
Рэспубліканскі суботнік актыўна падтрымалі жыхары Ушацкага раёна. Кіраўніцтва рэгіёну, дэпутацкі корпус, працоўныя калектывы арганізацый і прадпрыемстваў, грамадскія аб’яднанні, моладзь дружна прынялі ўдзел у навядзенні парадку. Нягледзячы на пахмурнае, з дробным дажджом надвор’е, работа кіпела ў многіх кутках Ушаччыны: каля помнікаў і месцаў пахавання загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, на вуліцах і ў парках райцэнтра, каля адміністрацыйных будынкаў, у сельскіх населеных пунктах, а таксама на аб’ектах аграпрамысловага комплексу раёна.

Дарэчы, менавіта на жывёлагадоўчых комплексах АПК высадзіўся вялікі працоўны дэсант. Навесці парадак на тэрыторыях сельгаспрадпрыемстваў рэгіёну – даручэнне Кіраўніка дзяржавы, дадзенае днём раней у час вялікай нарады ў Віцебску. Работы ў аграрыяў заўсёды хапае, а таму такая дапамога дакладна не лішняя. Старшыня райвыканкама Сяргей Садоўскі разам з працаўнікамі КУСГП “Вялікадолецкае”, лясгаса, участка электрасувязі, раёна электрасетак і іншых арганізацый працаваў на ўзвядзенні агароджы каля жывёлагадоўчай фермы ў Рагазіна. Такую ж работу ў Жарах выконвалі працаўнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі, раёна газазабеспячэння, ДРБУ-105, лясгаса на чале з намеснікам старшыні райвыканкама Дзмітрыем Цімафеевым.
А самы вялікі працоўны дэсант у суботу адправіўся на малочна-таварны комплекс у Завячэллі. Работнікі райвыканкама, райсельгасхарча, упраўлення па працы, занятасці і сацабароне райвыканкама наводзілі чысціню ў памяшканнях (на здымку). “Гэта не азначае, што тут раней нічога не ўбіралася. Працаўнікі “Сафійскіх дароў” пастаянна падтрымліваюць чысціню, і сітуацыю на гэтым аб’екце крытычнай ніяк не назавеш, але некаторыя моманты ўсё ж трэба было дапрацаваць, навесці ўзорны парадак. За некалькі гадзін выкананы прыкметны аб’ём работы”, – адзначыла начальнік райсельгасхарча, намеснік старшыні райвыканкама Юлія Ладнова.
Перад зімовым сезонам працавалі і ў многіх іншых месцах, напрыклад, удзялялася ўвага воінскім пахаванням на тэрыторыі раёна. Замацаваныя за імі прадпрыемствы і арганізацыі былі ля помнікаў як у дзень суботніка, так і напярэдадні. Работнікі сферы культуры разам з намеснікам старшыні райвыканкама Генадзем Ягоравым шчыравалі на знакавым для ўшачан месцы – мемарыяле “Прарыў”. На аб’екце-візітоўцы раёна парадак пануе пастаянна, але ў гэтыя дні трэба было ачысціць комплекс ад асенняй лістоты. Дарэчы, да навядзення парадку на “Прарыве” далучыліся ваеннаслужачыя вайсковай часці з Бароўкі.
Прыкметна пачысцела ў вёсках і гарпасёлку (на здымку). Працоўныя калектывы прыбралі як свае тэрыторыі, так і дапамаглі камунальнікам на грамадскіх.
Работнікі лясгаса падчас суботніка паспелі пашчыраваць не толькі на аб’ектах АПК, навесці парадак на ўласных тэрыторыях, а і пабывалі на лясных кварталах у рамках рэспубліканскай акцыі “Дай лесу новае жыццё!”. Маладымі насаджэннямі дапаўняліся масівы ў некалькіх лясніцтвах. Да гэтай справы ў суботні дзень далучыліся газавікі і прадстаўнікі Дэпартамента аховы.
Нагадаем, што 50% заробленых на суботніку грашовых сродкаў пойдуць на будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі. Яшчэ 50% застанецца ў распараджэнні аблвыканкама: вырашана, што сродкі накіруюцца на ўзвядзенне ў Оршы памятнага знака “Працоўнай славы”.
Вольга КАМАРКОВА


