«Старым зданиям — новая жизнь». Усадьба исторического имения Малые Дольцы в деревне Новая Жизнь

Калейдоскоп

Гэты артыкул новага праекта, прысвечанага ўшацкім аб’ектам, якія магчыма вярнуць ва ўжытак, мы невыпадкова змясцілі на “турыстычную” старонку. Сядзіба гістарычнага маёнтка “Малыя Дольцы” (вёска Новае Жыццё) пяць год таму была ўнесена ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца адной са славутасцяў Ушаччыны.

У нашай краіне штогод аднаўляюць і далучаюць у турыстычны і гаспадарчы абарот дзясяткі старажытных збудаванняў. Усяго ж у прыгаданым дзяржаўным спісе каля 5700 аб’ектаў, і значная іх частка патрабуе рэстаўрацыі. Відавочна, што адрамантаваць іх усе за бюджэтны кошт у бліжэйшы час проста немагчыма, таму асобныя прапануецца набыць прыватнікам.

Далецкі маёнтак – таксама ў ліку адкрытых для продажу аб’ектаў. І зараз мы распавядзем яго цікавую гісторыю. Паводле звестак, што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве, пабудаваны дом быў у 1848-м годзе для сям’і Вярэнька, а ў 1873-м перайшоў дачцэ аднаго з братоў памешчыкаў Юзэфе-Разаліі Сушчынскай (у розных крыніцах сустракаюцца і іншыя варыянты гэтага прозвішча: Сушынскія, Сушанскія).

Самая ж адметная падзея адбылася ў Малых Дольцах у 1909 годзе, калі дзеці гаспадароў Ганна і Эдвард, што вучыліся ў Санкт-Пецярбургу, прыехалі дамоў на канікулы. У наваколлі было шмат студэнцкай моладзі, якая надумала да фэсту, што павінен быў адбыцца ў мясцовай каплічцы, паставіць самадзейны спектакль. А паколькі ў тыя часы ўсталяваліся больш спрыяльныя адносіны да беларускай мовы (у Вільні пачала выходзіць газета “Наша Ніва”, у горадзе на Няве літаратар і асветнік Вацлаў Іваноўскі адкрыў выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”), п’есу вырашылі іграць па-беларуску.

Пакуль далецкая моладзь генерыравала драматургічныя ідэі, той самы Вацлаў вырашыў зладзіць падарожжа з Віцебска ў Ліду, каб сабраць матэрыялы для этнаграфічнага музея. Пра сваю вандроўку ён расказваў пазней у адной з газет: “Сеў на свой верны ангельскі вэлёсыпед, які называў “каза” – за рог трымаеш, а нагамі круціш…”. Маршрут пралягаў праз Лепель і Дольцы, дзе падарожнік далучыўся да творчай суполкі. Беларускіх п’ес не было, і перакапаўшы мясцовую бібліятэчку, яны знайшлі “жменю польскіх сцэнічных твораў”, дзе і пачэрпнулі ідэю будучай пастаноўкі. Вацлаў сцвярджаў, што менавіта ён “імправізаваў беларускі тэкст”, астатнія ж перапісвалі яго ў чатырох экзэмплярах. Праўда, некаторыя даследчыкі мяркуюць, што п’еса была плёнам калектыўнай творчасці, бо ў артыкуле, што выйшаў у 1911-м годзе ў газеце “Наша Ніва”, Ганна Сушчынская прыгадвала, што яны ставілі “намі перароблены твор”.

Так ці інакш, адну з першых беларускамоўных п’ес – камедыю “Міхалка” – убачылі далецкія гледачы. Сюжэт быў немудрагелісты: пан Язэп вырашыў падманам выдаць сваю 38-гадовую дачку Адэлю замуж за маладога паніча Міхалку. Аднак той памылкова прыняў за сваю нявесту пакаёўку Юльку, з якой потым збег у Мінск. Дзяўчыну, дарэчы, іграла сама паненка Ганна, ролі Адэлі, бацькі і Міхалкі выканалі студэнты з суседніх маёнткаў, Эдвард быў суфлёрам, а Іваноўскі – рэжысёрам і канферансье. “Удача сярод колькі сотняў сабраных на фэст надзвычайная! – пісаў ён ва ўспамінах. – Пасля прадстаўлення, укінуўшы ў свой багаж экзэмпляр, я пагнаў Казу далей. Прыехаўшы ўвосень у Пецярбург, змясціў “Міхалку” ў зборнік сцэнічных твораў з подпісам “Долецкія”.
Па звестках даследчыкаў, паніч Эдвард другі раз ладзіў пастаноўку гэтай камедыі на сядзібе ў 1911-м, а яшчэ праз год у Дольцах паставілі тры іншыя п’есы на беларускай мове.

У савецкія гады ў панскім доме размяшчаліся розныя ўстановы. Напрыклад, інтэрнат, у якім аднойчы ўзнік пажар. Пазней тут абсталявалі калгасную кантору. Нашы чытачы прыгадваюць, што ў будынку таксама працавалі бібліятэка, паштовае аддзяленне, пункт бытавых паслуг, а ў падвале дзейнічаў нават швейны цэх. Для многіх жа з гэтым збудаваннем звязаны лепшыя ўспаміны юнацтва, бо на першым яго паверсе размяшчаўся сельскі клуб, дзе, як і стагоддзе таму, збіралася моладзь з усяго наваколля – праўда, не на спектаклі, а на дыскатэкі…

Такі вось экскурс у мінулае. І вельмі хочацца, каб гэта быў не канец гісторыі. Зараз любы жадаючы можа набыць сядзібу праз аўкцыён са стартавым коштам у адну базавую з умовай наступнага яе рамонту (тэл.: 8-02158-5-30-06). А наш відэаролік пра гэты аб’ект глядзіце ў сацсетках “Патрыёта”.

Наталля БАГДАНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *