На Ушачской районной Доске почёта новые имена и трудовые коллективы

Общество

Вам, ніў працоўных перадавікі, з пашанай кажуць “дзякуй” землякі

Традыцыйна напярэдадні 1 Мая называюцца імёны новых лаўрэатаў працоўнага алімпу. Сёння мы раскажам пра тых, хто рашэннем Ушацкага раённага выканаўчага камітэта па выніках работы за 2020 год занесены на раённую Дошку гонару.

Дзяржаўная ўстанова “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна” (дырэктар – Алеся Уладзіміраўна Хвашчэўская). У 2020 годзе за атрыманыя ад ажыццяўлення дзейнасці сацустановы сродкі на развіццё сацыяльнага абслугоўвання і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы накіравана 10,4 тысячы рублёў. Прыцягнута спонсарскіх сродкаў на суму 0,9 тысячы (у 2019 годзе было 0,5 тысячы). Усе пажылыя грамадзяне і інваліды, якія маюць патрэбу, ахоплены надомным абслугоўваннем. Сацыяльнымі работнікамі летась аказана 4231 разавая паслуга 4039 непрацаздольным грамадзянам, што склала 110,8 працэнта да ўзроўню 2019-га; у рамках комплекснага абслугоўвання – звыш 492 тысяч паслуг, тэмп росту – 101,7 працэнта. Ад рэалізацыі рэчаў, вырабленых у аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, у 2020 годзе паступіла 0,5 тысячы рублёў, што на 166,7 працэнта больш, чым у 2019-м.

Інфекцыйнае аддзяленне ўстановы аховы здароўя “Ушацкая цэнтральная раённая бальніца” (загадчык – Вольга Пятроўна Ярмош). У аддзяленні пралечана 598 пацыентаў, з якіх 487 – дарослыя, 111 – дзеці. У 166 чалавек выяўлена інфекцыйнае захворванне COVID-19. Загружанасць ложка за 2020 год склала 274,75 дня, з іх для дарослага насельніцтва – 355,61, для дзяцей – 124,57. Фактаў смерці за адзначаны перыяд у інфекцыйным аддзяленні не было.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Глыбачанская дзіцячы сад – сярэдняя школа імя Б.І.Юркіна Ушацкага раёна” (дырэктар – Зоя Іванаўна Жогаль). За мэтанакіраваную і эфектыўную работу па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы адукацыі, стварэнне спрыяльных умоў для раскрыцця творчага патэнцыялу педагогаў і навучэнцаў, забеспячэнне якасці адукацыйнага працэсу, дасягнутыя вынікі ў навучанні і выхаванні дзяцей. Па выніках раённага агляду-конкурсу па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да 2020/2021 вучэбнага года калектыў школы ўзнагароджаны дыпломам І ступені.

Вялікадолецкі сельскі Дом культуры дзяржаўнай установы культуры “Ушацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” (загадчык – Валянціна Дзмітрыеўна Смаляк). Работнікі ўстановы паспяхова ажыццяўляюць дзейнасць па рэалізацыі асноўных задач у сферы культуры, накіраваных на стварэнне ўмоў для захавання і эфектыўнага выкарыстання культурнай спадчыны, забеспячэння роўнага доступу насельніцтва да культурных каштоўнасцяў, інфармацыйных рэсурсаў, паслуг установы культуры, развіцця творчага патэнцыялу. За 2020 год праведзена 245 мерапрыемстваў (з іх 102 – на платнай аснове), на якіх прысутнічала 5039 чалавек. План платных паслуг выкананы на 100 працэнтаў на суму 2165 рублёў. Праводзяцца работы па добраўпарадкаванні тэрыторыі.

Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Ушацкі лясгас” (дырэктар – Сяргей Аляксандравіч Даніловіч). У 2020 годзе выручка ад рэалізацыі прадукцыі склала 9044 рублі, а гэта 137 % да плана і 188,3% да ўзроўню мінулага года. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі склаў 1619 тысяч рублёў, пры гэтым рэнтабельнасць рэалізацыі прадукцыі дасягнула 21,8%. Павялічаны аб’ём экспарту – піламатэрыялаў і шчапы: 1395,4 тысячы долараў ЗША (257% да ўзроўню мінулага года). Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 2162 тысячы рублёў.

Дзяржаўная спецыялізаваная вучэбна-спартыўная ўстанова “Ушацкая дзіцяча-юнацкая спартыўная школа” (дырэктар – Сяргей Генадзьевіч Кіслы). За час існавання спартыўнай школы падрыхтаваны заслужаны майстар спорту па самба, тры майстры спорту міжнароднага класа па водных лыжах, дзюдо і жаночай барацьбе, а таксама дваццаць восем майстроў спорту. На чэмпіянатах, першынствах свету і Еўропы выхаванцы ўстановы заваявалі 36 медалёў рознай вартасці. У поўным аб’ёме выкананы ўсе даведзеныя паказчыкі дзяржаўнай праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь на 2016-2020 гады. На 135 працэнтаў выкананы паказчыкі па даходах ад пазабюджэтнай дзейнасці ў 2020-м. Экспарт турыстычных паслуг, аказаны летась фізкультурна-аздараўленчым комплексам “Юнацтва- Ушачы”, склаў 6,5 тысячы долараў ЗША.

Жывёлагадоўчы комплекс “Маяк” філіяла “Маяк-Ушацкі” ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў” (начальнік – Валерый Уладзіміравіч Літвін). У 2020 годзе філіял “Маяк-Ушацкі” выканаў асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця і павялічыў аб’ёмы вытворчасці. Колькасць пагалоўя на 1 студзеня 2021 года склала 2070 галоў (103 % да мінулагодняга ўзроўню). Валавыя прывагі на адкорме і дарошчванні буйной рагатай жывёлы дасягнулі 4813,33 цэнтнера. Сярэдняя вага адной вырашчанай галавы склала 243 кілаграмы, а сярэднясутачныя прывагі па комплексе – 662 грамы.

Плінскі сельскі клуб дзяржаўнай установы культуры “Ушацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” (загадчык – Дрозд Вера Васільеўна). Установа практыкуе разнастайныя формы работы: канцэрты, вечары адпачынку, тэатралізаваныя прадстаўленні, гульнявыя праграмы. Створаны аматарскія аб’яднанні для малодшых школьнікаў, пажылых людзей. За год праведзена 61 мерапрыемства, у якіх прыняло ўдзел 550 чалавек. План платных паслуг выкананы на 100%, паступленні склалі 1080 рублёў. Актыўна праводзіцца работа па добраўпарадкаванні прылягаючай тэрыторыі.

Анжаліка Джонаўна ХАХЛОВА – галоўны інжынер прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.
Мы і не задумваемся, хто запускае вытворчы механізм самай запатрабаванай службы, а між тым на А.Хахловай як глабальныя праекты – рэканструкцыя кацельняў, цепласетак, перспектыўнае планаванне работы прадпрыемства, так і ўрэгуляванне бытавых пытанняў спажыўцоў. І ў самых складаных сітуацыях яна застаецца ўраўнаважанай і тактоўнай. Пераканана, што намнога большага даб’ешся добрым словам, уласным прыкладам, таму заўсёды прыходзіць на выручку калегам, асабістыя інтарэсы падпарадкоўвае агульным. Рашэнні Анжаліка Джонаўна прымае аператыўна. За трыццаць год у галіне (у нашым раёне з 2007-га) працавала на розных пасадах, разбіраецца ва ўсіх напрамках шматграннай сферы і тым не менш пастаянна самаўдасканальваецца. Сёлета А.Д.Хахлова далучылася да слаўнай кагорты Ганаровых работнікаў камунальнай гаспадаркі.

Вольга Мікалаеўна ШУМІНСКАЯ – начальнік вытворчага ўчастка “Хадакова” ЗАТ ”Віцебскаграпрадукт”.
Адзіны чалавек на Дошцы гонару, які не з’яўляецца ўшачанінам. Вольга Мікалаеўна пражывае ў Бешанковічах і вось ужо тры гады ўзначальвае свінагадоўчы комплекс на тэрыторыі нашага раёна. Яе высокія арганізатарскія здольнасці і адказнасць спрыялі таму, што на ўчастку падабраны працаздольны калектыў. За мінулы год там асемянілі 3817 свінаматак, атрымалі 33473 парсючкі і 5504,5 цэнтнера валавых прываг. Апладняльнасць склала 80 працэнтаў, а захаванасць маладняку – 96,6. Высокія паказчыкі прадпрыемства істотна паўплывалі на раённыя. А яго кіраўніка станоўча характарызуе і наступны факт – жанчына, якая сёлета адзначыць 50-гадовы юбілей, з’яўляецца мнагадзетнай маці і мае 30-гадовы стаж работы.

Ніна Аляксандраўна ВАСІЛЕЎСКАЯ – старшыня Ушацкага раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў.
Імкнецца ахінуць сваім цяплом увесь свет – так адным радком можна ахарактарызаваць гэтага неабыякавага чалавека, які па родзе абавязкаў лепш за іншых ведае праблемы пажылых людзей і шчыра імкнецца ім дапамагчы. Малалетнія вязні Вялікай Айчыннай атрымалі гуманітарную дапамогу, разгледжана 32 звароты ветэранаў працы, па ініцыятыве савета 18 чалавек летась ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі райвыканкама і райсавета, а ветэраны-юбіляры атрымліваюць віншаванні калег і сяброў. Прыхільніца здаровага ладу жыцця, яна стаяла ля вытокаў зараджэння спартыўнага клуба “Імпульс”, з’яўляецца валанцёрам па скандынаўскай хадзьбе для пажылых, наладжвае для іх шматлікія экскурсіі. Ніна Аляксандраўна сабрала каманду аднадумцаў, якія ўдзельнічаюць ва ўсіх карысных справах і мерапрыемствах раёна.

Юлія Алегаўна АЎТУХ – прадавец шостага разраду магазіна “Родны кут” у вёсцы Сарочына.
Паколькі гэта магазін прыдарожнага сэрвісу – то асартымент у ім павінен быць набліжаны да сталічнага. Так лічаць Юлія Алегаўна і яе напарніца, і таму вывучылі густы як мясцовага насельніцтва, так і заезджых, многія з якіх спецыяльна робяць круг да крамы. Ну а сарочынцы кажуць, што ім у райцэнтр ездзіць за пакупкамі не трэба. І як вынік – у гэтым вясковым магазіне выручка за мінулы год склала 522 тысячы, а продаж на аднаго жыхара – 2675 рублёў. Юлія Алегаўна з’яўляецца не толькі адказным, бездакорным спецыялістам, але і займае актыўную грамадзянскую пазіцыю: дэпутат Сарочынскага сельскага Савета дэпутатаў, удзельніца спартыўных спаборніцтваў. Мае ўзнагароды Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства, у 2018 годзе заносілася на Дошку гонару прадпрыемства.

Аляксандр Уладзіміравіч КРЫШТОПЕНКА – урач агульнай практыкі, загадчык Вялікадолецкай бальніцы сястрынскага догляду.
Больш за 27 гадоў Аляксандр Уладзіміравіч з’яўляецца кіраўніком Вялікадолецкага “медыцынскага цэнтра ў мініяцюры” – вядзе прыём пацыентаў у амбулаторыі, кантралюе работу даўрачэбнага, працэдурнага і іншых кабінетаў, дзённага стацыянара, бальніцы сястрынскага догляду. У “веданні” доктара і некалькі фельчарска-акушэрскіх пунктаў, якія ён наведвае згодна з графікам. Ніякіх цяжкасцяў А.У.Крыштопенка не баіцца, граматна арганізуе работу ў калектыве. У 2020 годзе праз яго ўстанову прайшло 3702 пацыенты (дарэчы, у 93 з іх быў пацверджаны каранавірус), 2011 прыняты на доме. “Зрабіць усё магчымае і нават больш!” – такім дэвізам карыстаецца доктар у прафесійнай дзейнасці, што дапамагае падтрымліваць здароўе сельскага насельніцтва на добрым узроўні.

Таццяна Мікалаеўна СІДАРЭНКА – урач-рэнтгенолаг, загадчык рэнтгеналагічнага кабінета Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы.
Многіх сваіх землякоў Т.М.Сідарэнка бачыць, як кажуць, наскрозь. Яно і не дзіўна: больш за 25 гадоў жанчына працуе ўрачом-рэнтгенолагам ва Ушацкай цэнтральнай райбальніцы, “чытае” здымкі пацыентаў. Толькі за 2020 год, ва ўмовах няпростай эпідсітуацыі, пры яе ўдзеле праведзена 22 тысячы рэнтгеналагічных даследаванняў. Паспяхова спраўляецца Таццяна Мікалаеўна і з абавязкамі ўрача ўльтрагукавой дыягностыкі. Аднак на загружанасць спецыяліст першай катэгорыі не скардзіцца: прыемна працаваць у дружным калектыве прафесіяналаў, а тым больш, убачыўшы паталогію і своечасова распазнаўшы захворванне, выратаваць чалавеку жыццё.

Тамара Пятроўна ШАХНОЎСКАЯ – рэнтгеналабарант Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы.
Вось ужо два дзясяткі гадоў Т.П.Шахноўская працуе ў райбальніцы, а ўзгаданую пасаду займае з 2012-га. Структуру чалавечага цела яна ведае ад “а” да “я”, што дапамагае рабіць максімальна якасныя здымкі грудной клеткі, костак, зубоў, а гэта гарантыя таго, што доктар, правай рукой якога яна з’яўляецца, хутка распазнае праблему і правільна назначыць лячэнне. Ва ўмовах пандэміі Тамара Пятроўна аказалася ў ліку тых спецыялістаў, што прынялі на сябе асноўны ўдар у барацьбе з COVID-19. Штодня ёй даводзіцца кантактаваць з дзясяткамі пацыентаў, у тым ліку тымі, што маюць падазрэнне на каранавірус. Спраўляецца жанчына з вялікім аб’ёмам спраў, праяўляе ўважлівасць, тактоўнасць да калег і хворых, за што карыстаецца заслужаным аўтарытэтам.

Святлана Віктараўна ШЫЛА – урач лабараторнай дыягностыкі, загадчык клініка-дыягнастычнай лабараторыі Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы.
Лабараторныя аналізы не церпяць адкладу: некалькі гадзін – і першапачынальнік захворванняў знойдзены. На працягу 6,5 года ў райбальніцы адказвае за гэту справу ўрач другой кваліфікацыйнай катэгорыі С.В.Шыла. Пад яе кіраўніцтвам праводзяцца самыя розныя даследаванні: гемалагічныя, агульнаклінічныя, біяхімічныя… Ва ўмовах пандэміі давялося пазнаёміцца і з новымі – на антыцелы да каранавіруса. Толькі за 2020 год праз лабараторыю прайшло амаль 44 тысячы пацыентаў, праведзена без малога 365 тысяч даследаванняў. Святлана Віктараўна прапагандуе здаровы лад жыцця, актыўна ўдзельнічае ў грамадскіх справах калектыву.

Ала Віктараўна ШАХНОЎСКАЯ – медыцынская сястра прыёмнага аддзялення Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы.
Гэта ў сваім родзе ўніверсальны спецыяліст, якому даводзіцца сутыкацца з “балячкамі” самага рознага профілю. У змену, што доўжыцца суткі, да Алы Віктараўны трапляе да 30 хворых і каля паўсотні вадзіцеляў, якія праходзяць перадрэйсавы медагляд. У начны і вячэрні час па назначэнні дзяжурнага ўрача яна і кардыяграму пацыенту зробіць, і забор крыві правядзе, і гіпс накладзе. У такой рабоце без камунікабельнасці, псіхалагічнай устойлівасці, цярплівасці не абысціся – і А.В.Шахноўская, за плячыма якой 24 гады працы ў райбальніцы, валодае гэтымі якасцямі. Да кожнага пацыента стараецца знайсці падыход – з адным пажартуе, з іншым – трымаецца сур’ёзна. Яна любіць сваю справу і ў любой сітуацыі дзейнічае хутка, прафесійна.

Алена Леанідаўна ІГНАТОВІЧ – загадчык аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў аг.Вяркуды ТЦСАН Ушацкага раёна.
Ва ўстанове жанчына працуе з 2012-га: была сацработнікам, загадчыкам гаспадаркі, а шэсць гадоў таму стала кіраўніком. Актыўна ўкараняе ў аддзяленні новыя формы работы, у тым ліку па прафілактыцы дэменцыі, праводзіць мадэрнізацыю будынка і яго памяшканняў, дбае пра іх абсталяванне элементамі безбар’ернага асяроддзя. Ва ўмовах няпростай эпідсітуацыі Алена Леанідаўна непасрэдна ўдзельнічала ў рэалізацыі каранцінных мерапрыемстваў, беручы на сябе і нехарактэрныя для сваёй пасады функцыі: для яе не праблема – прыгатаваць для амаль 30 персон абед, змерыць некаму ціск ці, скажам, прынесці з адрыны мех бульбы. Калегі бяруць з яе прыклад, падапечныя любяць і цэняць.

Віктар Мікалаевіч ШЫШОЎ – настаўнік хіміі і біялогіі Вялікадолецкай дзіцячага сада-сярэдняй школы імя П.У.Броўкі.
Добры след на зямлі гэты чалавек пакідае не толькі ў вучнях, многія з якіх рэалізоўваюцца ў прафесійным жыцці менавіта праз хіміка-біялагічны напрамак. Плён вялікай працы настаўніка таксама ва ўзорным участку, цудоўным школьным садзе, які будзе радаваць вока многіх пакаленняў вялікадальчан. В.Шышоў плённа супрацоўнічае з грамадскім аб’яднаннем “Беларускі зялёны крыж”. Установа адукацыі два гады запар уваходзіла ў лік пераможцаў міжнароднага конкурсу на лепшы прышкольны ўчастак, пры рэалізацыі якога пад кіраўніцтвам Віктара Мікалаевіча вучні спасцігаюць асновы сельскагаспадарчага прадпрымальніцтва. А летась даследчая работа В.Шышова перамагла ў Міжнародным конкурсе праектаў імя А.Макаранкі.

Ірына Станіславаўна МАЛАК – загадчык аддзела бібліятэчнага маркетынгу Ушацкай раённай бібліятэкі імя Е.Я.Лось.
Ключавая пасада ў бібліятэчнай сістэме абавязвае Ірыну Станіславаўну мець вялікія веды, генерыраваць ідэі, быць у курсе інавацый, укараняць іх у жыццё і нават навучаць калег. І з усімі сваімі абавязкамі жанчына спраўляецца выдатна. Пад яе кіраўніцтвам вядзецца работа па зборы матэрыялаў па краязнаўстве, патрыятычным выхаванні, літаратурнай спадчыне Ушаччыны, створаны адпаведныя базы даных. І.С.Малак распрацоўвае анлайн-маршруты і віртуальныя праекты, арганізуе выданне брашур, асабіста рыхтуе мерапрыемствы – на высокім узроўні былі праведзены анлайн-конкурс на лепшага дэкламатара, “Бібліятэкар года-2020”, конкурс на лепшы рэкламны буклет. Мае неабыякавую жыццёвую пазіцыю: з’яўляецца актывістам “Белай Русі”, “Беларускага саюза жанчын”.

Ірына Васільеўна КОРШУН – настаўнік па класе цымбалаў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў.
За сем з паловай год працы ва ўстанове Ірына Васільеўна паспела дасягнуць значных прафесійных вышыняў. Таленавіты педагог і шчыры аматар народнага музычнага мастацтва, яна ўмела прывівае гэта захапленне вучням. Выканаўчае майстэрства юныя цымбалісты ўдасканальваюць не толькі на занятках, а і праз удзел у конкурсах. Мінулы год і пачатак бягучага сталі ў гэтым плане надзвычай плённымі: выхаванцы І.Коршун заваявалі ў розных творчых праектах шэсць дыпломаў лаўрэатаў, у тым ліку і гран-пры міжнароднага анлайн-конкурсу “Жывая музыка”. Ірына Васільеўна карыстаецца аўтарытэтам у калег, з’яўляецца загадчыкам народнага струннага аддзялення. Уласныя ж творчыя таленты яна дэманструе з канцэртнай сцэны, на якую выходзіць і як віртуозная цымбалістка, і як удзельніца народнага вакальнага ансамбля “Натхненне”.

Уладзімір Уладзіміравіч УРБАН – машыніст тралёвачнай лесанарыхтоўчай машыны (харвестар) 8 разрада Ушацкага лясгаса.
Стаж работы ў лясной галіне пакуль яшчэ невялікі – крыху больш года, аднак да справы ставіцца вельмі адказна. З першых дзён працы аграрый у мінулым вызначыўся дысцыплінаванасцю, мэтанакіраванасцю і беражлівымі адносінамі да тэхнікі. Інакш і не мог, бо навічку даверылі важнае звяно ў агульным ланцугу вытворчасці – лесанарыхтоўку. Летась У.У.Урбан на харвестары Амкадор-2541 нарыхтаваў 12046 кубаметраў драўніны і стаў абсалютным пераможцам у абласным спаборніцтве сярод рабочых вядучых прафесій лясной гаспадаркі за 2020 год.

Аляксандр Анатольевіч ГАЛУБІЦКІ – трактарыст-машыніст ААТ “Ільюшынскі”.
Адзін з самых вопытных і працавітых механізатараў гаспадаркі, за плячыма якога 32 гады ў галіне. Яго можна назваць “байцом нябачнага фронту”, бо яго работа не такая прыкметная, як, скажам, сейбітаў ці камбайнераў, але не менш важная і патрэбная: у перыяд палявых работ А.А.Галубіцкі на Амкадоры-320 задзейнічаны на пагрузцы зерня, угнаенняў, а ў зімова-стойлавы перыяд – кармоў. Адным словам, ён там, дзе не абысціся без пагрузчыка. За 2020 год умоўная выпрацоўка на трактары склала 1993 эталонных гектары. Добра разбіраецца ў тэхніцы, заўсёды гатовы прыйсці на выручку сваім калегам, таму заслужана карыстаецца сярод іх павагай.

Ігар Аляксандравіч КАРОТКІ – вадзіцель аўтамабіля
ААТ “Ільюшынскі”.

У сельгаспрадпрыемстве працуе з 2017 года, задзейнічаны на розных відах сельгасработ, дзе патрэбна грузавая тэхніка – ад падвозу насення на палі да адвозкі зерня ад камбайнаў. Нязменна знаходзіцца ў ліку перадавікоў не толькі ў сваёй гаспадарцы. На жніве-2020 стаў абсалютным рэкардсменам у раёне – на МАЗ-555 перавёз 1508 тон зерня. На “ты” з тэхнікай, таму аператыўна спраўляецца як з тэхабслугоўваннем, так і рамонтам машыны. Прымае актыўны ўдзел у грамадскім жыцці калектыву. А яшчэ ён клапатлівы муж і бацька, разам са сваёй сям’ёй прымаў удзел у раённым этапе конкурсу “Уладар сяла”.

Алена Анатольеўна РАГАВЕШКА – старшына групы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння і абслугоўвання Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Служыць у МНС з 1994 года, супрацоўнікі аддзела называюць яе надзейным тылам і памочнікам. Не заступае на баявыя суткі, але менавіта на ёй матэрыяльна-тэхнічная частка, вядзенне і падрыхтоўка бухгалтарскіх дакументаў, справаводства, заключэнне дагавораў на аказанне аддзелам платных паслуг – іх за мінулы год аформлена на суму больш за 15 тысяч рублёў. Хоць і даводзіцца займацца папяровай работай, аднак як і ўсе супрацоўнікі райаддзела А.А.Рагавешка мае спецыяльнае званне – старшы прапаршчык, а службовую форму ўпрыгожвае нагрудны знак “Выдатнік”, а таксама медаль “За бездакорную службу” III ступені. Прымае актыўны ўдзел у добраўпарадкаванні і азеляненні тэрыторыі пажарнай часці.

Міхаіл Віктаравіч КАРАБАНЬ – вальшчык лесу 6 разраду Ушацкага лясгаса.
Ва Ушацкім лясніцтве працуе ўжо 15 гадоў і тут ніколі не ўзнікае пытанне, каго з работнікаў выставіць на штогадовы конкурс прафмайстэрства сярод вальшчыкаў лесу – у першую чаргу, канечне, М.В.Карабаня. Ён заўсёды выходзіць у лідары, а калегі з іншых падраздзяленняў лясгаса раўняюцца на прафесіянала і называюць фанатам сваёй справы. Штомесячную норму для вальшчыкаў ён заўсёды перавыконвае: у 2020-м, напрыклад, нарыхтаваў 1996 кубаметраў драўніны, што склала 118%. Не застаецца ўбаку і ад грамадскіх спраў, прымае ўдзел у добраўпарадкаванні і пасадцы лесу. Аб прафесіяналізме сведчыць і той факт, што на Дошцы гонару прадпрыемства яго прозвішча нязменна знаходзіцца ўжо на працягу 13 гадоў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *