Механизаторы «Маяка-Ушачского» не перестают занимать лидерские позиции посевной кампании

Сельское хозяйство

Калі на мінулым тыдні адпраўлялася на палеткі “Маяка-Ушацкага”, разумела, што падарожжа кароткім не будзе. У гаспадарцы самыя вялікія пасяўныя плошчы, раскіданыя па розных частках раёна, а мясцовыя механізатары “акупіравалі” палову газетнай Дошкі гонару – вядома ж, удзяліць увагу хацелася ўсім перадавікам сяўбы.

У.Вашчанка, А.Гусёнак.

Годны спосаб “курсіраваць” па палетках на транспарце, што дастаўляе аграрыям абеды, зноў не падвёў – тым больш што рабіла я гэта ў кампаніі самага дасведчанага “гіда”: галоўнага агранома гаспадаркі А.Ю.Анецькі. Маршрут жа наш пралягаў па Мосаршчыне і былых арэхаўскіх землях, якія маякоўцы апрацоўваюць з нядаўняга часу, а таму Антон Юльянавіч паралельна распавядаў пра ўчасткі, вернутыя ў севазварот, і дзяліўся далейшымі агранамічнымі планамі.

Прозвішчаў хлопцаў, якія першымі трапіліся нам на маршруце непадалёк ад Пятніц, на Дошцы гонару няма: звяно ў складзе трактарыстаў Фёдара Рудзёнка, Міхаіла Цыбульскага і вадзіцеля Амкадора Дзмітрыя Дзегцярова занята на працэсе, які лічыцца дапаможным, аднак без арганікі, якую яны ўносяць у глебу, на добры ўраджай запланаваных тут пшаніцы і кукурузы разлічваць не давядзецца. Хлебны злак будзе каласіцца і на ўчастках ля Лабанёў, якія культываваў “мнагастаночнік” Міхаіл Ражноўскі – яго МТЗ-1221 выходзіць у поле папераменна аж з чатырма прычапнымі агрэгатамі, тым не менш працавіты механізатар знаходзіцца сярод лідараў раёна на сяўбе – на ўчарашні дзень на рахунку перадавіка было 225 засеяных гектараў. На мінулым жа тыдні на першае месца сярод сейбітаў уздымаўся яго калега Аляксандр Катлёнак, які таксама выконвае розныя віды работ: у дзень паездкі, напрыклад, давялося ўбачыць яго за ўнясеннем мінеральных угнаенняў.

А.Яфрэмаў, І.Шалонька.

Пакуль перабіраемся на мосарскія палеткі, галоўны аграном дзеліцца радасцю: пасля доўгіх пошукаў удалося здабыць насенне травасумесі, якой планаваў перазалужыць урбаноўскія нізіны – у яе аснове канарэечнік трыснёгападобны – злак з моцным карнявішчам, што аптымальна падыходзіць для вільготнай глебы і пры гэтым мае добрыя пажыўныя якасці. З задавальненнем расказвае і пра тое, што ўжо пасеялі 200 тон насення вікі – аднагадовай бабовай культуры, наколькі каштоўнай, настолькі і капрызнай у вырошчванні. А на ўзгорыстых палях ля Кісялёва проста нельга было не спыніцца і не зрабіць некалькі фотакадраў. Гэтыя 150 гектараў маякоўцы асвойваюць толькі з мінулага года: летась тут раслі зернебабовыя, сёлета ж радуе вока маладой зелянінай азімая пшаніца – культуру падкармілі і хутка прыступяць да хімпраполкі. Уздоўж дарогі на Белае яшчэ 100 акультураных гектараў: канюшына, што сёлета ўжо пойдзе на кармы, і пшаніца, якую нядаўна падсеялі травамі.

У “Маяку-Ушацкім” запланаваны самы вялікі аб’ём яравой сяўбы – 2331 гектар. На ўчарашні дзень у гаспадарцы было ўзарана 49,3 працэнта плошчаў, падрыхтавана да сяўбы 24 працэнта, зерневыя і зернебабовыя, пад якія сёлета адведзена 711 гектараў, пасеяны на 78,8 працэнта, што крыху вышэй за агульнараённы паказчык.

А непадалёк палеткі, на якіх закалосіцца ячмень. Сінхронна заглушыўшы рухавікі, выскачылі з кабін аднолькавых “Кіраўцаў” Уладзімір Вашчанка і Аляксандр Гусёнак: гэты нядаўна сфарміраваны дуэт неаднойчы паяўляўся ў лідарскай тройцы механізатараў раёна, занятых на падрыхтоўцы глебы. Узначальвае ж яе Андрэй Яфрэмаў – аднак узгадаць яго прозвішча па ранейшых публікацыях не спрабуйце: ён навічок не толькі ў “Маяку-Ушацкім”, а і ў нашых мясцінах. Працавіты хлопец прыехаў з Глыбоччыны, а раённае кіраўніцтва паспрыяла выдзяленню для яго месца ў інтэрнаце.

А.Анецька, С.Аўдошка, А.Коўшаль, Р.Ладзік, А.Лапо.

У добрым настроі разбірала кантэйнеры з абедам і дружнае звяно ў складзе Сяргея Аўдошкі, Антона Коўшаля, Рамана Ладзіка і Андрэя Лапо, занятае на ўзворванні глебы. Заўважыла, што апошняга калегі між сабой называлі Князем, і пацікавілася ў Антона Юльянавіча паходжаннем “тытула”. “Ведаеце, усе гэтыя хлопцы вельмі старанныя і ўмелыя, але Андрэй за надзвычаўную добрасумленнасць, шчырасць лічыцца нефармальным лідарам і валодае асаблівым аўтарытэтам!” – патлумачыў галоўны аграном. А яшчэ расказаў, што пасля змены ў іх на базе збіраецца “рада” – кіраўніцтва і механізатары разам абмяркоўваюць вытворчыя планы на наступны дзень. Пры гэтым і вопытны аграном, і малады Дзмітрый Сяргеевіч Ладзік, які з нядаўняга часу выконвае абавязкі дырэктара “Маяка-Ушацкага”, прыслухоўваюцца да меркаванняў сваіх падначаленых, якія на практыцы ведаюць нюансы хлебаробскай справы.

…На зваротным шляху праязджаем перакрыжаванне з полацкай трасай, вакол якога таксама зелянеюць палеткі – у 2019-м тут засеялі 500 гектараў пашавай сумесі і канюшыны з цімафееўкай – ужо сёлета травы апрабуе жывёла з завячэльскага комплексу. Дарэчы, ёсць зрухі і ў развіцці жывёлагадоўчых аб’ектаў гаспадаркі: па рашэнні генеральнага дырэктара Полацкай інтэграцыйнай структуры У.Л.Сафронава, на комплексе “Маяк” пачалася рэканструкцыя яшчэ аднаго вытворчага памяшкання, дзе размесцяцца цялушкі. Кіраўніцтва холдынга ацэньвае эфектыўнасць работы і перспектывы ўшацкага прадпрыемства, якое ўтрымлівае высокія пазіцыі не толькі ў раёне, а і сярод гаспадарак структуры.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *