Пра тое, што саджанцы хвойнікаў вырошчваюць у гадавальніку лясгаса, ведаюць, напэўна, усе. Але маецца непадалёк і яшчэ адно месца, дзе з’яўляюцца на свет маладзенькія пабегі іглічных раслін. Пра яго распавёў нам старшыня Вялікадолецкага сельвыканкама Алег Сыс, калі мы запыталіся, што цікавага ёсць у наваколлі. “Завітайце ў Царкавішча да Аляксандра Букі. Ведаю, што калісьці вы ўжо пра яго пісалі, расказвалі, як адказна ён выконвае абавязкі старэйшыны… Аднак гэты шчыры руплівец і аматар прыроды пастаянна дае новую нагоду для ўвагі”, – зазначыў Алег Леанідавіч.
І сапраўды, калі лічыць святым мужчынскім абавязкам адно пасаджанае дрэва, дык заданне вясковец перавыканаў у сотні, а то і тысячы разоў. Распачала гэту “жыццёвую алею” ялінка, што з’явілася ля бацькоўскай хаты, калі Саша прыйшоў з арміі. Потым быў перыяд гарадскога жыцця, які скончыўся 20 год таму вяртаннем у вёску: зразумеў, што шчаслівым можа быць толькі тут. Пабудаваў уласную хату і пачаў добраўпарадкоўваць, азеляняць не толькі свой падворак, а і наваколле. Хвоі, што растуць на ўездзе ў Царкавішча, каля вясковага прыпынку і нават у аграгарадку ля сельсавета – яго рук справа, высокія ядлоўцы ля хаты, якія лёгка прыняць за туі, бярозавы гай на месцы былой пустэчы…
А некалькі год таму яго захапленне раслінамі вылілася ў цікавы эксперымент. “Трапіўся мне ў інтэрнэце ролік пра так званыя ведзьміны мётлы. Гэта такія пабегі, якія растуць з адной кропкі на дрэве і нагадваюць венік, што тарчыць з кроны. На яблынях ды вішнях – гэта прыкмета хваробы, а вось на хвойніках – у шэрагу выпадкаў вынік мутацыі і вялікая спакуса для селекцыянераў. Справа ў тым, што калі зрэзаць ведзьміну мятлу і прывіць на іншае дрэва (напрыклад, на звычайную елку), можна атрымаць новы ўласны сорт – карлікавую, шарападобную дэкаратыўную расліну. Гэтым я зараз і займаюся. Адна з прывітых мётлаў дала насенне – яно і стала матэрыялам для пітомніка. Пакуль невядома, якія з гэтых сеянцаў унаследуюць мутацыйныя прыкметы. Восенню правяду селекцыю: звычайныя вярну ў лес, а асаблівыя буду гадаваць далей і пагляджу, што атрымаецца”, – распавядае пра сваё захапленне Аляксандр Аляксандравіч.
На яго падворку шмат раслінных дзівосаў. Гаспадар паказаў нам нідзіформіс і блакітную елку, якія ён прывіў на звычайныя яліны. Расказаў пра кіпарысавік “Булівард” – у свой час селекцыянеры атрымалі гэты сорт шляхам мутацыі, а зараз на кусціку ў яго садзе з’явіліся галінкі, што адрозніваюцца па колеры – верагодна, праявілася прыкмета першапачатковага віду. А чаго варты яго эксперымент з кавуном, прывітым на “шалёны агурок”: гэтае спалучэнне дапамагае цеплалюбівай расліне стойка пераносіць нашы невысокія тэмпературы і даваць добрыя плады.
“Вы нават не ўяўляеце, якая гэта асалода: прачнуцца раніцай і выйсці на агляд сваіх зялёных уладанняў: свет раслін вельмі цікавы, ён пастаянна мяняецца!” – дзеліцца шчырымі эмоцыямі наш суразмоўца.
А яшчэ прызнаецца, што ніколі не ставіць сабе абавязковых задач на дзень: праца на ўчастку павінна быць у радасць, і калі сёння не хочацца палоць градку, не варта сябе прымушаць – можна зрабіць гэта ў іншы дзень, калі будзе адпаведны настрой. “А што тут у Вас за рамонкавы аазіс?”, – пытаемся ў гаспадара, убачыўшы няскошаны “астравок” палявой квецені на акуратным газоне. – Чакаеце, калі з’явіцца настрой узяцца за касу?” “Не, я яго наўмысна пакінуў! – усміхаецца Аляксандр Аляксандравіч. – Шкада было кветкі знішчаць. Яны мне дзяцінства нагадваюць! У тым баку за аколіцай было прыгожае рамонкавае поле – казалі, што даўней там пан валоў гадаваў, ну а мы на яго гуляць хадзілі… Няма прыгажэй вёскі, чым наша старажытнае Царкавішча!”
Наталля БАГДАНОВІЧ.



