Гарантия Вашей безопасности – автономный пожарный извещатель!

Профилактика и безопасность

У рэспубліцы назіраецца павелічэнне колькасці пажараў: з пачатку года іх адбылося 4785, у той час як за адпаведны леташні перыяд – 4369.

Узрасла і колькасць ахвяр агню – з 336 да 373, у тым ліку 4 дзяцей. Ці магла б гэта лічба быць меншай? Адназначна так – калі б грамадзяне больш адказна ставіліся да пытанняў бяспекі і… калі б у кожным доме быў пажарны апавяшчальнік!

Апавяшчальнік не для правяраючых!

Аглядавыя камісіі, якія працуюць на тэрыторыі раёна заўсёды звяртаюць увагу на наяўнасць прыбораў. Кожны раз пры абследаваннях выяўляецца неабходнасць устаноўкі аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў, аднак далёка не ўсе грамадзяне спяшаюцца гэта рабіць. Тут хочацца звярнуцца да жыхароў раёна: апавяшчальнік патрэбны ніяк не камісіям і правяраючым, а вам, каб у выпадку ўзгарання захаваць жыццё!

Падмацуем вышэй сказанае рэальнымі фактамі.

  • Пакуль гаспадары дома ва Ушачах увечары глядзелі тэлевізар у адным пакоі, у другім тым часам адбылося кароткае замыканне электралічыльніка і ад яго загарэлася адзенне, рэчы, што знаходзіліся побач у шафе. Выратаваць увесь дом ад агню дапамог пажарны апавяшчальнік, які рэзкімі гукамі абвясціў аб здарэнні і муж з жонкай выклікалі выратавальнікаў. Агонь пашкодзіў толькі адзін пакой.
  • У Дубраўцы мужчына пакурыў у доме і пайшоў на працу, не заўважыўшы, што попел ад цыгарэты ўпаў на крэсла і загарэўся. Апавяшчальнік у гэтым выпадку выратаваў жыццё жанчыне-інваліду па зроку.
  • Нявыключаны камп’ютар стаў прычынай пажару ноччу ў адной з кватэр Полацка. У гэты момант мужчына з трыма дзецьмі (8, 5 і 4 гады) спалі. Усе яны маглі ўжо не прачнуцца, калі б не апавяшчальнік, гук якога разбудзіў сям’ю і яна выбралася з ужо моцна задымленага памяшкання.

Падобных выпадкаў можна прывесці яшчэ шмат.

Інтэр’ер не сапсуе

“Навошта ён мне?”, “Не ўпісваецца ў інтэр’ер”, “Як-небудзь куплю” – гэта і іншае чуюць члены аглядавых камісій у адказ на ўказанне ўстанавіць прыбор.
Між тым, для прыватных дамоў і кватэр, узведзеных пасля 2001 года, яго наяўнасць – абавязковая норма, прадугледжаная планам будаўніцтва. Жыхары новых здадзеных у эксплуатацыю кватэр не маюць права дэманціраваць прыбор – за гэта можна атрымаць штраф. Дарэчы, у Правілах пажарнай бяспекі адзначана, што ўласнік павінен падтрымліваць аўтаномны пажарны апавяшчальнік у спраўным стане. Асабліва гэта датычыцца тых катэгорый, каму ён устаноўлены за дзяржаўныя сродкі. Аб спраўнасці прыбора гаворыць яго міганне.

Некалькі рэкамендацый для тых, хто збіраецца ўстанавіць прыбор. Не рэкамендуецца на кухні – выпарэнні ад ежы, што гатуецца на пліце, хутка выводзяць датчык са строю. Лепш за ўсё размясціць у спальні і абавязкова ў дзіцячым пакоі. Аптымальная кропка – у цэнтральнай частцы столі з невялікім змяшчэннем у бок вакна ці дзвярэй, дзе адбываецца рух паветраных патокаў. Многія зараз скажуць, маўляў, у мяне нацяжная столь і прыбор мне недарэчы. Можна размясціць яго на сцяне на адлегласці ад столі ад 10 да 30 сантыметраў. Яшчэ больш надзейны варыянт – устаноўка з вывадам святлогукавога прыстасавання на фасад дома ці лесвічную пляцоўку. Калі сігнал не пачуе яго гаспадар, то пачуюць суседзі.

Дзе можна купіць

Аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі можна купіць у  кропках будматэрыялаў, паштовых аддзяленнях, інтэрнэт-магазінах. Сярэдні кошт прыбора ў залежнасці ад маркі і вытворцы – прыкладна 24 рублі. А на папулярным маркетплэйсе “Вайлдберыс” можна знайсці і за 19. Супастаўляць кошт апавяшчальніка з цаной чалавечага жыцця не мае сэнсу. І адказ на пытанне, ці трэба яго набываць, адназначны.

Вольга КАМАРКОВА.

Дзмітрый ДАХІН, начальнік райаддзела па надзвычайных сітуацыях:

“За апошнія 20 гадоў у краіне дзякуючы прыбору выратаваны амаль тры тысячы чалавек. А калі ўлічыць, колькі выпадкаў спрацоўкі адбылося на ранняй стадыі і без выкліку МНС, то гэтая лічба будзе у разы большая. У домаўладаннях з любымі цеплагенерыруючымі ўстройствамі прыбор проста жыццёва неабходны!”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *