
Сёлета ў нашым раёне з’явіўся яшчэ адзін аб’ект, які адразу заваяваў папулярнасць у турыстаў. Арыгінальны будынак, што літаральна на вачах вырас у дачным пасёлку ў Праніках, у народзе ахрысцілі “трохвугольным домікам”, а браніраваць месцы для адпачынку на гэтай незвычайнай сядзібе людзі пачалі яшчэ да афіцыйнага адкрыцця.
Пабудавала яго сям’я навапалачан, і адразу ўдакладнім, што гэта не аграэкасядзіба, а прыватны дом, які ўладальнікі здаюць у кароткатэрміновую арэнду і плацяць за гэта прафесійны падатак у памеры 10 працэнтаў ад выручаных сродкаў. Якім выдаўся старт і як знайсці сваю нішу ў сферы арганізацыі адпачынку? Наша гутарка з гаспадыняй дома Марынай Сазонавай аказалася цікавай і змястоўнай.
Прыветлівая, харызматычная і па-добраму няўрымслівая, яна з тых людзей, што цалкам аддаюцца справе і імкнуцца ўсё давесці да ідэалу. Дзевяць год прысвяціла б’юці-сферы, шэсць з якіх кіравала ўласным салонам прыгажосці, дзе ў яе падначаленні было да 10 майстроў. Калі ж зразумела, што гэтая тэма ўжо не прыносіць ранейшага натхнення, пачала шукаць новую. Натрапіла на яе выпадкова: убачыла ў сацсетках прыгожы мансардны домік з А-падобным каркасам і забраніравала яго, каб правесці там з мужам рамантычны вечар і… угаварыць яго набыць падобны. Хітрасць спрацавала! Артур – таксама чалавек прадпрымальны (кіруе прыватнай кампаніяй, якая займаецца рамонтамі памяшканняў), але і разважлівы, таму спачатку сказаў “не”, але напрыканцы дня ўжо падлічваў, колькі трэба фінансаў для старту справы. Прадалі салон, далучылі сберажэнні – і назбіралі патрэбную суму.
А вось з выбарам участка ўзніклі складанасці: на працягу трох месяцаў калясілі па наваполацкім наваколлі, а потым пашырылі радыус пошуку – і натрапілі на нашы Пранікі. З удзячнасцю прыгадваюць старшыню дачнага кааператыва “Дружба” Пятра Спірыдонава, які падказаў добры варыянт. Каб ператварыць задуму ў жыццё, хапіла аднаго года, хоць і рабілі ўсё грунтоўна: толькі каб выраўняць участак – 50 машын зямлі прывезлі. Каркас доміка сталічная фірма ўзвяла за пяць дзён, камунікацыі, унутраную аддзелку ўзяў на сябе Артур, у добраўпарадкаванні, іншых работах дапамагаў і 10-гадовы сын Кірыл, ну а ў афармленні, дызайне праявіла сябе Марына.
“Адразу вырашылі, што не будзем эканоміць на якасці: каб у купелі была чыстая вада – набылі станцыю абезжалезвання, купілі фірменны посуд і ўвогуле літаральна ўсё, што можа спатрэбіцца адпачываючым: ад аднаразовых тапак і зубных шчотак да кавамашыны, сапбордаў і штатыву для фатаграфавання. Людзі едуць да нас з паўпустымі сумкамі – і гэта многім падабаецца!” – зазначае Марына. А найперш зрабілі старонку ў інстаграме, у якой адчуваецца магнетызм гэтай працавітай, шчырай сям’і і цудоўнага месца на азёрнай Ушаччыне, – магчыма таму “трохвугольны домік” хутка зацікавіў кліентаў. Яго адкрыццё адбылося толькі ў лютым, але за такі кароткі час аб’ект набыў сваіх прыхільнікаў: заўтра, напрыклад, заедуць госці, якія браніруюць домік ужо ў чацвёрты раз.
Здаюць яго пераважна сямейным, а вось жадаючым гучна і з размахам нешта адсвяткаваць адмаўляюць – дбаюць пра тое, каб госці не парушалі спакой суседзяў. Сядзіба вельмі падабаецца дзецям, а дарослыя любяць лазню, ловяць рыбу, смажаць шашлыкі. Нядаўна маладая пара прыехала сюды адразу з ЗАГСа – у вясельных уборах. “Ад калег розныя гісторыі чула, але нам пакуль шанцуе: за сезон не было ніводнага несумленнага пастаяльца”, – усміхаецца Марына. Напэўна, некаторыя думаюць, што гэты бізнес – лёгкі: пабудаваў дом – і стрыжы купоны. Гэта не так: аб’ект патрабуе пастаянных укладанняў і практычна штодзённай руплівай працы па яго ўтрыманні.
“Вельмі прыемна рабіць людзей больш шчаслівымі! Прыгажосць – вялікая сіла, але і якасны адпачынак – каштоўнасць не меншая”, – кажа гаспадыня.
А мы задаволены, што гэты аб’ект з’явіўся ў нашым раёне. Дзякуючы яму многія адкрылі для сябе Ушаччыну, упершыню пабывалі на “Прарыве” і ў музеі народнай славы, на нашых брэндавых фестывалях. Адпачываючыя закупляюць прадукты ва ўшацкіх крамах, наведваюць спарткомплекс. Усё гэта спрыяе папулярызацыі раёна і развіццю турыстычнай сферы. Дарэчы, сярод гасцей дома былі і ўшачане – так што добрыя водгукі пра яго мы чулі, як кажуць, з першых вуснаў!
Наталля БАГДАНОВІЧ


