С техникой на “ты” и с душой к делу. Геннадий Петрович Василевский — заслуженный работник ДРСУ-105

Общество

Пра каго з вялікага калектыву напісаць на старонках газеты, начальнік ДРБУ-105 А.Агіевіч не вагаўся: “Толькі імяніннікаў, якія столькі год аддалі прадпрыемству. Тым больш што Генадзь Пятровіч Васілеўскі ідзе на заслужаны адпачынак. А ён амаль чвэрць века трымаў у рабочым стане наш асфальта-бетонны завод. Яму мы абавязаны якасным матэрыялам, здабываць які даводзілася ў разы цяжэй, чым на сучасных прадпрыемствах”.

Для ўраждэнца Машчон, тэхнічна цікаўнага хлопца, Дзень аўтамабіліста і дарожніка наканаваны быў стаць сваім, хоць і атрымаў спецыяльнасць майстра-энергетыка. Пасля арміі ён сеў за старэнькі ЛуАЗ, потым былі бартавыя рарытэты, якіх цяпер на дарогах не ўбачыш, а калі перайшоў у ДРБУ – напрацаваў унушальны вадзіцельскі стаж. І толькі з гэтага, эксплуатуючага боку, меў далучэнне да дарог.

Выручылі прыродная кемлівасць і грунтоўны падыход да ўсяго, чым бы не займаўся. “Хлопцы спачатку вучылі, расказвалі, як што працуе, – падкрэслівае заслугу работнікаў завода Генадзь Пятровіч. – Там многа электрыкі, таму і спецыяльнасць дапамагла. Ну а паколькі люблю тэхніку, маторы машын, напрыклад, рамантую заўсёды сам, то пакрысе ўкаранілі на заводзе не адно вынаходніцтва. Замянілі дыяметр дымахода, устанавілі помпы большай магутнасці, адмовіліся ад падземных бункераў з бітумам, з нуля будавалі мыйку для шчэбню, прыдумвалі, як лепш накіраваць транспарцёры”.

Работнікі прадпрыемства жартоўна кажуць, што завод пабудаваны з кансервавых бляшанак. Гэта, канечне, перабольшанне, аднак, заводскіх запчастак да яго сапраўды не знойдзеш. Калі Г.Васілеўскі паведамляе менеджарам марку завода, аптымістычныя галасы на тым канцы проваду замаўкаюць. А пасля паўзы ўсё ж цікавяцца, калі такі будаваўся. Не, падобныя рарытэты ў вобласці яшчэ захаваліся, а каб адрамантаваць хоць што, даводзіцца праяўляць не толькі кемлівасць, але і падключаць таварыскія сувязі. Што са спісанага камбайна пазычалі, што для вытачкі токару заказвалі. І як ні мудры, працэс вытворчасці ўсё роўна ідзе ў закрытую, няма датчыкаў, прыбораў, якія б паказвалі канцэнтрацыю бітуму, спецыяльных дабавак. Таму вельмі часта даводзіцца правяраць і пераправяраць, візуальна і навобмацак. А асфальт жа з завода на аб’екты паступае розны: ніжні слой значна адрозніваецца ад завяршальнага.
Ды і тэрыторыя раней была намнога меншай. Яна пашыралася, калі менавіта туды перанеслі і вытворчасць па вырабе пясчана-салянай сумясі. Такім чынам сезонны аб’ект стаў круглагадовым, а значыць, у майстра павялічылася абавязкаў, якія складаюцца з мноства розных дробязяў: і каб соль не злежалася, і грохат адрэгуляваць.

Завод, гэта яшчэ і выкіды ў паветра, і павышаная тэхніка бяспекі для работнікаў, а значыць – праверкі і справаздачы. А ў дадатак да ўсяго Генадзь Пятровіч выконвае абавязкі энергетыка прадпрыемства. І калі надзвычайных сітуацый на вытворчасці за два дзесяцігоддзі яго кіраўніцтва не было, то суправаджальнай дакументацыі давялося весці горы, не меншыя за тыя, што на пляцоўцы асфальтабетоннага завода. І паверце, гэты тэхнічны чалавек яшчэ і скрупулёзны “рахункавод”.

Як ён з усім спраўляецца? Сам кажа так: “За справу трэба перажываць”.
А пагутарыўшы з яго калегамі, высветліла наяўнасць яшчэ двух каштоўных рыс характару. Па-першае, ён – стапрацэнтны кіраўнік. Нават калі адсутнічае на аб’екце – там усё ідзе сваім парадкам, кожны ведае, што рабіць, а ў спрацаваным калектыве зусім няма цякучасці кадраў. Па-другое, Генадзь Пятровіч – сапраўдны гаспадар, без падзелу – маё і “калгаснае”. “Вы б на дачы ў Машчонах у яго пабывалі, такі парадак – адразу чалавека бачна”, – раілі ў калектыве, і мяркую, што мы скарыстаемся яшчэ такой магчымасцю. Тым больш што сам малады ветэран працы не скрывае, што прападаць на заслужаным адпачынку будзе пераважна там: “Агарод, мотаблок, любімая рыбалка – ды Вы, мяркую, ведаеце, што такое, мець домік на вёсцы! Не засумуеш!”.

Вольга КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *