягнулася. Вось толькі раніцай М. вырашыў праверыць, што засталося на банкаўскім рахунку, і выявіў знікненне 500 рублёў. Праваахоўнікі правялі праверку і па гарачых слядах затрымалі Р. Ён патлумачыў, што пасля набыцця спіртнога схадзіў да банкамата, дзе зняў агучаную суму для ўласных патрэб.
Аналагічным спосабам пры сумесным распіцці спіртнога ў сакавіку бягучага года завалодаў картай таварыша раней судзімы Х. На працягу дня за сродкі на ёй (сумарна атрымалася больш за 450 рублёў) атаварваўся ў гандлёвых аб’ектах райцэнтра.
У адносінах абодвух мужчын судом Ушацкага раёна вынесены абвінаваўчыя прыгаворы – ім прызначана пакаранне ў выглядзе арышту на тры месяцы.
Неабходна адзначыць, што такая катэгорыя злачынстваў раскрываецца даволі хутка, бо нячыстыя на руку грамадзяне наведваюць банкаматы і магазіны, дзе ёсць камеры відэаназірання і відавочцы, якія могуць іх апазнаць. Разам з тым, трымальнікам банкаўскіх плацежных картак не варта паведамляць пін-код іншым асобам.
Вольга ЛАЮШКА, суддзя суда Ушацкага раёна

