Выездной приём в Матырино

Общество

Не першы раз праводзіць прыём грамадзян па асабістых пытаннях у Матырыне старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак. Таму добра ведае, якія пытанні ўздымаліся там раней. І няма нічога дзіўнага, што ён сам, успомніўшы, колькі эмоцый было падчас мінулага прыёму, скарг на тое, што закрылі ў вёсцы паштовае аддзяленне, колькі пераканаўчых лічбаў і фактаў даводзілася прыводзіць у падтрымку мэтазгоднасці такога рашэння, спытаў: “Пра пошту пытанні будуць?” У адказ толькі дружна рассмяяліся.

Выпраўлена многае з таго, на што скардзіліся летась. Аднак, па-ранейшаму засталася праблема пітной вады. Сістэма водазабеспячэння ў вёсцы ажно з 1975 года, таму пастаянна то там, то ў іншым месцы выходзіць са строю. На будучы год запланаваны ўвод новай свідравіны, аднак застаюцца сумненні наконт самой трасы, водаразборных калонак. Таму і звярнуліся жыхары вуліцы Пасялковай, на ёй 18 дамоў, а жыве ў іх 40 чалавек, каб дапамаглі з фінансаваннем будаўніцтва калодзежа. Яны папярэдне самі знайшлі людзей, якія займаюцца гэтым, дамовіліся. Грошы патрэбны невялікія, таму старшыня Ушацкага сельскага Савета дэпутатаў В.І.Шнітко атрымаў заданне дапамагчы людзям.На мінулым прыёме гаварылі аб праблеме з саманарыхтоўкай дроў, цяпер гэтае пытанне не паўставала, бо ўчасткі выдзелены. Паскардзіліся, што марудна абслугоўвае райпаліўзбыт, напрыклад, жыхарка вёскі С.А.Шалак заказала дровы яшчэ ў жніўні, а да гэтага часу іх не прывезлі. Алег Анатольевіч растлумачыў сітуацыю. Так, цяпер на чарзе ў арганізацыі 35 чалавек, справа ўскладняецца тым, што два лясніцтвы знаходзяцца на ліквідацыі буралому ў Беразіно, многа драўніны ідзе на шчапу для цэнтральнай кацельні. Аднак паабяцаў, што ў лістападзе праблемы не будзе – дровы паступяць усім.

Дапаможа старшыня сельсавета і М.І.Холаду, былому працаўніку мясцовага калгаса, які таксама звяртаўся па дапамогу ў набыцці дроў і ўгнаення для агарода. Хоць яму ўжо за 80 гадоў, аднак ні ў горад да дзяцей, ні сядзець, склаўшы рукі, не жадае, прывык да працы. На такіх зямля трымаецца, і, безумоўна, ім трэба дапамагаць, зазначылі на прыёме.

Былы дырэктар Матырынскай школы В.В.Васілеўская падзякавала старшыню райвыканкама за аператыўнасць у аказанні дапамогі вяскоўцам, за тое, што не дае ён пустых абяцанняў – абавязкова слова стрымае, і ў той жа час папрасіла, каб зрабілі хоць невялікі павільён на прыпынку аўтобусаў. Шкада і дзяцей, якія чакаюць пад адкрытым небам школьны аўтобус, ды і ўсім нязручна ў чаканні маршрутнага, а ездзіць у райцэнтр многа людзей.

А.А.Кавалёнак патлумачыў, што ўсё магчымае будзе рабіцца аператыўна. А наогул, праграма развіцця сяла пашыраецца і Матырына на будучую пяцігодку ўключана ў спіс населеных пунктаў, якія будуць пераўтвораны ў аграгарадкі.

Р.КАРПАЎ.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *