У гарпасёлку пачаўся рамонт дарогі па Камсамольскай, і як вадзіцелі, так і пешаходы суправаджаюць убачанае радасным “нарэшце”. Сапраўды, палатно па гэтай бойкай вуліцы было моцна выбітым – і яна значылася ў планах капрамонту.
Верхні слой асфальту поўнасцю зняты, каб новы пакласці на роўную аснову. Робіцца гэта спецыяльнай тэхнікай – дарожнай фрэзай. Такі метад мінімізуе неабходнасць у поўнай замене асфальту, змяншае расходы, ды і адходы. Іх па сутнасці няма, бо магутныя барабаны пераўтвараюць закамянелы матэрыял у новы – асфальтагранулянт, які транспарцёрам падаецца ў кузавы машын. Працэс гэты патрабуе асаблівай дакладнасці, бо пры няроўным верхнім палатне трэба пакінуць гарызантальную паверхню без агрэхаў і рэшткаў, для чаго аснова нават падмятаецца.
Халоднае фрэзаванне выкарыстоўваецца на вуліцах гарпасёлка неўпершыню. На гэты раз ім займаліся субпадрадчыкі з Гомельскай вобласці, а ўкладаць новае палатно будуць полацкія дарожнікі. Ушачан жа не менш цікавіць, куды пойдзе асфальтагранулянт, паколькі дзякуючы фрэзаванню цвёрдая аснова ўжо ляжыць па Полацкай, Піянерскай, А.Клопава. Пракаменціраваў сітуацыю намеснік старшыні райвыканкама Дзмітрый Пятровіч Цімафееў: “Пакуль што матэрыял складзіруецца, каб потым пусціць на рамонт вуліц гарпасёлка. Іх шмат, і мы не зможам закрыць адразу ўсе разбітыя ці гравійкі. Не дакладзена Полацкая, чакаюць рамонту Каранеўскага, Данукалава. Мы ведаем праблемныя для райцэнтра ўчасткі і паступова іх закрываем”.
Вольга КАРАЛЕНКА.

