Многія вучні называюць фізкультуру сваім любімым прадметам. Калі ж урокі праходзяць не ў звыклай спартзале ці на школьным стадыёне, а ў басейне, – захапленню школьнікаў увогуле няма межаў! Упэўніліся ў гэтым, зазірнуўшы ў панядзелак на заняткі 5 “В” класа Ушацкай СШ.
Як правіла, дзеці радуюцца званку з урока, але толькі не ў гэты раз! Хоць і правялі яны ў вадзе каля гадзіны, пакідаць басейн не надта спяшаліся. “Плаваць мы ўжо ўмелі, а цяпер будзем рабіць гэта яшчэ лепш, бо нам паказваюць правільную тэхніку”, – падзяліліся з намі Аня Мазго і Даша Сініца. А вось некаторыя іх аднакласнікі за два ўрокі, што прайшлі ў басейне, навучыліся трымацца на вадзе і, канечне, вельмі гэтым задаволены. Так, навыкі ў вучняў розныя, таму перад настаўнікамі фізкультуры стаіць няпростая задача – зрабіць занятак карысным для кожнага. І, вядома ж, бяспечным: з гэтай мэтай на ўроку прысутнічаюць два педагогі: у дзень нашага візіту маладому спецыялісту Дар’і Падгол дапамагала вопытная Таццяна Шарына.
“У гэтай чвэрці, адпаведна праграме, усенавуч па плаванні праходзяць пяцікласнікі – на працягу тыдня ў басейне пабывае ўся паралель. Пры састаўленні раскладу для паходу на спарткомплекс вылучаюцца два апошнія ўрокі. У гэтым навучальным годзе заняткі на водных дарожках запланаваны таксама ў сямікласнікаў”, – патлумачыла нам намеснік дырэктара Ушацкай школы Галіна Уладзіміраўна Хоміч. А начальнік аддзела па адукацыі Людміла Васільеўна Давыдава зазначыла, што не застануцца без увагі і навучэнцы іншых школ раёна: іх будуць падвозіць на спарткомплекс адзін раз у месяц.
Наталля БАГДАНОВІЧ.