Легко ли работать на асфальтоукладчике? Узнали у передовика ДРСУ-105 Николая Ковшеля

Общество

У Мікалая Коўшаля – “чырвоны дыплом” механізатара. У савецкія часы пасведчанне малінавага колеру выдавалі тым, хто прайшоў ступені навучання і дасягнуў І класа. Пра катэгорыі ў такіх спецыялістаў можна было і не пытацца – літаральна ўсе як на гусенічныя, так і на колавыя трактары. А яшчэ і права кіравання дарожна-будаўнічай тэхнікай. Корачкі тыя Мікалай Уладзіміравіч даўно змяніў на правы сучаснага ўзору, а вось набытыя навыкі засталіся і спатрэбіліся, калі яго запрасілі ў ДРБУ-105 на асноўную ў арганізацыі машыну – асфальтаўкладчык.

Вучыўся тонкасцям справы Мікалай самым надзейным спосабам – практычным. Былы машыніст Сяргей Аўдошка паказаў, за што адказвае кожны тумблер, як раскрываць і закрываць бункер, ну а непасрэдна на аб’екце “не дакучаў”. За штурвалам на сваёй першай вуліцы Азёрнай у гарпасёлку М.Коўшаль быў адзін. Зусім невялікая, з паўкіламетра, а потым – Дуброўскага, трасы раёна, ну а за 13 год “наматаў” некалькі соцень. Выраз гэты ўжываецца звычайна ў дачыненні да вадзіцеляў, якія за дзень праходзяць столькі, колькі машыніст – за працоўную біяграфію. Вельмі марудна рухаецца гэтая вялізная машына, прадукцыйнайнасць якой за гадзіну работы вымяраецца не ў кіламетрах, а ў тонах і якая ніколі не бегае па палатне, якое стварае.

“Калі нервы нетрывалыя, лепш не глядзець”, – пажартаваў Мікалай Уладзіміравіч, калі за ўкладчыкам прыехаў трал. Але з дарогі назіраць, як гігант запаўзаў на платформу, не страшна. Іншая справа, калі ты на вышыні, а нявывераныя сантыметры могуць абярнуцца крэнам. Таму і “звісае” машыніст з кабіны, каб бачыць дарогу. Дарэчы, гэта звычайнае палажэнне і пры ўкладцы асфальту. Дысплеяў, як у сучасных трактарах, у дваццацігадовага “Арсенала” няма, як і кандыцыянераў. Толькі руль і каля трыццаці тумблераў. Прадуваецца ўсімі вятрамі, таму восенню халодна, а летам вельмі горача – да 160 градусаў асфальту далучаецца сонечная спякота. Металічныя поручні награваюцца так, што не дакрануцца. Ну а яшчэ і пастаянная вібрацыя пры ўкладцы.

У абавязкі машыніста акрамя непасрэдна абслугоўвання і кіравання “Арсеналам” уваходзіць захаванне патрэбнай таўшчыні і шырыні слою, шчыльнасці палатна – па сутнасці якасць дарогі. Ці не надта вялікі цяжар адказнасці? “Наша работа – на вачах ва ўсіх, любыя хібы бачны, таму кожны новы аб’ект – новы іспыт, – адказвае Мікалай Уладзіміравіч. – І гэта калектыўная дзейнасць: якасць палатна залежыць ад сумесі, утрамбоўкі, а мяне страхуюць майстар і дарожныя рабочыя. Ім знізу лепш бачна, як кладзецца асфальт. Майстэрства ў спецыялістаў нашай арганізацыі хапае, а вось працаваць складаней, чым на ўкладчыках новага ўзору. Мне даводзілася і за штурвалам “Вольва” пабываць, ёсць з чым параўнаць”.
Аднак не крутыя ўшацкія ўзгоркі, не наваполацкія дворыкі, на якіх даводзіцца круціцца, машыніст называе самым складаным у рабоце, а рамонты. Укладчык любіць падкінуць “сюрпрызы”, а нават самая нязначная паломка абарочвацца працаёмкім складаным працэсам – да механізмаў машыны вельмі складана дабрацца. Ну і сапраўдны аўрал, калі на запоўненай асфальтам машыне ірвецца транспарцёр. Прамаруджванне можа абярнуцца катастрофай: калі сумесь застыне – маналіт ужо не зрушыш, таму на дапамогу прыходзяць літаральна ўсе. Выклікаецца пагрузчык, уручную выгружаецца гарачы асфальт. І хоць здаралася такое неаднойчы, паломку ліквідоўвалі аператыўна. Ну а зімой, калі “Арсенал” адпачывае, М.Коўшаль садзіцца за штурвал другой сваёй машыны і грэйдзіруе гравійкі.

Сын механіка, ён цікавіўся тэхнікай з маленства. Па заканчэнні Гарбаціцкай дзесяцігодкі ўжо меў “корачкі” электрыка і пайшоў працаваць на свінакомплекс саўгаса-камбіната “Арэхаўна”. У сельгасарганізацыях віталася вучоба, накіроўвалі ў філіял Ветрынскага вучылішча, які існаваў у райцэнтры, там Мікалай атрымаў першыя правы – вадзіцеля. А потым – механізатара, паступова павышаючы класнасць. Асфальтаўкладчык з яго першым гусенічным Т-74 з агульнага мае хіба што трываласць. Гэтая ж рыса характэрна для самога Мікалая Уладзіміравіча. Ён моцна стаіць на зямлі, якую вельмі любіць. Кажа, што як і кожны аграрый з цікавасцю назірае за выспяваннем коласа. А лепшым адпачынкам лічыць работу на дачы, дзе разрастаюцца дрэвы і кусты, дзе ў вялізнай сажалцы плёскаюцца карпы.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *