Ушачская центральная районная больница и центр гигиены и эпидемиологии подвели итоги работы за 2025 год

Главное Здравоохранение

А.Качан, Н.Марковіч.

У цэнтральнай раённай бальніцы і цэнтры гігіены і эпідэміялогіі падвялі вынікі работы за 2025 год. У галоўным сходзе прынялі ўдзел члены Савета Рэспублікі і Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Наталля Мікалаеўна Марковіч і Аляксандр Мікалаевіч Стома.

Узнёсласці сходу надавалі горы кветак і стос грамат, якія чакалі моманту ўзнагароджання. А між тым афіцыйная частка прайшла вельмі канструктыўна – з грунтоўным аналізам гадавых лічбаў, якія агучыў галоўны ўрач бальніцы Юрый Валянцінавіч Пацёмкін. Абое сенатары былі ў курсе спраў аховы здароўя ў раёне, паколькі неаднойчы наведвалі ўстанову, а вынікі яе дзейнасці перыядычна разглядаюцца на сесіях раённага Савета дэпутатаў і адпаведнай камісіі пры ім. Да таго ж А.Стома і сам да абрання дэпутатам ніжняй палаты ўзначальваў калектыў Полацкай ЦГБ.

Праз асабісты кабінет пацыента

Пра ўсе станоўчыя змены ўстановы, якіх было нямала, а таксама навінкі абсталявання для лячэння і дыягностыкі мы падрабязна пісалі на працягу мінулага года, таму спынімся на іншых аспектах. У прыватнасці – аснашчанасці ЦРБ 45 новымі камп’ютарамі, стварэннем сеткі інтэрнэта на 88 кропак падключэння і сістэмы “Ушацкая ЦРБ”, якая пратэсціравана і хутка будзе далучана да цэнтралізаванай інфармацыйнай сістэмы аховы здароўя і праграмы “Мапсофт”. Каб кожны ФАП, бальніца, аптэка бесперабойна былі падключаны да яе, летась “Белтэлекам” завяршыў рэканструкцыю абароненых мясцовых ліній.

Пры нарматыве 1300 пацыентаў на аднаго ўрача пярвічнага звяна ва Ушацкай ЦРБ нагрузка складае 1150, а на ўрача агульнай практыкі – 1250.

І на сённяшні момант існуе лічбавая сувязь, напрыклад, паміж Ушацкай ЦРБ і Віцебскім дыягнастычным цэнтрам, ажыццяўляюцца кансультацыі, запіс, ну а ў 2026 годзе медыкі дзяржаўных устаноў аховы здароўя краіны пачнуць працаваць праз адзіную электронную сістэму. Праз асабісты кабінет пацыента можна будзе ўбачыць дыягназ, аналізы, назначэнні, лечачым урачам атрымаць парады вузкіх спецыялістаў, а таксама зменшыць папяровы дакументаабарот. Аднак, як адзначыў А.Стома, гэта значна павышае ўзровень адказнасці спецыялістаў на месцах, паколькі ўсе іх назначэнні стануць празрыстымі. Аляксандр Мікалаевіч таксама параіў прадумаць, хто будзе курыраваць работу маладых спецыялістаў, а летам чакаецца прыход хірурга, стаматолага-тэрапеўта, гінеколага, урача агульнай практыкі, парэкамендаваў пакінуць прыёмы вопытнымі дактарамі з іншых устаноў, каб ажыццяўлялася рэальнае настаўніцтва.

Галоўны санітарны ўрач раёна Яўген Віктаравіч Собаль уручыў заслужаныя ўзнагароды супрацоўнікам цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Ганаровую грамату галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама атрымала памочнік урача-гігіеніста Людміла Аляксандраўна Шэдзько.

Фэйкі аб здароўі

ствараюцца вельмі проста. “Раёнка” раскрыла страшную праўду. У бальніцы няма педыятраў”, – менавіта так інтэрпрэтавалі, вырваўшы выраз з кантэксту, дэструктыўныя каналы інфармацыю аб тым, што Ушацкай ЦРБ патрэбны спецыялісты. Сама па сабе фактура на сенсацыю не цягне. Ніхто ў раёне не замоўчвае, што патрэбны хірург, стаматолаг, педыятр… Толькі пададзена было так, быццам матулям няма да каго прывесці хворага малыша, што абсалютна не адпавядае рэчаіснасці. І ў паліклініцы штодня ажыццяўляецца прыём, і дзіцячае аддзяленне на 15 ложкаў працуе ў штатным рэжыме. А лечаць дзяцей урачы агульнай практыкі – спецыялісты, якія вывучалі педыятрыю і па родзе сваіх заняткаў мелі справу з самымі рознымі хваробамі, у тым ліку коклюшам ці вятранкай.
Што ў гэтым неадпаведнага? Літаральна нічога, нават калі разглядаць сітуацыю “пад лупай” медыцынскага пратаколу, які апошнім часам стаў намнога больш строгім. Напрыклад, раней роды прымаў адзін дзяжурны фельчар-акушэр, зараз – брыгада ўрачоў, таму і працуюць такія аддзяленні выключна ў вялікіх гарадах. Прыклады можна працягваць, аднак вернемся да педыятраў. Яны – таксама ўрачы агульнай практыкі – толькі справу маюць з абмежаванай па ўзросце катэгорыяй.
Сумяшчэнне абавязкаў – адна з мер запаўнення вакансій, распаўсюджаная не толькі ў нашай паліклініцы. Кадравы дэфіцыт у медыцыне назіраецца нават у сталіцы, праблема вядома і разглядаецца на ўзроўні Урада. І адна з мер, якая паспяхова рэалізуецца – прыём у раённых паліклініках вузкіх спецыялістаў з абласнога цэнтра, як і накіраванні на кансультацыі ў дыягнастычныя ўстановы. Ды і ў складанай сітуацыі хворага, а тым больш дзіця, абавязкова адразу накіруюць у профільныя цэнтры. Так, летась з Ушацкай ЦРБ у іншыя лячэбныя ўстановы пераведзена 129 пацыентаў, і гэта без уліку тых, каго “хуткая дапамога” адразу даставіла ў Полацкую ці Наваполацкую бальніцы.

В.Дварэцкая, Ю.Пацёмкін.

Менш хварэем, але старэем

А цяпер давайце глянем на лічбы, якія залежаць не столькі ад урачоў, колькі ад нашых з вамі адносін да свайго здароўя. Медыкі правялі аналіз захваральнасці: статыстыка мінулага года выявіла станоўчую тэндэнцыю – меншую колькасць выпадкаў часовай непрацаздольнасці. У структуры агульнай захваральнасці на першым месцы па-ранейшаму органы кровазвароту – 31,7 працэнта, дыхання – 20,9, эндакрыннай сістэмы – 13,2. Насцярожвае, што ад страўніка-кішачных хвароб не адстаюць траўмы 3,1 і 3 %. Звязаны з гэтай лічбай і вышэйшы за абласны паказчык пярвічнага выхаду на інваліднасць – летась групу ўпершыню атрымалі 32 чалавекі: анкапаталогіі – 10, органаў кровазвароту – 6, нервовыя і псіхічныя захворванні – па 3, іншыя – 10.

У 2025 годзе ў паліклініцы ўрачы прынялі 97288 пацыентаў, на доме – 9650, у тым ліку вузкія спецыялісты абследавалі 42417 чалавек.

Ні для каго не сакрэт, што любую хваробу можна кантраляваць, калі своечасова “ўбачыць” і прытрымлівацца парад урачоў. Вялікая роля ў гэтым належыць прафілактычным абследаванням, падчас якіх летась, напрыклад, выяўлена 40 працэнтаў анказахворванняў. Павялічылася і колькасць даследаванняў у кабінетах ультрагукавой і функцыянальнай дыягностыкі, у тым ліку і па выяўленні пухлін прамой кішкі, паколькі летась была адкрыта стаўка ўрача-эндаскапіста.
У раёне па-ранейшаму застаецца рэгрэсіўны дэмаграфічны паказчык, аднак на ўзроўні пяцігодкі смяротнасць не перавысіла ранейшыя лічбы – 18,4 на тысячу насельніцтва, як і ў 2023-м (18,6) і меней, чым у 2020 – 25,4. Большым становіцца разрыў паміж узроставымі групамі – асобы за 60 гадоў складаюць 36,5% ад усяго насельніцтва і 43,2 – ад дарослага.

* * *

Падводзячы вынікі работы Ушацкай ЦРБ, А.Стома адзначыў, што пазнаёміўся з установай толькі калі стаў дэпутатам і быў прыемна здзіўлены ўмовамі, якія тут створаны. Ён павіншаваў прысутных з Днём абаронцаў Айчыны, паколькі ўсе медыкі з’яўляюцца ваеннаабавязанымі. Падзякавала за работу супрацоўнікам і Наталля Мікалаеўна Марковіч, а таксама ўручыла ўзнагароды: Ганаровую грамату райсавета – Вікторыі Пятроўне Кальчэўскай і Падзяку – Алёне Віктараўне Цвяцінскай, Ганаровую грамату райвыканкама – Алене Міхайлаўне Качан і Падзяку – Анастасіі Віктараўне Лабёнак.

Сярод 21 звароту, што паступілі за мінулы год у ЦРБ з розных крыніц – 15 падзяк і ніводнай абгрунтаванай скаргі.

Галоўны ўрач ЦРБ Ю.Пацёмкін уручыў супрацоўнікам узнагароды Віцебскага абласнога ўпраўлення аховы здароўя: іх атрымалі ўрач Вольга Андрэеўна Дварэцкая, фельчар-лабарант Галіна Валер’еўна Глінская, медыцынскія сёстры Вера Васільеўна Башун, Таіса Сяргееўна Раманчук, Таццяна Васільеўна Лукашэвіч. Яшчэ шасцёра супрацоўнікаў установы атрымалі Граматы і Падзякі раённай бальніцы.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *