У суботу днём мужчына 1985 года нараджэння прыехаў парыбачыць на возера Доўгае паблізу вёскі Шалапечына Глыбачанскага сельсавета. Аднак таўшчыня лёду на вадаёме была ўсяго каля 3 см і рыбак, адышоўшы ад берага каля 50 метраў, праваліўся. Мясцовы жыхар, пачуўшы крыкі аб дапамозе, паведаміў пра здарэнне ў МНС.
Супрацоўнікі пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №12 аграгарадка Глыбачка з дапамогай выратавальнай дошкі і вяроўкі дабраліся да мужчыны і дасталі яго з палонкі. Мужчыну адразу ж агледзелі медыкі і з папярэднім дыягназам агульнае пераахаладжэнне даставілі ў бальніцу.
На тэрыторыі раёна дзейнічае забарона выхаду на лёд, аднак рыбаловы-экстрэмалы ўсё роўна выпрабоўваюць лёс і лёд. Выходзіць на яго можна, калі таўшчыня складае не менш 7 см. Не рызыкуйце сваім жыццём!