Мала дзе сустрэнеш такі восеньскі пейзаж, як у Павуллі. Абвешаныя золатам бярозы, блакіт блізкай воднай гладзі ёсць у многіх вёсках раёна. Але мала дзе ўжо ўбачыш на ўездзе з двух бакоў шашы каня і кароўку, што пасвяцца на пабурэлай траве. І належала гэтая парачка цёмнага колеру адной сям’і – Валянціны Уладзіміраўны Гардзіёнак і Леаніда Дзмітрыевіча Акулёнка.
Здаецца, даярцы, чыё імя ўзначальвала раённы рэйтынг па надоях, яшчэ ў гаспадарцы павінен быў надакучыць няпросты прафесійны абавязак. А ён, аказваецца, загартаваў і навязаў рытм, які па інерцыі прымушае не хадзіць, а бегаць. “Я не ўмею адпачываць, лежма на канапе. Усё ж жыццё – без перадыху, – расказвае В.Гардзіёнак. – Ранняя дойка, уласная гаспадарка, праполка калгасных буракоў, каб шнур для нарыхтоўкі сена атрымаць, потым зноў ферма, градкі і з цёмным ад кароў. Так было, яшчэ калі матулі дапамагала з сёмага класа, толькі раней яшчэ і лён уручную рвалі. А без адпачынкаў колькі прарабіла, бо не хацелася сваю групу ў чужыя рукі перадаваць. Настолькі да гэткага ладу прывыкла, што двухжыльнай стала. А паколькі цяпер на ферму бегаць не трэба, то раніцай – лес, з абеду – возера, ну і агарод і хатняя жывёла – па-ранейшаму.
Валянціна Уладзіміраўна паказвае журавінныя ўзгоркі – па некалькі вёдзер спелай балотнай ягады рассыпаны для прасыхання ў кожным пакоі вялікага дома. Сабе столькі не трэба, а падтрымка да пенсіі будзе, вось толькі нарыхтоўшчыкі па вёсках не ездзяць. Ладная цыбуля, пераважна звычайная “сямейка”, але памерам з сявок, рассыпана ў сеткі і вялізныя кошыкі. Часнок – з кулак асілка, слоікамі з салатай, кампотамі застаўлены падполле і шафы. Што не ўрадзіла на градках гэтай умелай гаспадыні? Такога няма, хоць ваду для паліву даводзіцца вазіць з рэчкі ці возера. Ну і як раней было ў кожным сялянскім доме – сала ў скрынях, пальцам піханыя каўбасы, халадзільнік з уласным мясам – бо да леташняга парсюка далучылася яшчэ і ялавічына з бычка ўласнай гадоўлі. Зразумела, што ўсім дзеліцца з сем’ямі дочкі і сына.
Гаспадары абводзяць па сваіх ўладаннях. Валянціна Уладзіміраўна задаволена усміхаецца – ёй спадабалася мая здзіўленая рэакцыя на парсючка – не па ўзросце круглага і са смешнымі невялікімі вушамі. Ідзём фатаграфаваць коніка – ля дарогі, аказваецца, быў суседскі, а іх – таксама блізка, толькі за садам. Мужчына дае жарабцу хлеб, і той ахвотна пазіруе. “Сабе ўсё ўзворваю, хто-небудзь з суседзяў дапамагчы просіць, нават мотаблок маючы. Так акуратна, як канём, градкі не паставіш. Канечне, каб гэты “рухавік” цягнуў, і авёс купляем, і камбікорм, а яшчэ ім на дваіх з буронкай шэсць тон сена трэба насушыць. І хоць шнуры зараз – на ўсё наваколле, аднак у пачатку лета з-за дрэннага надвор’я была пагроза застацца без травы, так што праблемна далося”.
І ўсё ж трымерам з дыскам мужчына накасіў неабходны аб’ём пераважна ля дома. Леанід Дзмітрыевіч паказвае перакладзеную сваімі рукамі печ у лазні, загоны для курэй і ажно дзве копанкі з карасямі. Зрабіў два крокі – і з рыбай, тым больш што вудзяць у іх доме – усе. “Валянціна Уладзіміраўна, няўжо і вы таксама?”, – неяк не магу ўявіць руплівую жанчыну за такім заняткам.
“О! Любому мужыку фору дасць, – адказвае за яе муж. – У Валі прызванне. Ведаеце, як у нас заезджыя рыбакі клёвыя месцы выведваюць? Ім мясцовыя кажуць – убачыце, дзе жанчына вудзіць – там і клюе”.
Зразумела, не магу не задаць набалелага для трымальнікаў кароў пытання: “Напэўна зараз, калі малако не збіраецца, ад кароўкі думаеце пазбаўляцца?” “Ды не, пакуль такіх планаў няма, – спакойна адказвае гаспадыня. – Карова сёлета ялаўка, звычайна каля 30 літраў давала, а малаказборшчыкі да нас у Павулле з-за мяне адной ужо некалькі год не заязджалі. Таму сама збыт знаходжу: дачнікі купляюць і нашы, і з Янова. Калі застаецца – кіслю, тварог раблю – і ў маразілку. Смятана, масла, сыр – зноў жа свае, ды і муж можа трохлітровік выпіць. Наогул для тых, у каго ў хлеве парсюкі – праблем са збытам ніколі не будзе”.
Развітваемся. Хоць і вельмі даўно знаёмы з Валянцінай Уладзіміраўнай, аднак сёлета ўбачыла жанчыну з іншага боку – хатняга і “клёвага”.
Вольга Караленка


