Упэўненая ў сабе, баявая, у мужчынскім асяроддзі – як сярод сябровак, і пры гэтым падкрэслена ўраўнаважаная і ветлівая з кліентамі. Ветэран вытворчасці дыспетчар Алена Мікалаеўна Собаль, якая 38 гадоў адпрацавала на адным месцы – у ДРБУ-105, можа быць рознай. А яе расказ пра сябе аказаўся адначасова і экскурсам у гісторыю арганізацыі.
“Ці ўяўляла, чым буду займацца? Ды я нават што давядзецца вывучаць не ведала, а там чарчэння многа аказалася, якое вельмі не любіла, – пытаннем на пытанне адказвае А.Собаль. – Вельмі сціплая была, няўпэўненая ў сабе. І з атэстатам на 4 і 5 падавала дакументы туды, дзе не трэба было здаваць экзамены. Пасля практыкі напужалася і хацела кінуць вучобу, аднак усё ж скончыла тэхнікум таксама без троек. І з Гомельшчыны разам з Ірай Клемяценкай апынулася ва Ушачах”.
Пасялілі дзяўчат тут жа, у памяшканні прадпрыемства. Цяперашні пакой для адпачынку служыў інтэрнатам для многіх маладых спецыялістаў. І да дэкрэту шэсць гадоў адпрацавала майстрам. Яе першыя аб’екты – Ушачы-Вілейка, на Полацк праз Глыбачку, на Бешанковічы – у канцы 80-х літаральна ўсе дарогі былі на абслугоўванні ДРБУ-105, якое заключалася пераважна ў ямачным рамонце асфальтаваных і падсыпцы, грэйдзіраванні прасёлачных. Свайго завода не было, сумесь прывозілі з Полацка. А яшчэ вельмі многа будавалі гравіек.
– Чаму я ведаю усіх вадзіцеляў Ушаччыны і машыны па нумарах? Бо ў нас на аб’ектах былі задзейнічаны ўсе ЗІЛы АТП №6, Сельгастэхнікі, “Хіміі”, усіх прадпрыемстваў, якія заканчвалі аграрныя работы, – па 160 чалавек працавала. Я за дзень спісвала лічы што два столістовыя стосы таварна-транспартных накладных – столькі гравію вазілі, напрыклад, на дарогу праз Царкавішча. Памятаю, і як першы асфальт клалі па вуліцы Каранеўскага – самі змайстравалі карыта, зачапілі яго за трактарам і высыпалі сумесь. Пазней асобная брыгада, якой кіраваў І. Д. Смальніцкі, стала на асфальце кваліфікавацца, а яшчэ тры будавалі і падтрымлівалі астатнія, – прыгадвае жанчына сваю загартоўку.
Ёй пашчасціла з яе першымі падначаленымі – сталымі ўжо мужчынамі, якія падтрымлівалі і ставіліся з павагай. Ды і акрамя начальніка пункта, якім яна і лічылася, быў яшчэ вопытны майстар Уладзімір Іосіфавіч Кісель. А вось з планёрак, дзе яна была адзінай у мужчынскім калектыве, часта выходзіла ў слязах. Дырэктар М.І.Карнееў рабіў заўвагі ўсім, толькі вось успрымала іх 19-гадовая дзяўчына інакш. Таму з цеплынёй прыгадвае і механіка Цімафея Цімафеевіча Леснічэнку, які па-бацькоўску супакойваў.
Ці проста пасля такога баявога хрышчэння працаваць дыспетчарам? Безумоўна, так. Бо яна сама “абмацала” практычна ўсе дарогі Ушаччыны, знае іх крутыя павароты і спускі, лепш за карэнных ушачан ведае назвы ўсіх вёсачак і нават урочышчаў. І пры паступленні заяўкі можа любому вадзіцелю патлумачыць, дзе і што рабіць. Каб не было пустых прагонаў, штораніцы на планёрцы ўказваюцца адрасы скарг. У журнале за дзень бывае па 20-30 запісаў толькі ў рабочы час. А яшчэ людзі аднекуль даведваюцца мабільны нумар дыспетчара і тэлефануюць у выхадныя.
Алена Мікалаеўна хоць і працуе па нарміраваным графіку, аднак падымаецца штодня ў 5 гадзін, у 7 заўсёды на рабоце, а ў палове восьмай, пасля лятучкі, ужо на другім сваім працоўным месцы – на запраўцы. Зараз ўсё прадказальна – вадзіцелі заліваюць паліва раніцай, а вось зімой, калі расчыстка вядзецца ў дзве змены, яе падымаюць і пасярод ночы, і ў суботу з нядзеляй.
Званок – і Алена Мікалаеўна заводзіць уласную машыну, а праз пару хвілін ужо на тэрыторыі. Даўно адладжаная практыка, таму і называюць жанчыну незаменным у калектыве. Яна ж у сваю чаргу падкрэслівае, што увесь час яе акружаюць выдатныя людзі і ўдзячна таму выпадку, які прывёў яе ў прафесію.
Вольга КАРАЛЕНКА

