На Ушаччине прошёл первый в этом году субботник

Общество

Першы ў гэтым годзе суботнік па навядзенні парадку прайшоў на Ушаччыне 16 сакавіка. Нягледзячы на тое, што паралельна святкавалі Масленіцу, прадстаўнікі ўсіх арганізацый масава выйшлі на замацаваныя за імі аб’екты. Вызначана ж было тры асноўныя лакацыі: мемарыяльны комплекс “Прарыў”, інтэрнат ля “Юнацтва-Ушачы” і прылеглы да яго мікрараён вуліцы Віцебскай. Аднак уборка вялася ў гэты дзень на тэрыторыі літаральна ўсіх сельсаветаў, а таксама на вуліцах гарпасёлка.

Самы масавы дэсант невыпадкова высадзіўся на “Прарыве”. Гэты прыдарожны аб’ект – візітоўка раёна, месца, якое пастаянна, у любы час года наведваюць турысты. Таму і выпраўляліся адкрытыя з зімы хібы. Самыя тэхналагічныя работы праводзілі камунгасаўцы. “Сёння мы мянялі прасеўшы ўчастак пліткі: наноў падымалі яе, павялічвалі гравійную падушку, выразалі і ўшчыльнялі”,– патлумачыў намеснік галоўнага інжынера УП ЖКГ Аляксандр Бехаў. Культработнікі, медыкі, супрацоўнікі райвыканкама, райсавета ачышчалі ад лістоты вялікую прылеглую тэрыторыю, у зямлянках апрацоўвалі драўляныя канструкцыі, газавікі фарбавалі свой пункт на гэтым аб’екце, “Сафійскія дары” пад ціскам мылі ваенную тэхніку, ДРБУ-105 наводзіла парадак на стаянках і выдаляла дрэвы і кустоўе па трасе.

Рыхтуецца да хуткага адкрыцця і новы інтэрнат ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу, таму работы вяліся як звонку, так і ўнутры памяшкання. Пяць прычэпаў будаўнічага смецця сабраў зводны атрад з аддзела па адукацыі, райсельгасхарча, цэнтра па забеспячэнні бюджэтных арганізацый, Ушацкай школы, аддзела архітэктуры, упраўлення па капітальным будаўніцтве і ТЦСАНа.

Наогул кіпелі справы ў гэты дзень па ўсім мікрараёне вуліцы Віцебскай. Ля спарткомплексу энергетыкі, страхоўшчыкі, прадстаўнікі сектара спорту і турызму, упраўлення па працы, лясгаса і іншых арганізацый займаліся абкосам сухой травы, кустоўя, уборкай смецця. “Толькі гляньце – усяго за 20 хвілін якія мяхі ля тутэйшага вадаёма назбіралі, – не хавала абурэння дырэктар ТЦСАН Марыя Антуновіч. – Пакеты, бутэлькі, іншыя рэшткі ад пікніка – усё чамусьці не даносілася да кантэйнераў, якіх паблізу нямала”.

Такая ж неаптымістычная карціна назіралася на дваравой тэрыторыі. Зранку тут быў устаноўлены прычэп для збору смецця. Для зручнасці грамадзян УП ЖКГ прадугледзела ўвесь неабходны інвентар: ад грабляў, мяцёлак, вёдраў і нават гумовых пальчатак. Вось толькі практычна ніхто з жыхароў шматпавярховак далучыцца да ўдзельнікаў суботніка не захацеў. Без іх у парадак прыводзіліся пляцоўкі ля пад’ездаў, зоны адпачынку – з уладкаваннем дзіцячых пясочніц, афарбоўкай арэляў.

Шэфы з райветстанцыі выехалі да помніка загінуўшым мірным жыхарам вёскі Забораўна, а супрацоўнікі Ушацкага сельвыканкама прыбралі дзве брацкія магілы. Пераважна месцы воінскай славы сталі асноўнымі аб’ектамі навядзення парадку на тэрыторыі сельсаветаў падчас першага, ранняга суботніка. Аднак работа гэта не разавая і не эпізадычная, а тэрыторый, дзе не абысціся без удзелу грамады, яшчэ шмат.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ,
Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *